— А потым прыехаў сам князь Ярэма, — замагільным голасам паведаміў Казаноўскі. — Аканом, вядома, не хацеў яго пускаць, але, пабаяўшыся, што п’яныя госці з-за абразы свайго гаспадара разнясуць двор, загадаў адкрыць вароты. Вішнявецкі заехаў і аддзячыў майму ўпраўляючаму за гасціннасць тым, што адразу ж выставіў яго прэч — разам з усімі маімі людзьмі.
Тут смех, які ўсе дружна стрымлівалі, нарэшце вырваўся вонкі.
— Ты, пан Казаноўскі, забыўся сказаць, што гасцей у Ромны наехала столькі ж, колькі гаспадароў, — рагатаў Тышкевіч (каралеўскім любімцам ён паказальна пагарджаў). — Дык колькі часу працягваўся гэты баль — тыдзень ці два?
— Пралез бы палец, а там і ўся рука прасунецца, — весела дадаў князь Багуслаў. — Здаецца, шаноўны пане, ты цяпер гэтую прымаўку добра запомніш?
— Ды ўжо ж, запомню, — злосна пагадзіўся Казаноўскі. — Але замест кпінаў хацеў бы пачуць параду — як цяпер мне гэтага злодзея да адказнасці прыцягнуць?
Ён звяртаўся да Януша, але азіраўся на канцлера.
— Але князь Ярэма нічога не парушаў, — паважна сказаў князь Альбрэхт, змахнуўшы вясёлыя слёзы са зморшчаных павек. — Чалавечай крыві не праліў, шляхецкія вольнасці пацвердзіў. Яшчэ на сойм паслом прыехаў, а пасла чапаць нельга!
Багуслаў таксама маўчаць не стаў.
— А ці праўда, што ты, міласцівы пан, на сойме адмовіўся Вішнявецкага князем тытулаваць? — між іншым спытаў ён, махнуўшы слугу, што разносіў напоі, каб той больш не разводзіў віно вадой. — І гэта нягледзячы на тое, што Вішнявецкія свой род ад Альгерда вядуць і тытул маюць, які на Люблінскай уніі зацверджаны быў!
Казаноўскі зразумеў, што загнаў сябе ў пастку, бо пасля гэтых слоў нахмурыўся нават гаспадар дома — нядаўняя вайна тытулаў, дзе Радзівілы абаранялі свае прывілеі сумесна з Вішнявецкімі, да гэтага часу хваравіта адклікалася ў ганарлівым княжацкім сэрцы. Зразумеўшы, што падтрымкі тут не знойдзе, каралеўскі фаварыт пакінуў не дужа гасцінны дом, затаіўшы крыўду на гаспадара, але перш за ўсё на Багуслава.
— Ну чакай, князь, — цадзіў ён скрозь зубы, ідучы да выхаду. — Не будзеш ты каралеўскім паслом у Францыі, гэта я табе абяцаю.
Адмахнуўшыся ад Саковіча з Тышкевічам, якія пайшлі яго праводзіць, сеў у сваю карэту і паехаў, несучы ў злым сэрцы помсту…
— Ты, кузэн, цяпер маеш ворага, — сказаў Багуславу Януш, калі за панам Адамам зачыніліся дзверы. — Казаноўскі табе гэтага не забудзе.
— Пайшоў ён да д’ябла, — легкадумна сказаў князь. — Гэтаму выскачку без каралеўскай пратэкцыі ў прыстойным таварыстве ніхто б рукі не падаў! З Вішнявецкім я сварыцца не буду і табе, кузэн, не раю… хоць бы таму, што менавіта яго збожжам нашы з табой купцы ў Рызе і Караляўцы гандлююць.
— Я пра сварку і не думаю, — запэўніў яго Януш. — Але мець сваім ворагам Казаноўскага таксама не хачу, бо яго подлую натуру добра ведаю. Паеду, мабыць, у Літву — далей ад бяды. Вішнявецкі мяне аб падтрымцы не прасіў — і дзякуй богу, а як папросіць, мяне ўжо тут не будзе. Хопіць з князя Ярэмы аднаго цябе — ты Казаноўскаму і так шмат сказаў, каб цяпер адступаць.
Багуслаў з асуджэннем паглядзеў на яго, але нічога не сказаў.
Клопаты ў гэты вечар дрэнна паўплывалі на Януша — піў без меры, амаль не датыкаючыся да ежы.
— Ёсць для цябе кепская навіна, Пётр, — звярнуўся ён да швагра, з цяжкасцю варочаючы ў роце непаслухмяны язык. — Разанду малдаўскі гаспадар адсылае ў Стамбул, — султана так раззлаваў мой шлюб з Марыяй, што ён пажадаў мець закладніка, які будзе гарантаваць, што яго васал не аддасца пад апеку польскага караля. Таму з вяселлем давядзецца пачакаць…
Гэтая вестка зрабіла на закаханага мужчыну страшнае ўражанне.
— Кароль ведае, што робіць, калі вайны з туркам жадае! — крыкнуў ён. — Ох, дай бог, каб хутчэй!
Нейкі час усе з задавальненнем лаялі султана, а Януш супакойваў Патоцкага тым, што ў Стамбуле Разандай будзе апекавацца вялікі візір, добры сябар Лупу. А калі султан супакоіцца, дзяўчына, напэўна, вернецца дадому, і тады ўжо можна будзе зладзіць вяселле.
Вядома, гэта было занадта слабае суцяшэнне для закаханага сэрца. Яно развеялася як дым пасля слоў канцлера.
— Словам, у гэтай вайне малдаўскі гаспадар нам не саюзнік, — падсумаваў князь Альбрэхт, і, як мудры дзяржаўны муж, не змог утрымацца ад заўвагі. — І карысці ад твайго шлюбу, пляменніку, для Рэчы Паспалітай і нашага дому ніякай….
— Нават наадварот, — дадаў Багуслаў, у якога перад вачыма ўстаў заплаканы твар Ганусі. — Добрай маці для тваёй дачкі княгіня Марыя не стала, але дай бог, каб была табе добрай жонкай…