— Пагавару, як трэба будзе, хоць, спадзяюся, што і без лішніх размоў абыдзецца, — сказаў Саковіч. — Паехалі спаць, пане Глябовіч. Пераначуем — болей пачуем!
На наступную раніцу Саковіч, як і абяцаў, прыбыў да Багуслава. Князя ён застаў за сталом — узброіўшыся пяром, той перачытваў нейкія паперы.
— Што гэта? — пацікавіўся Адам, зазіраючы праз плячо, і спалохана адхіснуўся, убачыўшы тастамент. — Ты ж, мон прэнс, не збіраешся працягнуць тое, што вы ўчора з князем Янушам пачалі?
— Вядома, не, — супакоіў яго князь. — Усю ноч з-за гэтай сваркі не спаў… таму папрасіў пана Пуцяту прынесці тастамент… думаў перапісаць…
Саковіч з палёгкай уздыхнуў.
— Я б таксама перапісаў, — адкрыта прызнаўся ён.
Багуслаў сумна ўсміхнуўся і адклаў паперы.
— А я вось не буду, — з націскам сказаў ён. — Нягледзячы на тое, што дарагі кузэн учора ледзь мяне на той свет не адправіў… Але як бы там ні было, я Радзівіл і інтарэсы свайго дому стаўлю вышэй за асабістыя крыўды… Як тваё плячо? — заклапочана спытаў ён, успомніўшы, што ўчора нарабіў.
— Драпіна, — махнуў рукой Адам. — Не хвалюйся за гэта, мансеньёр.
Шалёная ганарыстасць старэйшага Радзівіла ўжо стала пагалоскай пры каралеўскім двары. Прайшло некалькі дзён, пакуль ён авалодаў сабой і прыехаў мірыцца, прыхапіўшы з сабой Глябовіча.
Саковіч, убачыўшы гасцей у акно, выйшаў ім насустрач. Павіталіся, і ўсё ж неяк напружана.
— Як Багуслаў? — пацікавіўся Януш. — Яшчэ злуецца на мяне?
— А ты, міласцівы княжа, сам у яго спытай, — прапанаваў Адам.
Ён правёў гасцей ва ўнутраны двор, дзе Багуслаў якраз займаўся фехтавальнымі практыкаваннямі. Біўся адразу з Ферхам і Янкоўскім, арудуючы адначасова і рапірай, і затупленым кінжалам настолькі па-майстэрску, што яго праціўнікі, зусім не пачаткоўцы ў фехтаванні, амаль бягом адступалі назад.
— Найсвяцейшая Дзева! — выдыхнуў Глябовіч. — У жыцці такога не бачыў!
Януш таксама спыніўся, уражаны.
— Здаецца, князь у сваіх падарожжах усё ж таму-сяму навучыўся…
Адам толькі ўсміхнуўся.
У гэты час Багуслаў страшным ударам выбіў зброю з рук Янкоўскага і, двума крокамі пераадолеўшы адлегласць да Ферха, дакрануўся затупленым лязом кінжала да яго грудзей.
— А… станаццаць д’яблаў! — крыкнуў ён. — Не бой, а смех адзін. Нават жанчына лепш бы зброю ў руках трымала, чым ты, Янкоўскі! А табе, Рыхард, рапірай толькі дровы секчы… Дзе Адам? Ён і з параненым плячом лепш бы справіўся, чым вы двое.
— І не спадзявайся! — весела крыкнуў Саковіч. — У наступны раз будзеш глядзець, куды шпагай пароць.
Багуслаў павярнуўся.
— Мне тваё плячо абыходзіцца занадта дорага, — агрызнуўся ён. — Гэта ты, напэўна, спецыяльна мне яго падставіў, каб я тут здох ад нуды. Нават руку размяць няма з кім… О, то ў нас госці!
Ён павольна падышоў, не зводзячы позірку з Януша. Павітаўся з Глябовічам за руку.
— Ну, князь, не хацеў бы я бачыць цябе сапернікам, — захоплена сказаў той.
— А што, мне ўжо і рукі не падасі? — спытаў Януш.
— Падам, калі з мірам прыехаў, — адказаў стрыечны брат. — Бо ты ў гэтай руцэ не так даўно шаблю трымаў.
— Прабач! — ад хвалявання на твары Януша праступіла рабацінне. — Гэта хмель на мяне так падзейнічаў. Лекар мне нават піць забараняе, сцвярджаючы, што разам з віном у мяне нячысцік усяляецца.
— Ты б, кузэн, часам усё ж слухаў разумных людзей, — параіў яму Багуслаў. — Хоць, калі казаць па праўдзе, мы адзін аднаго вартыя.
— Хвала Госпаду, што хоць у дачкі розуму больш, чым у нас абодвух, — уздыхнуў Януш. — Ты прабач мяне, княжа. Хай у мяне ў баі шабля да ножнаў прырасце, калі я яшчэ калі ўздыму яе супраць цябе.
— І ты на мяне, кузэн, зла не трымай.
Януш моўчкі працягнуў яму руку. Багуслаў з сілай сціснуў яе і моцна абняў брата.
Раздзел 14
ПОМСТА
Варшава
(красавік — ліпень 1645 года)
Пасля сваркі Радзівілаў, якая прымусіла слуг панервавацца, наступіў мір. Януш з маладой жонкай з’ехаў у Кейданы, а Багуслаў, які павінен быў суправаджаць у Польшчу новую каралеву, загадаў пачаць падрыхтоўку да ад’езду. Сам жа збіраўся ненадоўга наведаць Слуцк, каб нарэшце зверыць з аканомам фінансавыя рахункі. Пан Сасноўскі, якому той візіт не абяцаў нічога добрага, хадзіў чорны як ноч, затое пан Саковіч, які па прыездзе ў Варшаву адразу ж адаслаў жонку ў Літву і разам з князем цалкам аддаўся забавам, ззяў як сонца.