Выбрать главу

— Пра што вы там шэпчацеся? — незадаволена спытаў ён, пераканаўшыся, што не можа разабраць ні слова.

Маладыя людзі пераглянуліся.

— Пра тое, што наш князь мог бы парадніцца з новай каралевай, калі б у свой час пагадзіўся ажаніцца з яе сястрой, — Кожкіль адказаў за ўсіх з непрыхаваным гонарам, які заўсёды выказваюць добрыя слугі, разумеючы, што поспех пана дадае вагі і ім.

Янкоўскі недаверліва паглядзеў на яго і крыва ўсміхнуўся, думаючы, што з яго смяюцца.

— Чаго зубы сушыш? — абурыўся Ферх. — Не верыш?

— Веру, — спахапіўся шляхціц. — А чаму ж тады князь ад такога шлюбу адмовіўся?

— Вядома чаго — не кахаў, — з веданнем справы сказаў Кожкіль.

— А прынцэса?

— Што прынцэса? — не зразумеў хлопец.

— Прынцэса яго кахала?

Кожкіль не быў гатовы да такой адкрытай гутаркі і ў пошуках падтрымкі азірнуўся на Невяроўскага. Канфідэнт Радзівіла быў лепш знаёмы з падрабязнасцямі яго інтымнага жыцця.

— Вядома, кахала, — упэўнена сказаў Ян. — Багуслаў для жанчын — гэта проста пагібель. Самі да яго ў ложак скачуць.

— І да мяне б скакалі, калі б я Радзівілам называўся, — сказаў на гэта Янкоўскі.

Шляхціцы не чакалі такога нахабства і абурана ўтаропіліся ў яго. У гэты час вярнуўся Багуслаў — у надзіва добрым настроі. Убачыўшы сярдзітыя твары сваіх людзей, пацікавіўся, што адбылося. Янкоўскі прамаўчаў, але Ферх, які не любіў нахабніка, помсліва паўтарыў князю яго словы.

Радзівіл здзівіўся.

— Дык ты, Янкоўскі, працягваеш сцвярджаць, што жанчыны мяне любяць за грошы і тытул? — спытаў ён. — Ну добра, паколькі з-за няўступлівасці пана Сапегі мне давядзецца яшчэ пабыць у Варшаве, я згодны трохі пазабаўляцца…

Княжацкая моладзь чакала, што Янкоўскага з ганьбай прагоняць са службы, таму сустрэла гэтыя словы магільнай цішынёй. Багуслаў паблажліва ўсміхнуўся — помсту ён ужо прыдумаў.

— Я цябе, Янкоўскі, да сябе падняць не магу, — сказаў ён. — Ды каб уцерці табе нос, зраблю так… Мне тут паведамілі, што ты па нейкай прыгажуні ўжо некалькі месяцаў сохнеш. Іду ў заклад на сто злотых, што яна будзе маёй, не ведаючы ні майго імя, ні стану.

— Я таксама пастаўлю пяцьдзясят на вашу міласць! — крыкнуў Кожкіль, каб перакрычаць авацыі сяброў, якія, зразумеўшы намер пана, амаль скакалі, прадчуваючы добрую забаву і ганьбу, якая чакала Янкоўскага.

— Што пяцьдзясят! — крыкнуў Ферх. — Я б і сваю гадавую плату на перамогу мансеньёра паставіў, толькі ў Янкоўскага не хопіць грошай са мной разлічыцца!

— Гэтага ніколі не будзе! — крыкнуў чырвоны ад злосці Янкоўскі.

— Будзе, не сумнявайся, — запэўніў яго Багуслаў. — І раней, чым ты думаеш! Шкада, я дзяўчыну не бачыў… Застаецца спадзявацца, што яна лепшая за каравыя рыфмы, якімі ты яе прыгажосць апісваеш.

Янкоўскі маўчаў.

— То як? — насмешліва спытаў князь. — Прымаеш выклік?

На імгненне перад вачыма шляхціца мільгануў гожы твар жорсткай Данусі, якая адмаўляла яму ў каханні, але мілы вобраз згарэў у полымі лютасці, якая прагла грошай, і выпаліла з сэрца каханне, а з галавы — здаровы сэнс.

— Прымаю, найяснейшы князь, — працадзіў ён, уявіўшы, як атрымлівае выйгрыш.

Багуслаў помсліва ўсміхнуўся.

— Невяроўскі, ты будзеш сведкам, — звярнуўся ён да Яна, які няўхвальна назіраў за гэтай забавай.

— Шмат гонару для гэтага дурня, найяснейшы князь, — уздыхнуў той, але таварыства, якое жадала забаў, падбухторыла яго свістам, і ён разбіў моцна сціснутыя рукі сапернікаў.

х х х

Ад моманту прыезду ў Варшаву ў палацы Януша Радзівіла і яго маладой жонкі не пераводзіліся госці — паны, што з’ехаліся на сойм, жадалі ўбачыць маладую княгіню. Багуслаў змог далучыцца да гэтага свецкага жыцця, толькі скончыўшы справу з Копыссю. Да кузэна ён прыбыў трыумфатарам.

— Як Сапегі ні спрабавалі падрапаць мой герб, а перамога засталася за мной, — горда абвясціў ён Янушу, які яшчэ з парога пачаў папракаць кузэна, што той зусім забыўся дарогу ў іх дом.

Прыняўшы шчырыя віншаванні, Багуслаў прайшоў у вялікую залу, куды ўжо пачалі сыходзіцца госці. За сталом сядзелі Глябовічы. На руках у Катарыны несуцешна рыдала маленькая Гануся. Убачыўшы бацьку і дзядзьку, дзяўчынка гераічна паспрабавала выцерці слёзы, але яны зноў навярнуліся на вочы.

— Што здарылася, дачушка? — здзівіўся Януш. — Хто цябе пакрыўдзіў?

— А ты, братка, у сваёй валашкі спытай, — замест дзяўчынкі адказала Катарына. — І мне раскажы, я хачу ведаць, хто даў ёй права крыўдзіць маю пляменніцу.

Катарына шчыра любіла дзяўчынку, для якой стала другой маці, і нанесеную ёй абразу ўспрыняла як уласную. Яна раздражнёна глядзела на брата, патрабуючы тлумачэнняў.