Выбрать главу

І вось нарэшце свята пачалося! З гаспадарскага палаца, грукаючы ў барабаны, выйшла святочна ўбраная радзівілаўская пяхота, якая несла штандар князя Януша і яркія харугвы з гербамі. За ёй крочылі трубачы, а далей ехалі святочна ўпрыгожаныя сані маладога, якія суправаджалі драгуны. Поезд быў нешматлюдны (бо царква стаяла непадалёк ад палаца) і, на думку гараджан, якія прагна назіралі за відовішчам, пышны; але не надта вясёлы. Затое выезд гаспадароўны іх парадаваў — сані нявесты, у якіх яна сядзела разам з бацькам, суправаджаў натоўп цыганскіх музыкаў. Тыя не шкадавалі горлаў і інструментаў, каб паказаць гасцям і гледачам, што такое сапраўднае малдаўскае вяселле.

Марыя была ўбраная ў вышываную золатам белую сукенку з шырокімі рукавамі, а напаўпразрысты ружовы вэлюм-серпанак, які закрываў яе з галавы да ног, мацаваўся да валасоў дзвюма залатымі шпількамі. Паверх вэлюму была ўскладзена аздобленая жэмчугам і каштоўнымі камянямі турэцкая шапка, якая зноў выклікала кпіны ў літоўскіх гасцей. Шыю абвівалі аж восем доўгіх нітак жамчужных караляў, якія каштавалі цэлы маёнтак, а ў вушах блішчалі вялікія залатыя завушніцы. Гледзячы на гэтую раскошу, паморшчыўся не толькі Багуслаў, але і Януш, які таксама меў добры густ.

— Спадзяюся, яна навучыцца насіць польскія сукенкі, — уздыхнуў ён. — Інакш у Варшаве прыйдзецца вочы хаваць.

У царкве было поўна народу, але ўсіх ахвотных яна ўсё роўна не магла змясціць, і многія госці падпіралі дзверы, чакаючы выхаду маладых. Пеўчыя зацягнулі малітву. Слухаючы працяглы рэчытатыў, Багуслаў прыціснуў да носа папырсканую французскімі духамі хустачку, каб перабіць пах ладану, і нахіліўся да Ферха, які трымаў напагатове двух белых галубоў. Маладыя пасля выхаду з царквы павінны былі выпусціць іх у неба.

— Калі князь, даючы шлюбны зарок, дойдзе да святых, «выпадкова» выпусціш птушак, — загадаў ён. — Ды глядзі, не прапусці патрэбнае месца.

Рыхард, які паўночы вучыў словы, каб не прапусціць адказны момант, кіўнуў у знак згоды. Але да прысягі яшчэ было далёка. Кіеўскі мітрапаліт рады быў паказаць сябе і не захацеў скараціць цырымонію. Толькі калі ад недахопу паветра пачалі гаснуць свечкі, а нейкая шаноўная дама страціла прытомнасць, Януш, атрымаўшы знак ад мітрапаліта, пачаў чытаць прысягу. Ферх не падвёў — выпусціў галубоў, якія спалохана пырхнулі ўверх, нарабілі шуму і адцягнулі ўвагу прысутных ад прысягі, якую князь сказаў, прапусціўшы нязручнае месца. Шлюб адбыўся!

У палац вярталіся весела, у суправаджэнні музыкаў, са спевамі, царкоўным перазвонам і бойкамі — народ люта адваёўваў грошы, якія радзівілаўскія і гаспадарскія слугі шчодра кідалі ў натоўп. Вясельны баль таксама быў урачыстым — з пышнымі прамовамі, вершамі, панегірыкамі для высокіх гасцей, якія потым надрукавалі, а таксама з тэатральнымі спектаклямі і феерверкамі. Елі ад пуза, пілі дап’яна і танцавалі, пакуль трымаліся на нагах.

Багуслаў весяліўся з усімі, але амаль не піў, сочачы за домнай Кацярынай, якая сядзела побач з захмялелым мужам і, перахапіўшы князеў позірк, чырванела, як дзяўчына. Вобраз самаўпэўненага прыгажуна ўразіў яе слабае сэрца значна глыбей, чым яна хацела. Радзівіл быў занадта дасведчаным палюбоўнікам, каб не заўважыць, ці, хутчэй, не адчуць гэтае душэўнае трапятанне. І хоць некаторы час змагаўся з сабой, каб не пераступаць законаў гасціннасці, у рэшце рэшт вырашыў не пераймацца згрызотамі сумлення. Зрабілі сваю справу і з’едлівыя досціпы Саковіча, які час ад часу цікавіўся асабістым жыццём высакароднага сябра.

— Прэч, сатана! — у рэшце рэшт не вытрымаў Багуслаў. — Гэта з-за тваіх намёкаў я не магу выкінуць Кацярыну з галавы!

— Пры чым тут я? — Адам зрабіў выгляд, што пакрыўдзіўся. — Гэта я цяпер да жонкі прыкаваны, а ты, мон прэнс, можаш забаўляцца — хоць з гаспадароваю, хоць з яе дзеўкамі. Толькі, — у глыбіні яго чорных вачэй весела запалалі зялёныя агеньчыкі, — як казаў наш прайдзісвет Майсеевіч, калі захацеў прадаць тваёй княжацкай міласці гэтую каштоўную зашпільку, якая цяпер ззяе на тваім капелюшы, — ну як жа можна абысці такі дыямент?

Багуслаў не знайшоў аргументаў для хітрага яўрэя, каб не купляць непатрэбную каштоўнасць, не змог запярэчыць і Саковічу. Калі той з пачуццем выкананага абавязку вярнуўся да жонкі, князь падняўся, каб запрасіць прыгажуню на танец. Убачыўшы, што Радзівіл ідзе да яе, домна Кацярына спалохалася. Адчуваючы, як б’ецца ў грудзях сэрца, жанчына вырашыла бегчы.