Не чакаючы адказу, князь звесіўся з сядла, набраў жменю снегу і, саскочыўшы з каня проста ў сані да сястры, напалохаў пані Марыяну і дзяўчат, якія сустрэлі гэтае ўварванне вясёлым віскатам. Катарына ўзняла крык, адбіваючыся ад кузэна, які спрабаваў нацерці ёй твар снегам. Услед за князем у сані заскочыў і Саковіч — і пачаў запіхваць у пазухі дамам і жонцы ледзяныя падарункі. Віск жанчын і рогат кавалераў, якія весела назіралі за спектаклем, хутка перарос у снежную бітву. Нават Януш, які з усіх сіл спрабаваў захаваць сур’ёзнасць, не вытрымаў і, зляпіўшы сняжок, запусціў яго проста ў кузэна, чым наклікаў новую снежную лавіну. Убачыўшы забавы паноў, слугі, якія таксама моцна занудзіліся доўгай дарогай, падхапілі гульню. Снежны поезд з віскам і смехам паімчаўся насустрач новым вясёлым развагам…
За дзесяць міль да Ясаў у суправаджэнні некалькіх сотняў узброеных пікамі і крывымі турэцкімі шаблямі гайдукоў, а таксама цыганскіх музыкаў, гасцей сустракаў сам малдаўскі гаспадар Васіле Лупу — магутны мужчына з густой чорнай барадой, крывым каршуновым носам і вострым позіркам лупатых чорных вачэй. Яго святочны ўбор з падбітай собалямі чырвонай з золатам парчы, багата расшыты камянямі, зіхацеў на халодным зімовым сонцы ўсімі колерамі вясёлкі. Але яшчэ больш асляпляльна ззяла ўсмешка на яго брыдкім твары.
— Ззяе, як скарбніца султана, — адзначыў Саковіч, намякаючы на гэтую паказную раскошу, дзе не было і следу добрага густу. — Нават вочы выядае.
— Яшчэ б — радніцца з Радзівіламі, — азваўся Багуслаў, думаючы пра сваё.
Нягледзячы на нязграбную знешнасць, Лупу падаваўся цалкам свецкім чалавекам. Але за яго лісінай хітрасцю і ўсходняй ліслівасцю хавалася звярыная жорсткасць. Меў досыць сілы і розуму, каб больш за дзесяць гадоў уседзець на малдаўскім троне, задавальняючы апетыты Асманскай Порты і шляхетных малдаўскіх баяраў ды жорстка душачы выступы незадаволеных. Стаміўшыся ад бясконцай змены ўладароў, малдаўскія баяры прабачалі валадару яго нястрымную прагу ўлады і самаўзбагачэнне. Заплюшчвалі на яе вочы і ў турэцкім дыване — вядома, за звон гаспадарскага золата і шчодрыя падарункі. У рэшце рэшт, паверыўшы ва ўласную фартуну, Лупу пачаў выяўляць незалежніцкія амбіцыі. Ён імкнуўся скінуць зневажальнае ярмо турэцкага васала, і нават марыў аб далучэнні да сваіх уладанняў Бесарабіі і Валахіі. Шлюб дачкі з літоўскім князем, які ён зладзіў насуперак волі султана, даваў магчымасць усталяваць сяброўскія адносіны з Польшчай, у якіх быў зацікаўлены і польскі кароль. Той выношваў амбітныя планы пераможнай вайны з Турцыяй і таму з усіх сіл спрыяў шлюбным планам князя Януша.
Цесць і зяць спадабаліся адзін аднаму з першых слоў, якімі абмяняліся, — чаго нельга было сказаць пра Багуслава. Занадта чужымі для яго еўрапейскага вока былі і малдаўскі гаспадар, і яго асяроддзе, ва ўсходняй пышнасці якога князь бачыў толькі беспрасветнае дзікунства. У часе падарожжа па краіне, спустошанай не вайной, а хцівасцю правіцеля, пабачыўшы сялянскія хаціны, каля якіх абадраныя дзеці сустракалі багаты поезд, выпрошваючы міласціну, князь успамінаў ахайную Галандыю і нават Літву, дзе просты люд жыў значна багацей, — і не мог не абурацца.
— Тварам уладара павінен служыць дабрабыт яго падданых, а не колькасць і кошт цацак, якія ён на сябе начапіў, — пазней казаў ён Янушу, калі той захацеў пацікавіцца ўражаннем кузэна ад новых сваякоў.
Пасля доўгіх вітанняў рушылі далей. Багуславава моладзь, якая суправаджала князя ў падарожжы, пашыхтавалася парадным строем. Месца нябожчыка Стаброўскага заняў малады шляхціц Янкоўскі, які нядаўна скончыў Кёнігсбергскі ўніверсітэт. Ён добра ведаў нямецкую і трохі французскую, насіў нямецкую вопратку і зрэдку забаўляўся складаннем вершаў. Гэтыя добрыя якасці зусім не апраўдвалі яго нясцерпнай пыхі. Князь ужо паспеў пашкадаваць аб сваім выбары, юнак паводзіў сябе так, быццам гэта не Радзівіл зрабіў яму паслугу, узяўшы да сябе на службу, а ён робіць гонар Радзівілу тым, што служыць яму. Цяпер ён заняў ганаровае першае месца, якое на час адсутнасці Невяроўскага належала Ферху, і пакінуў яго толькі тады, калі сам князь, каб згасіць сварку, загадаў шляхціцу ехаць самым апошнім.
— Кепская авечка ўвесь статак сапсуе, — злосна буркнуў пан Пуцята, які таксама марна спрабаваў уціхамірыць юнага славалюбца. — Як вернемся дадому, трэба будзе прагнаць гэтага нахабніка са службы прэч…
Трохі раздражнёны недарэчным выпадкам, Багуслаў вярнуўся да Януша і Лупу. У думках ён дзякаваў цыганскім музыкам, якія так гучна білі ў бубен, што заглушылі спрэчку. Але ў таварыстве кузэна было не надта весела. Пан Мяржынскі абмяркоўваў з гаспадаром пасаг яго дачкі, Катарына, у якой музыка выклікала мігрэнь, маўчала і хмурылася, а пані Марыяна адчытвала мужа за хлапчукоўскую выхадку. Так даехалі да Ясаў.