Выбрать главу

— Гануся, цябе што, насварыла княгіня? — здзівіўся Януш, і калі дачка пакрыўджана ўсхліпнула ў адказ, спытаў, за што.

Нянька князёўны, якая таксама спрабавала супакоіць дзяўчынку, паведаміла, што малая занадта гучна смяялася, а ў княгіні балела галава.

— Ты, дачка, павінна паводзіць сябе як належыць князёўне з дому Радзівілаў, — разгневаўся Януш. — А мачыха табе благога не жадае.

У гэты час у залу ўвайшла княгіня Марыя. Гануся спадылба паглядзела на яе, а потым на бацьку.

— Яна мне не падабаецца, — са шчырай дзіцячай непасрэднасцю абвясціла дзяўчынка. — Я не хачу быць тут… з ёй…

І зноў залілася слязьмі.

— Што за капрызы? — здзівіўся Януш. — Ганна, супакойся і ідзі да сябе, я зараз раззлуюся.

— Ты б лепш сваю жонку ўтаймаваў, каб не крыўдзіла дзіця, — раззлавалася Катарына, прыгалубіўшы пляменніцу. — Мая няшчасная сіраціначка… Страціла маці, а цяпер і бацька ад цябе адвярнуўся…

Януш адвёў погляд. Ён быў мужным чалавекам, страшным для ворагаў, але з жанчынамі рабіўся мяккім, як воск.

— Ды што я такога зрабіла? — раззлавалася Марыя. — Звычайныя дзіцячыя капрызы!

Багуслаў, які ўвесь час маўчаў, вырашыў умяшацца.

— Ты, мілая, так расстроілася, бо княгіня насварылася? — мякка спытаў ён у пляменніцы.

Гануся адмоўна пахітала галавой.

— Яна хацела мяне зачыніць у кладоўцы з вялізнымі пацукамі, — усхліпнула малая. — А я іх баюся!

Багуслаў падхапіў пляменніцу на рукі і вынес яе з пакоя, далей ад сваркі. Тым часам Катарына амаль учапілася крыўдзіцельцы ў валасы, не слухаючы апраўданняў княгіні, што тая хацела толькі напалохаць дзіця, каб не гарэзнічала занадта.

Калі вяртаўся, сутыкнуўся з княгіняй Марыяй, якая ў слязах пакідала пакой, дзе Януш сварыўся з сястрой.

— Гэта я не хачу сядзець за сталом з тваёй ведзьмай! — крычала Катарына. — А Ганусю забяру да сябе — што ні кажы, а цётка ўсё ж раднейшая за мачыху… Юрый? — яна азірнулася на мужа, каб той падтрымаў яе жаданне.

Пан Глябовіч быў добрым чалавекам, і хацеў пагадзіцца з жонкай, але і сваркі з князем Янушам таксама не жадаў.

— Касенька, Гануся мае бацьку, — дыпламатычна сказаў ён. — Хоць я, вядома, не супраць, каб у маім жаночым каралеўстве яшчэ адна прынцэса расла.

Гэты інцыдэнт моцна сапсаваў усім святочны настрой — княгіня Марыя да стала так і не выйшла, а Катарына ганарліва паехала дадому, не слухаючы ўгавораў брата, які прасіў яе застацца.

— Здаецца, вячэраць будзем адны, — заўважыў Багуслаў.

— Яно і да лепшага, бо з гэтымі жанчынамі адны клопаты, — злосна сказаў Януш і, уздыхнуўшы, выцер спацелы лоб.

Тым часам госці прыбывалі. Іх было няшмат — пан Пётр Патоцкі, які на правах дзядзькі малой князёўны ледзь не жыў у радзівілаўскім палацы, дамагаючыся ў князя Януша, каб прымусіў Лупу аддаць за яго Разанду, Ян Мяржынскі, Казімір Тышкевіч і Адам Саковіч, якія на сойме баранілі радзівілаўскія інтарэсы, а яшчэ князь-канцлер Альбрэхт, які з’явіўся, каб асабіста ўручыць маладым вясельныя падарункі.

Гутарка адразу зайшла пра будучую польскую каралеву, і расказваць пра яе прыйшлося, вядома ж, князю Багуславу. Паколькі за сталом сядзелі толькі сваякі, давераныя слугі і сябры радзівілаўскага дому, князь выказваўся як ніколі адкрыта.

— Я асабіста не чакаю нічога добрага ад каралеўскага шлюбу, — сказаў ён. — Прынцэса Марыя — вельмі амбітная жанчына, і я не ўпэўнены, што яе амбіцыі паслужаць дабрабыту нашай краіны. Я хацеў бы бачыць на польскім троне дачку Гастона Арлеанскага — дзяўчыну хоць і наравістую, але добрую сэрцам і, што не менш важна, не занадта разумную… І як, чорт пабірай, кароль аддаў перавагу герцагіні, не такой ужо і маладой, дый не вельмі прыгожай?

— Пабаяўся, што з маладой ужо не справіцца, — нібы да сябе сказаў Саковіч, выклікаўшы буру смеху.

— Дык яму і не важна з кім ажаніцца, бо да гэтага часу не забыўся тую шлёндру Ядвіжку, — хітра ўставіў пан Мяржынскі. — Як бывае ў Літве, па некалькі тыдняў у Мерачы гасцюе, дзе яна жыве са сваім мужам.

Згадка пра шматгадовую каралеўскую каханку, якую кароль, каб супакоіць нябожчыцу каралеву Цэцылію Рэнату, выдаў за свайго слугу Яна Выпіскага, зрабіўшы яго ва ўзнагароду за гэтую паслугу старостам Мерачы, выклікала новы прыліў весялосці за сталом. Спакойным застаўся толькі Глябовіч, які, правёўшы жонку, вярнуўся ў палац.

— Калі б не гэтая прыгажуня, не відаць бы мне маёй Касенькі як сваіх вушэй, — растлумачыў пан Юрый сваю абыякавасць, і сараматныя жарты патроху аціхлі. — Кажуць, што французскі пасол усяляк усхваляў прынцэсу Ганзага і моцна ганіў яе саперніц, — дадаў ён, калі ўсе супакоіліся.