Выбрать главу

Пастаянная прысутнасць ашмянскага буяна моцна дзейнічала на нервы княжацкім слугам, асабліва Невяроўскаму. Усё ж страшны канец Стаброўскага і ўласная ганьба трохі вылечылі Яна ад залішняй самаўпэўненасці, і ён старанна спрабаваў пазбягаць сустрэч з ворагам, а калі даводзілася бываць у адным пакоі, трымаўся ад яго падалей. Да яго здзіўлення, Саковіч за гэты час і словам не нагадаў яму пра яго сорам і наогул ставіўся да яго, як да пустога месца. Такія паводзіны балюча закраналі Янава самалюбства, але мелі свае перавагі. Інакш паводзіла сябе княжацкая моладзь, якая пры сустрэчы двух ворагаў пачынала шматзначна пераглядацца, насмешліва перашэптвацца і адкрыта смяяцца. У рэшце рэшт, нервы ў Невяроўскага не вытрымалі і ён выклікаў на паядынак самага невыноснага з усіх — Кожкіля.

Той абышоўся драпінай і пасля гэтага прыяцеля не чапаў. Затым наступіла чарга Ферха, а потым нават звычайна разважлівага Хувербека. Перамога і тут была на баку Яна. Вядома, Радзівіл, даведаўшыся, насварыўся на прыяцеля. Але, выслухаўшы тлумачэнні, толькі махнуў рукой — рабі, што сам ведаеш…

А потым расплата напаткала і Янкоўскага. Аднойчы раніцай, пераступіўшы парог княжацкай спальні, куды яго, злосна смеючыся, паклікаў Ферх, Янкоўскі згледзеў у ложку з Багуславам тую прыгажуню, якая столькі часу бессаромна гуляла з яго сэрцам.

— Ну што, бачыў? — смяяўся Рыхард, калі шляхціц выскачыў за дзверы, як кот, абвараны кіпенем.

— Бачыў, — буркнуў той, калі змог гаварыць. — Але не ведаю, чым яго міласць гэтую шлёндру спакусіў.

Вядома, Ферх пры першай жа магчымасці перадаў размову князю.

— А ты ў яе самой спытай, з кім у ложку была, — прапанаваў Янкоўскаму Багуслаў. — Заадно і свой пройгрыш ёй аддасі… А ў тым, што адбылося, вінаваць не яе, а свой доўгі язык. Калі б не ён, я б на тваю прыгажуню і ўвагі не звярнуў — бо дзяўчына, вядома, так сабе — як раз адпавядае тваім каравым рыфмам.

Княжацкая моладзь дагодліва зарагатала. Янкоўскі стаяў, як апляваны. Затым павольна пайшоў — куды панеслі ногі.

Апынуўся ажно ў зале, якую князь прыстасаваў для рыцарскіх практыкаванняў. Убачыўшы там забыты Радзівілам капялюш і плашч, начапіў іх на саламянае пудзіла і, уявіўшы, што бачыць перад сабой ненавіснага князя, выхапіў шпагу і пасек «ворага» на дробныя кавалкі, намагаючыся трапляць у намаляваную мішэнь на яго «грудзях».

— Ну, пачакай, мансеньёр, — помсліва мармытаў ён сабе пад нос. — Калі мае вершы табе не падабаюцца, я зраблю так, што ім будзе апладзіраваць уся Варшава!..

х х х

А праз некалькі дзён сталіца зацікаўлена чытала памфлеты, якімі вулічныя хлапчукі заўзята гандлявалі ў людных месцах.

Багуслаў таксама набыў за некалькі медзякоў зашмальцаваную паперку ў нейкага жабрака па дарозе да каралеўскага палаца, прачытаў яе і нават збялеў ад крыўды і здзіўлення, убачыўшы там сваё імя. Побач са звыклымі для біржанскіх Радзівілаў абвінавачваннямі ў ерасі злыя вершаваныя радкі кляймілі князя за неверагодную пыху, ганарлівасць, грэбаванне ўсім польскім і распусту, успамінаючы яго палюбоўніц, сярод якіх красавалася гучнае імя прынцэсы Ганзага. У канцы ананімны аўтар патэтычна абураўся, што «такі нягоднік прадстаўляе караля на вянчанні з каталіцкай прынцэсай напэўна таму, што набіўся да яго ў сваякі ў алькоўных справах».

У князя ад нахабства аж дыханне перахапіла.

— Значыць, пазнанскі ваявода так жадае ўзначаліць каралеўскае пасольства, што апусціўся да паслуг брудных рыфмаплётаў, — працадзіў ён скрозь сціснутыя зубы. — Ну, гэта яму дарма не міне!

Раз’юшаны Радзівіл загадаў фурману ехаць проста ў палац ваяводы, але прыкры выпадак перашкодзіў яго ваяўнічым намерам і выратаваў Апалінскаму скуру: убачыўшы радзівілаўскую карэту, некалькі вучняў з езуіцкага калегіума, міма якога якраз праязджаў князь, перагарадзілі яму дарогу і з гучным свістам і насмешкамі запусцілі ў яе некалькі камянёў. Радзівілаўскі почат, які суправаджаў карэту, ужо бліснуў зброяй, каб разлічыцца з крыўдзіцелямі, але Багуслаў, добра ведаючы наступствы бойкі пратэстантаў з каталікамі, спыніў слуг і, кусаючы вусны ад лютасці, вярнуўся да сябе.

Дома князь паклаў перад сваёй моладдзю пракляты памфлет.

— Я ўпэўнены, што за з’яўленне гэтай брыдоты маю дзякаваць пану Апалінскаму, — паведаміў ён. — Але ёсць адно «але»… — ён пільна агледзеў прыціхлых шляхціцаў і звонкім ад гневу голасам працягнуў. — Як вершаплёты пана ваяводы маглі даведацца пра мае амуры… Асабліва з прынцэсай Ганзага?

— Слушная думка, ваша княжацкая міласць, — падтрымаў князя пан Пуцята. — Ну, прызнавайцеся, нягоднікі, хто з вас распусціў язык?