Выбрать главу

Вітаючы гасцей, грымнулі гарматы на сценах горада, але салют абярнуўся трагедыяй — адна з гармат разарвалася, забраўшы жыцці некалькіх слуг. Бяда сапсавала настрой Багуслава, а ў забабонных людзей выклікала асцярогі, што гэты выпадак сведчыць пра будучыя няшчасці маладой пары.

Януш таксама нахмурыўся, але, каб не псаваць урачыстасцей, зрабіў выгляд, што нічога не адбылося. Поезд рушыў далей, яго суправаджалі захопленыя воклічы натоўпу і звон царкоўных званоў…

У драўляным палацы гаспадара, які стаяў у цэнтры горада недалёка ад бурлівага ўсходняга базару і ўзведзенай Лупу праваслаўнай царквы, Януш нарэшце пазнаёміўся з нявестай. Марыя была зграбнай дзяўчынай, мела смуглявы прадаўгаваты твар з высокім чыстым ілбом, глыбока пасаджаныя вялікія чорныя вочы, тонкі просты нос, не сапсаваныя ўсходнімі прысмакамі здаровыя белыя зубы і танкаватыя вусны са звыклым для ўсходніх жанчын лёгкім цёмным пушком над верхняй губой. Яе густыя чорныя валасы былі заплеценыя ў перавітыя жамчужнымі ніткамі косы, выкладзеныя вакол галавы, каб прыхаваць занадта высокі лоб. На валасах ляжала тонкае празрыстае пакрывала — сярпанак, а паверх яго яшчэ і вышываная жэмчугам і золатам турэцкая шапка з паўлінавым пяром. Аблямаваная собалямі сукенка маладой таксама была ўсходняга крою, а шыю абвівалі цэлыя пяць нітак жамчужных караляў і доўгі залаты ланцуг з абсыпаным каштоўнымі камянямі кулонам-паўмесяцам. Пераканаўшыся, што нічога ў абліччы будучай жонкі яго не адштурхоўвае, узрадаваны Януш пацалаваў ёй руку, сказаўшы некалькі галантных слоў, на якія дзяўчына смела адказала на прыстойнай польскай мове.

Княгіні Катарыне нявестка не спадабалася, і яна прывітала яе старанна падабранымі пышнымі словамі, прыправіўшы іх халоднай усмешкай, якая трохі збіла пыху з самаўпэўненай валашкі. Януш за гэту ўсмешку пакрыўдзіўся на сястру. А вочы астатніх яснавяльможных паноў былі прыкаваныя не столькі да будучай княгіні Радзівіл, як да яе сястры — юнай прыгажуні Разанды, што сустракала гасцей разам з жонкай гаспадара домнай Кацярынай і трохгадовым братам Штэфаніцам. Дзяўчына ўражвала хараством і здавалася прынаднай здабычай для вяльможных паноў, якія суправаджалі Радзівіла ў гэтай паездцы. А Багуслаў не зводзіў вачэй з жонкі гаспадара, з якой той ажаніўся толькі гадоў пяць таму, — амаль равесніцы яго старэйшай дачкі. Паводле чутак, жонка Лупу была палоннай чаркешанкай, якую Васіле купіў для любоўных уцех, а затым, закахаўшыся, ажаніўся.

— Такая кветка, і такому мядзведзю дасталася, — прашаптаў князь на вуха Саковічу.

— Здаецца, галаву гэтага мядзведзя хутка ўпрыгожаць выдатныя рогі, — сказаў Адам і хітра падміргнуў князю.

— Я пра гэта і не думаю, — абурыўся Багуслаў.

— Дык падумай, — прапанаваў Саковіч. — Я ўжо разглядзеў тутэйшых жанчын — чорныя як жытнія сухары, кастлявыя і бязгрудыя… цьху! Здаецца, я правільна зрабіў, узяўшы з сабой жонку.

— А мне здаецца, што не, — Радзівіл красамоўна паглядзеў на пані Марыяну, якую ўжо атачылі салодкагалосыя малдаўскія баяры, адкрыта захапляючыся яе прыгажосцю.

Адам скрыгатнуў зубамі і, праверыўшы, ці добра ходзіць у похвах шабля, адправіўся туды. Князь ціха засмяяўся і падышоў да домны Кацярыны, якая таксама час ад часу кідала на яго хуткія погляды.

— Як вашай міласці спадабалася наша краіна? — спытала яна, каб завязаць размову.

— Зусім не спадабалася, — шчыра прызнаўся Багуслаў і, схіліўшыся да яе рукі, дадаў так ціха, што гэтыя словы магла пачуць толькі яна. — Пакуль я не ўбачыў вас.

Домна Кацярына пачырванела і схавала твар за тонкім празрыстым пакрывалам, якое ўпрыгожвала яе чарнявую галоўку паверх каштоўнага ўбору. Але ў глыбіні яе аксамітных вачэй мільганула тайнае захапленне прыгажосцю госця. Беспамылковым чуццём дасведчанага палюбоўніка князь тут жа гэта адчуў і вытлумачыў на сваю карысць. Каб не спудзіць гэтае зыбкае пачуццё, ён перавёў размову на вяселле падчаркі, перасыпаючы яе тонкімі жартамі і кампліментамі.

Калі падалі абедаць, Радзівіл сеў справа ад гаспадыні дома і працягваў радаваць яе сваёй увагай, зрэшты, не пераходзячы межаў прыстойнасці. Затым усе віталі кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілу, які павінен быў абвянчаць маладых, і святочная вячэра ў гонар прыезду высокіх гасцей зацягнулася да позняй ночы…

На другі дзень прыбылі паслы ад гаспадара Валахіі Мацея Басараба і князя Сямігорада Ракочы — абодва з вясельнымі падарункамі і пышнымі прамовамі. Але іх ужо не сустракалі так урачыста — то былі звыклыя ў гэтых краях госці. Паколькі ні хмяльныя пачастункі, ні салодкая пара жаніхоўства не адвярнулі князя Януша ад асноўнай мэты, пасля чарговага піру ўзяліся вырашаць важныя пытанні, у якіх не было месца сантыментам. Найважнейшым быў пасаг, пра які дамовіліся загадзя. Малдаўскі гаспадар пасля доўгіх ваганняў і маўклівых падлікаў усё ж пацвердзіў свой памер — шэсцьсот тысяч злотых, якія ён павінен выплаціць часткова грашыма, часткова каштоўнасцямі ды залатым і срэбным посудам. Але Васіле дамагаўся шматгадовай адтэрміноўкі, якую Януш не жадаў прыняць. Пасля доўгіх перамоваў сышліся на тым, што посуд і каштоўнасці малдаўскі гаспадар аддасць адразу, а грошы выплаціць цягам года.