Выбрать главу

Шляхціца, які харкаў крывёй, уратавала варта.

— На каралеўскім двары бойку ўчыняеце? — крыкнуў афіцэр, які прыбег на крыкі, тады як яго людзі пагрозліва насоўваліся на парушальнікаў спакою, выставіўшы наперад алебарды.

— Загад князя Багуслава Радзівіла, — буркнуў Сасноўскі, адступаючы да каня. — Досыць, хлопцы, — загадаў ён чалядзінам, і тыя, пакінуўшы ахвяру скуголіць ад болю на брудным бруку, адступілі.

Варта не рызыкнула затрымаць людзей Радзівіла, і яны бесперашкодна пакінулі каралеўскі двор. Калі праходзілі ўнутраныя вароты, Тышкевіч азірнуўся. Да збітага Янкоўскага праз натоўп разявак прапіхваўся Казаноўскі.

х х х

Пра вынікі яго помсты Багуславу паведаміў пан Глябовіч, які прыімчаўся ў радзівілаўскі палац у той жа вечар. Пан Юрый быў на каралеўскім двары падчас расправы над Янкоўскім, таму змог паведаміць сваяку апошнія навіны.

— Кароль прызначыў кіраўніком пасольства пазнанскага ваяводу, — сказаў ён. — Янкоўскага жа ўзяў пад сваю апеку пан Марцыян Трызна, які ўжо рыхтуе пазоў у суд супраць тваёй міласці за тое, што загадаў шляхціца кіямі пабіць. Але больш за ўсё стараецца Казаноўскі: перацягнуў на свой бок кароннага канцлера Асалінскага, каб падаць гэтую справу сенатарам як абразу яго вялікасці!

Багуслаў глядзеў на Глябовіча шырока расплюшчанымі ад здзіўлення вачыма.

— Пры чым тут абраза караля? — здзівіўся ён. — Тое, што я пакараў здрадлівага слугу — гэта справа майго дому, а не дзяржавы!

— Так, але твае слугі, — пан Юрый гнеўна зірнуў на Сасноўскага, які ўвабраў галаву ў плечы, — не знайшлі для экзекуцыі лепшага месца, чым каралеўскі палац.

Супраць гэтага было цяжка нешта запярэчыць. Багуслаў паслухаўся парады Глябовіча і, каб пазбегнуць удзелу ў судовых пасяджэннях, неадкладна выехаў у Галандыю, даручыўшы сябрам улагодзіць гэтую справу. Пан Сасноўскі, які суправаджаў Радзівіла да Гданьска, быў на сёмым небе ад шчасця — нечаканы ад’езд Багуслава выратаваў яго ад рэвізіі.

— Адно добра, — сказаў ён, каб супакоіць князя. — Такое каралеўскае рашэнне зберагло вашу княжацкую міласць ад непатрэбных выдаткаў. А Апалінскі з Казаноўскім яшчэ, дасць бог, спаўна атрымаюць за свае інтрыгі!

Багуслаў не мог з ім не пагадзіцца. А падумаўшы аб тым, што шчасліва пазбег гіганцкіх выдаткаў на гэтае пасольства, князь зусім супакоіўся і вырашыў, што ўсё склалася не так і дрэнна. Пра Янкоўскага, які цяпер адлежваўся ў доме пана Трызны, ён неяк і забыўся.

Раздзел 15

НАДЗВЫЧАЙНАЕ ПАСОЛЬСТВА

Парыж — Брусэль — Гамбург — Гданьск — Варшава

(кастрычнік 1645 года — сакавік 1646 года)

Польскае пасольства дапаўзло да французскай сталіцы толькі ў канцы кастрычніка. Радзівіл жа прыбыў у Францыю на два тыдні раней, перад тым перажыўшы цяжкую страту — падчас п’янай бойкі ў карчме з нейкім англічанінам загінуў Кажэўскі.

29 кастрычніка, калі паслы меліся ўрачыста ўехаць у Парыж, горад нагадваў растрывожаны вулей. Усе месцы ўздоўж шляху польскага пасольства ад Сэнт-Антуанскага перадмесця да Луўра былі занятыя яшчэ з ночы. Просты народ стаяў на вуліцах, знаць вызірала ў вокны, а на балконе Пале-Раяля прыбыцця паслоў нецярпліва чакалі рэгентка Ганна Аўстрыйская з васьмігадовым каралём Луі XIV, яго братам герцагам Анжуйскім, першым міністрам Францыі кардыналам Мазарыні і прынцамі ды прынцэсамі крыві. І вось пасля паўдня пачалася ўрачыстая дзея, што пакінула па сабе бурны след у памяці тагачасных французскіх мемуарыстаў. І не дзіва, бо такога відовішча Францыя, спустошаная шматгадовымі войнамі, ужо даўно не бачыла.

Урачыстыя гукі трубы апавясцілі пра набліжэнне пасольскага картэжу. Наперадзе выступаў полк асабістай пяхоты пана Апалінскага, якога на чыстакроўным турэцкім жарабцы пад срэбнай збруяй суправаджаў афіцэр, апрануты ў жоўты атласны жупан і падшытую дарагімі собалямі чырвоную шаўковую феразь. Сабаліная шапка ротмістра была ўпрыгожаная каштоўнай рубінавай спражкай і снежна-белым страўсавым пер’ем. Простыя пяхотнікі былі ў чырвоных і жоўтых жупанах і такога ж колеру плашчах з васьмю вялікімі срэбнымі зашпількамі.

За пяхотнікамі ехалі два эскадроны кавалерыі; коннікі былі апранутыя гэтаксама, як і пяхотнікі, але тканіна іх адзення была даражэйшай, а конская збруя зіхацела на халодным восеньскім сонцы каштоўнымі камянямі. Французскія гвардзейцы, што ехалі на конях следам, зусім губляліся на фоне гэтай раскошы, а іх коні, упрыгожаныя стужкамі і пер’ем, у параўнанні з польскімі здаваліся дрэннымі і беднымі. За кавалерыяй ехалі польскія вяльможы, неверагодна пышна апранутыя, кожны, вядома, са сваім початам і прыслугай, іх суправаджалі дзеля гонару паважныя французскія кавалеры.