— Я пагляджу, як там Штэфаніц, — прашаптала яна захмялеламу мужу, які палез абдымацца з пасламі канстанцінопальскага патрыярха, і хутка выйшла з залы.
Багуслаў рушыў услед. Кацярыну ён дагнаў у вузкім пераходзе, дзе не было ні душы. Яшчэ не ведаў, чым апраўдае гэтую дзіўную пагоню, але гарачы бляск у яго вачах сказаў жанчыне болей за словы.
— Мой муж… — пачала яна, сабраўшы ў кулак усю сваю мужнасць.
— …зараз храпе носам у талерцы, — скончыў Радзівіл і, нягледзячы на супраціў, прыціснуў жанчыну да сябе.
— Што ты робіш… навошта?.. — прашаптала яна, патапіўшы словы ў яго гарачым пацалунку.
Віхор жарсці — той самы, які князь пасля расстання з Беатрысай ужо і не думаў перажыць, — падхапіў іх абаіх і панёс далёка за межы чалавечай свядомасці.
Князь ачомаўся ў нейкай цеснай каморцы, дзе было цёмна і холадна. Здзіўлена пачуў, як на вуліцы выюць цыганы і невядома дзе грымяць вясельныя музыкі. Побач домна Кацярына спрабавала прывесці ў парадак разарваную на грудзях сукенку. Багуслаў паспрабаваў у цемры адшукаць яе вусны і, на здзіўленне, адразу знайшоў, пакінуўшы на іх поўны пяшчоты пацалунак…
Вясельныя ўрачыстасці працягваліся дванаццаць сутак, якія праляцелі для Багуслава як адзін шчаслівы дзень. Калі надышоў час ад’езду, Кацярына не стрымлівала слёз.
— Я цябе больш ніколі не ўбачу, — прашаптала яна, поўным роспачы поглядам гледзячы ва ўласную бязрадасную будучыню. — Божа, як жа лёгка пусціць у сэрца каханне і як жа цяжка яго адтуль прагнаць!
Багуслаў думаў пра тое ж.
— Я магу ўзяць цябе з сабой, — прапанаваў ён, канчаткова страціўшы галаву. — Калі ты гэтага хочаш…
І змоўк, спалохаўшыся, што палюбоўніца можа пагадзіцца. Па ружовай шчацэ жанчыны скацілася цяжкая сляза.
— І тады б я была новай Аленай Траянскай, а польскі кароль і радзівілаўскі дом замест саюзніка атрымалі б ворага, — сказала жанчына. — І потым… тут мой сын… я не магу яго пакінуць…
Яны развіталіся ўжо пры ўсіх. Багуслаў моўчкі пацалаваў ёй руку і змрочна заняў месца ў санях разам з Глябовічам. Катарына яшчэ злавалася на кузэна за хлапчукоўскую выхадку са снежным умываннем, за якую князь так і не здагадаўся папрасіць у яе прабачэння, і сустрэла яго цяжкім маўчаннем. Але Радзівілу цяпер было не да яе — уся яго ўвага была прыкаваная да домны Кацярыны, што якраз развітвалася з княгіняй Марыяй. На вачах у жанчыны да гэтага часу блішчалі слёзы, але ніхто з прысутных не падумаў нічога дрэннага, усе добра ведалі пра сяброўства гаспадарскай жонкі і яго дачкі, якая сёння назаўжды пакідала бацькоўскі дом.
Не адзін Багуслаў пакідаў Ясы з цяжкім сэрцам — у Пятра Патоцкага таксама стаялі слёзы ў вачах. Ён маліў Лупу аддаць за яго сваю другую дачку, але малдаўскі гаспадар не пагаджаўся, апраўдваючыся, што юнай Разандзе яшчэ рана думаць пра замужжа.
— Май розум, пане Пётр, — пазней сказаў яму Радзівіл. — Гаспадар яшчэ не выплаціў пасаг старэйшай дачкі, дзе яму думаць пра шлюб малодшай?
Раздзел 13
КРЫВАВАЯ ВЯЧЭРА
Варшава
(сакавік 1645 года)
У Варшаве маладых мужа і жонку з пашанай сустракалі на каралеўскім двары. Затым пацягнуліся бясконцыя балі, наведванне сяброў і ворагаў і, вядома ж, палітыка… Галоўнай навіной, якая ўразіла абодвух Радзівілаў у польскай сталіцы, стала вестка пра новы шлюб караля — каралева Цэцылія Рэната памерла ў родах яшчэ летась. Таму пакуль князі гулялі на вяселлі, Уладзіслаў, якому неабходныя былі грошы на жаданую вайну з туркамі, паспеў выбраць сабе новую жонку.
Багуслаў даведаўся пра гэта, прыбыўшы на соймавы суд, дзе павінна была вырашыцца справа адносна Копысі. Пачуўшы імя нявесты, ён скамянеў ад здзіўлення — гэта была Марыя Луіза Ганзага!
Князь занадта добра ведаў гэтую славалюбівую жанчыну і зусім не ўзрадаваўся каралеўскаму выбару.
— Адно добра, што францужанка, — заўважыў ён Яну Невяроўскаму, які пасля пахавання Стаброўскага прыбыў у Варшаву і заняў сваё месца ў радзівілаўскім атачэнні.
Больш Багуслаў не дадаў нічога, але яго змрочны выгляд сказаў княжацкай моладзі больш за словы. Калі князь адышоў перамовіцца з канцлерам Альбрэхтам, які пагадзіўся спрыяць пляменніку ў судовай цяжбе, шляхціцы сышліся і пачалі ціха абмяркоўваць навіны. Янкоўскі, якога пан Пуцята яшчэ не паспеў выгнаць са службы, а таварыства не жадала прызнаць сваім, трымаўся ўбаку і ад няма чаго рабіць слухаў размову.