Выбрать главу

— Дык забівай! — крыкнуў Адам, кідаючы яму пад ногі шаблю.

І падскочыў да яго, раздзіраючы кашулю на грудзях:

— Бі сюды, у сэрца!

Саковіч рызыкаваў: Багуслаў ад нечаканасці не ўтрымаў руку, і шпага кранула Адама.

— Ты з глузду з’ехаў! — здзіўлена ўсклікнуў князь, убачыўшы кроў. — Я мог забіць цябе…

— Забівай, чэрці б цябе схапілі! Ці вы, міласцівыя князі, розум згубілі, ці то хмель, ці нячысты авалодаў вамі? Ды князь Крыштаф у труне перавярнуўся б, каб такое ўбачыў!

Згадка пра нябожчыка князя крыху працверазіла налітыя гневам і віном княжацкія галавы.

— Я не хацеў з ім біцца, — цяжка дыхаючы, сказаў Багуслаў. — Ды хай забярэ свае словы назад.

— Што? — загрымеў Януш, вырываючыся з рук Глябовіча і Патоцкага з Мяржынскім. — Хочаш жыць, дык сам прасі прабачэння!

— Не дачакаешся! Адам, адыдзі!

— Саковіч, прэч з дарогі, я яшчэ і ад сябе дадам! І пусціце ж мяне!

— Старайся, старайся, князь! — успыхнуў Адам. — Заб’еш брата, то і Слуцк атрымаеш. Багуслаў, ты тастамент не здагадаўся перапісаць?

Уражаны гэтымі словамі, Януш апусціў зброю. Багуслаў, які ў выпадку раптоўнай смерці зрабіў кузэна адзіным спадкаемцам, апусціў сваю. Аднак мірыцца ніхто не спяшаўся. Пасля доўгіх спрэчках, узаемных абразаў і нараканняў, пану Глябовічу з цяжкасцю ўдалося ўгаварыць пакрыўджаных сваякоў адкласці высвятленне адносін да раніцы.

— Па-рыцарску, па-рыцарску варта дзейнічаць! — угаворваў ён, каб выйграць час. — Дзе ж гэта бачана, каб па-гультайску біцца. Князю, ну хоць вы нешта скажыце, — у роспачы звярнуўся ён да канцлера Альбрэхта, які, цяжка крэкчучы, падымаўся на ногі, збіты з лаўкі штурхалём, атрыманым ад Януша.

— Ды хай хоць галовы адзін аднаму паадсякаюць, — буркнуў той, пачухваючы пабіты азадак і сумна разглядаючы запырсканы мядзведжым салам новы нямецкі камзол. — Дасць бог, нараніцу працверазеюць і паразумнеюць, — адрэзаў, пакідаючы не дужа гасцінны дом.

Сварка, што на момант спынілася з адыходам канцлера, успыхнула зноў: шум стаяў такі, што і вушы вялі!

Невядома, чым бы скончылася гэтая п’яная бойка, калі б яе не абарваў гучны дзіцячы плач. Павярнуўшыся, усе ўбачылі маленькую князёўну, якую крыкі паднялі з ложка. Дзяўчынка стаяла на парозе і, гучна плачучы, маліла ўсіх супакоіцца. Яе слёзы падзейнічалі на азмрочаны парамі хмелю розум мужчын, як вядро халоднай вады.

— Ганна, ідзі адсюль, — загадаў Януш. — Таму што я зараз разгневаюся!

— Не крычы на дзіця! — абурыўся Багуслаў. — Чым ужо яна перад табой правінілася?

Гануська, пачуўшы гэтыя словы, заплакала яшчэ мацней. Азадачаны Януш, які вельмі любіў дачку, кінуўся яе супакойваць. Да яго далучыўся і Багуслаў.

— Гэта быў жарт, сэрца маё, — даводзіў ён, прыціскаючы да сябе дзіця. — Мы з тваім бацькам так жартуем!

Князёўна недаверліва паглядзела на чырвонага ад гневу і выпітага віна бацьку, на ўсхваляванага дзядзьку, які выціраў з ілба пот, і нечакана абняла іх абодвух за шыі і прыцягнула да сябе.

— Памірыцеся! — скрозь слёзы прасіла яна дарагіх для сябе людзей і не супакоілася, пакуль тыя ўрачыста не пакляліся ёй, што больш сварыцца не будуць.

Пасля гэтага прысаромлены Януш адправіўся ўкладваць дачку спаць, а Багуслаў, агледзеўшы разгромленую залу, сышоў.

— А княгіня так і не выйшла, — сказаў ён сабе.

Княгіня Марыя моцна спала, выпіўшы супакаяльную настойку, якую ёй даў лекар, таму даведалася аб сутыкненні толькі на наступную раніцу. Але гэты выпадак трывала адклаўся ў памяці Багуслава і спарадзіў у яго сэрцы непрыязнасць да нявесткі.

Тышкевіч і Патоцкі з Мяржынскім таксама пакінулі палац. Саковіч, перавязаўшы драпіну ў радзівілаўскага хірурга, спакойна сеў частавацца рэшткамі ацалелай пасля пагрому вячэры, запіваючы яе найлепшым віном з княжацкіх запасаў. А Глябовіч, якому ад перажытага хвалявання кавалак не лез у горла, моўчкі сядзеў побач, дзівячыся такой вытрымцы.

— Як думаеш, пан падкаморы, гэта ўжо ўсё? — спытаў ён, калі да яго вярнулася здольнасць гаварыць.

— Усё, — упэўнена сказаў Саковіч. — Князь Януш страшны ў гневе, але хутка ўскіпіць і хутка астыне. А Багуслаў трымаецца-трымаецца, але як раззлуецца, тады ўжо і не спыніш. Аднак сэрца мае добрае, характар больш мяккі і згаворлівы, чым у яго цвердалобага кузэна… Супакойся, шаноўны пане, найгоршае ўжо мінула.

Глябовіч уздыхнуў і залпам выпіў келіх вугорскага, каб супакоіць нервы.

— Ты б, пане Адам, усё ж пагаварыў з князем Багуславам, каб той памірыўся са стрыечным братам, — сказаў ён. — А да Януша я Катарыну прышлю і сам прыеду…