Выбрать главу

— І сапраўды, Трызнаў сваяк, — пан Тышкевіч радасна пацёр рукі. — Ну, ідзі сюды, галубок! Ідзі і раскажы нам, якія такія паперы ты пад сваім крылом у дзядзькаў двор носіш?

Янкоўскі не чакаў, што ўсё так хутка адкрыецца. На яго высокім ілбе выступіў пот, а ногі задрыжалі ад страху, калі ён адважыўся зірнуць у вочы Радзівілу.

— Твая работа? — спытаў Багуслаў, працягваючы яму злашчасны памфлет. — Бачу, твая, бо дрэнныя рыфмы аж на языку захрасаюць… Ну, сволач… Мне б з табой не аб заклад біцца, а розуму б цябе павучыць так, каб пару тыдняў з ложку не ўставаў!

Цяпер князь быў зусім не падобны на прыемнага маладога чалавека, якога так любілі дамы і лічылі вялікім талантам кавалеры. З яго прыгожых цёмных вачэй на свет божы вызірнуў сам дух помсты і пацягнуўся да горла крыўдзіцеля. Перапалоханы Янкоўскі падаўся да дзвярэй, але наткнуўся на Сасноўскага, які шырокай спінай загарадзіў яму шлях да адступлення.

— Ах ты мярзотнік! — скрозь зубы працадзіў пан Ян. — Гэта ты так свайму пану за хлеб і ласку аддзячыў? Ды я цябе…

І, схапіўшы шляхціца за каўнер, страсянуў так, што абарваў сярэбраныя гузікі на камзоле, і яны з гучным звонам пасыпаліся на падлогу. Напалоханы да смерці Янкоўскі рвануўся з мядзведжых лапаў аканома. Адштурхнуўшы Невяроўскага, які спрабаваў яго затрымаць, з разбегу выскачыў у акно. Удала прызямліўся на ногі і, трохі кульгаючы, пабег да свайго каня, які стаяў воддаль.

— За ім! — крыкнуў Багуслаў, падбягаючы да акна. — Дагнаць і правучыць так, каб не толькі пяром — лыжкай яшчэ доўга не мог карыстацца!

Слугам не трэба было паўтараць двойчы. З гучным свістам і цюгаканнем яны, нібы харты на паляванні, кінуліся за сваёй здабычай у дзверы, а пан Сасноўскі, каб не губляць часу, па-хлапечы шугануў у акно. За ім кінуўся і Тышкевіч, які, міжволі паддаўшыся агульнай лютасці, умяшаўся ў справу, што ніяк яго не тычылася.

— За кіі, хлопцы! За кіі! — дзелавіта загадаў аканом моцным чалядзінам, якія збегліся паглядзець, што адбываецца, і тыя, схапіўшы хвосткія палкі, таксама падаліся на ловы.

Не паспеў князь і вокам міргнуць, як двор апусцеў — першым за вароты на сваім гнядым жарабцы вылецеў Янкоўскі, за ім Сасноўскі, Тышкевіч, яшчэ адзін радзівілаўскі слуга па імені Карскі і тры ці чатыры чалядзіны — каму хапіла коней. Убачыўшы, што яго моладзь, выбегшы ў двор, спынілася, шукаючы сваіх жарабцоў, якімі ўжо скарысталася пагоня, Багуслаў загадаў хлопцам вяртацца назад.

— Мудрая думка, ваша княжацкая міласць, — падтрымаў яго пан Пуцята. — Бо яшчэ таго нягодніка да смерці заб’юць.

х х х

Янкоўскі з усяе сілы імчаўся па вуліцах Варшавы, ратуючыся ад пагоні, што вось-вось павінна была яго дагнаць. Хацеў падацца за абаронай да Марцыяна Трызны (той сапраўды быў яго сваяком), але, азірнуўшыся, зразумеў, што не паспее — Сасноўскі, які ляцеў наперадзе, ужо дыхаў яму ў патыліцу. Бой гадзінніка на вежы каралеўскага палаца змяніў планы ўцекача, і ён кінуўся на каралеўскі двор, спадзеючыся, што радзівілаўскія слугі не адважацца пераследаваць яго там. Крыкнуўшы вартавым, што ён у палац па загадзе Радзівіла, Янкоўскі трапіў на Вялікі двор, застаўлены карэтамі яснавяльможных гасцей. Пра тое, каб пад’ехаць проста да ганка, дзе звычайна спешвалася знаць, не магло быць і гаворкі. Шляхціц саскочыў з каня і, кінуўшы повад, стрымгалоў пабег да лесвіцы, каб згубіцца ў натоўпе наведнікаў. Раптам магутны ўдар збіў яго з ног.

— Ёсць! — радасна закрычаў Карскі і, урэзаўшы нагой па рэбрах уцекача, прымусіў яго павярнуцца тварам да пераследавацеляў.

Сасноўскі ўжо саскочыў з каня. Стаяў над ахвярай, дзелавіта расставіўшы ногі і падпіраючы галавой неба. Тышкевіч быў крыху далей у атачэнні чэлядзі, якая пагрозліва сціскала цяжкія доўбні.

— Ну што, мярзотнік, папаўся? — спытаў ён. — Ну, давай, кліч на дапамогу — хоць бога, хоць пана Трызну!

— Я — шляхціц! — спалохана віскнуў Янкоўскі, ужо зразумеўшы, што яго чакае. — Няма такога закону, каб шляхціца кіямі караць як сабаку.

— Ды ты, падла, яшчэ горшы за сабаку! — абурыўся пан Казімір. — Сабака руку гаспадару ліжа і верна служыць, а калі і брэша, дык не на гаспадара, а на яго ворагаў.

— Ды што там — трымай яго, хлопцы! — загадаў Сасноўскі чэлядзі, і калі тыя як каршуны кінуліся на шляхціца і прыціснулі яго да зямлі, цяжкай дубовай палкай так ударыў па спіне сваёй ахвяры, што ў той аж косці затрашчалі.

Не губляў часу і Карскі — адзіны з радзівілаўскіх аканомаў, з кім Янкоўскі адкрыта варагаваў. Ён так упарта малаціў кіем па рэбрах ворага, што Сасноўскі толькі сплюнуў і адышоў убок — маўляў, справіцца і без мяне!