І ўтаропіўся грозным поглядам у гаваркога Кожкіля.
— Праўдзівы бог, ваша княжацкая міласць… — прамармытаў той. — Нікому і нічога не казаў… І з панам ваяводам я не знаёмы, але, калі б ён прапанаваў мне сказаць ці зрабіць нешта такое, што магло б зашкодзіць гонару мансеньёра, я б яго хутчэй сваёй шпагай закалоў, чым пагадзіўся!
Іншыя шляхціцы таксама навыперадкі пераконвалі Багуслава ў невінаватасці. Гледзячы ў іх вочы, што гарэлі праведным гневам і прагай помсты Апалінскаму за крыўду свайго гаспадара, цяжка было западозрыць, што хто-небудзь са слуг мог бы ўдзельнічаць у гэтай брыдкай справе.
Допыт перапыніў Ян Сасноўскі, які далажыў аб прыходзе пана Казіміра Тышкевіча. Той хуткім крокам увайшоў у вітальню.
— Бачу, князь, ты ўжо ведаеш пра гэтую брыдоту, — сказаў пан Казімір, заўважыўшы памфлет, які князь у лютасці камячыў у кулаку. — Я сам быў сведкам, як Казаноўскі гучна чытаў яго каралю.
— Казаноўскі? — здзівіўся Багуслаў. — Я думаў, што гэта Апалінскага работа…
— Хутчэй адвечнага ворага твайго — пана Трызны, — паправіў Тышкевіч. — Яму спрыяе Казаноўскі, якому пазнанскі ваявода паабяцаў добрую падзяку, калі каралеўскім паслом стане. На цябе каралеўскі ўлюбёнец добры зуб мае — сам ведаеш, за што.
— Вось як? — злосна ўсміхнуўся князь. — Ну, Казаноўскаму гэта так не пройдзе — я сёння ж адпраўлю пасланца да князя Ярэмы з дэкларацыяй аб супрацы… А што кароль?
— Як прачытаў, то стаў змрочным, як ноч, — і гэта не дзіўна, бо тваё імя ў памфлеце побач з імем будучай польскай каралевы стаіць, і каралеўскі каплан аж ахрып, пераконваючы Уладзіслава, што ерэтык не можа каталіцкага караля прадстаўляць…
— Пачакай, — перапыніў яго Радзівіл. — Пры чым тут Марыя Луіза? Заляцаўся я не да яе, а да яе сястры, і можаш мне паверыць, што словамі там усё і скончылася…
— Так? — з палёгкай уздыхнуў Тышкевіч. — Але ананімны памфлетыст не сказаў, якую з сясцёр Ганзага ён мае на ўвазе.
Гэта была шчырая праўда! З чорных вачэй Багуслава вылецелі такія маланкі, што нават небу горача стала.
— І якая ж брыдота асмелілася так паздзекавацца з вашай княжацкай міласці? — спачувальна спытаўся Сасноўскі, які, правёўшы госця ў пакоі, застаўся паслухаць навіны. — Трэба знайсці нягодніка і пакараць так, каб скура затрашчала!
— Пан Сасноўскі мае рацыю, — падтрымаў аканома Тышкевіч. — Як думаеш, княжа, хто б гэта мог быць?
Радзівіл яшчэ раз агледзеў сваіх шляхціцаў. Усе стаялі проста, сціскаючы кулакі, і было зразумела, што кожны з радасцю палічыць рэбры мярзотніку, які пасмеў так зганьбіць іх пана. Толькі разгублены твар Невяроўскага, які занадта пільна разглядаў парэпаную мармуровую падлогу, моцна кантраставаў з баявым запалам таварышаў. Князь, вядома, адразу ж звярнуў увагу на дзіўныя паводзіны ўлюбёнца.
— Яне, ты нешта хочаш мне сказаць?
Невяроўскі цяжка ўздыхнуў.
— Я б не хацеў нікога вінаваціць, твая міласць. Але пра прынцэсу Ганзага яшчэ ведаў Янкоўскі… я яму здуру сам расказаў.
— Ян мае рацыю, — прыгнечана сказаў Хувербек. — Я на свае вушы чуў, як Янкоўскі, прайграўшы заклад, напіўся і ўслых кляўся, што будзе помсціць табе за сваю ганьбу.
— Нават так? — злавесна сказаў Багуслаў з выглядам, які не абяцаў Янкоўскаму нічога добрага. — Ну-ну…
— Гэта які Янкоўскі? — падаў голас пан Тышкевіч. — Я ведаю, што адна з Трызнавых цётак была замужам за панам Янкоўскім з Янкова… Той стары чорт з маім нябожчыкам бацькам яшчэ доўга за Бярозавую Рудку судзіліся, і тая Трызнінымі стараннямі да яго і адышла.
Багуслаў павярнуўся да пана Пуцяты, які кіўком пацвердзіў словы пана Казіміра.
— Ну, усё ясна, — павольна сказаў Багуслаў, бо ўжо прыдумаў як пакараць нягодніка. — І дзе гэты «высакародны» мсцівец?
— Напэўна, спіць, — услых падумаў Сасноўскі. — Гэты гультай заўсёды спіць да абеду.
— Дык вядзі яго сюды, пане падстолій, — загадаў князь. — Толькі ні слова пра нашу размову.
Калі аканом выйшаў, усе слугі загаварылі разам, успамінаючы грахі Янкоўскага, на якія да гэтага часу не звярталі ўвагі, — радыя, што знайшлі вінаватага.
— Вось ведаў жа я, што гэтага нахабніка трэба гнаць з двара паганай мятлой, — вініў сябе пан Пуцята. — Ну і нягоднік! Ну і мярзотнік! Такой здрадай за дабро аддзячыў! Ды я ж на ўласныя вочы бачыў, як Трызнаў слуга да яго пазаўчора прыязджаў!
На парозе нечакана з’явіўся Янкоўскі. Здзіўлена спыніўся, пачуўшы словы, якімі яго сустрэлі сябры — іх ну ніяк нельга было назваць прыветнымі. Насцярожана азірнуўся на Сасноўскага, які зайшоў у гасціную ўслед, але пан Ян без лішніх слоў упіхнуў яго ўнутр.