Выбрать главу

Асабліва ўразіла парыжан асабістае суправаджэнне пана пазнанскага ваяводы — дваццаць чатыры вершнікі ў залатой і срэбнай парчовай вопратцы, яны скакалі на выдатных арабскіх і турэцкіх жарабцах. Услед за імі выступалі шэсць герольдаў у ліўрэях з гербамі роду Апалінскіх, якія час ад часу падносілі да вуснаў сярэбраныя трубы, і тады вясёлы вулічны шум перакрываўся іх урачыстымі гукамі. За герольдамі два конюхі вялі белага турэцкага каня пазнанскага ваяводы, сядло і чапрак якога былі затканыя золатам і шчодра ўпрыгожаныя бірузой. На лбе ў высакароднага скакуна ззяў велізарны рубін, а залатая збруя была аздобленая такой колькасцю залатых кісцяў, што здавалася, быццам конь накрыты залатой папонай.

Нарэшце з’явіліся і самі паслы, якіх вёў французскі цырымоніймайстар. Вармійскі біскуп быў у фіялкавай мантыі з тафты, у шапцы такога ж колеру, з якой звісала залатая стужка з дыяментамі, а сам пан Апалінскі, прыгожы трыццаціпяцігадовы мужчына, быў з галавы да ног апрануты ў золата і ззяў шматлікімі каштоўнымі камянямі. Сядзеў ён на выдатным белым кані, пакрытым залатым чапраком і падкаваным чатырма залатымі падковамі, наўмысна слаба прымацаванымі, каб маглі адпасці на шляху да каралеўскага палаца на ўцеху нейкім шчасліўцам. Услед за пасламі ішоў доўгі шыхт гвардзейцаў і слуг, a потым бясконцай чарадой цягнуліся карэты і вазы з асабістымі рэчамі пасольства.

Поезд быў такі велізарны, што цешыў вочы парыжан да самага змяркання і ўразіў іх так, што тагачасныя французскія навукоўцы ахрыплі ў дыспутах, вызначаючы, які з народаў — ці старажытныя персы, ці мідзяне, якія пакінулі пасля сябе залаты след у гісторыі, — былі продкамі гэтых страшэнна багатых палякаў. А тыя, у сваю чаргу, дзівіліся галечы французаў, асабліва здзіўляліся хваленым французскім стужкам і карункам, якімі тыя ўпрыгожвалі сваю вопратку замест каштоўных камянёў, не разумеючы, як такія нікчэмныя анучы можна выстаўляць напаказ замежным гасцям.

Зрэшты, жаданне пахваліцца сыграла з панам Апалінскім злосны жарт — пакуль ён са сваім пышным початам павольна цягнуўся вуліцамі Парыжа да каралеўскага палаца, зусім сцямнела. Кароль і рэгентка, якім, зразумела, і прызначалася гэта відовішча, мала што змаглі разгледзець. Зрэшты, ваявода хутка здагадаўся выправіць такую прыкрасць і назаўтра тым жа ўрачыстым шэсцем прыбыў на каралеўскую аўдыенцыю ў Пале-Раяль, не забыўшыся перад тым на ўсе бакі аблаяць (і не апошні раз!) скупасць французаў, якія не забяспечылі яго почат паходнямі.

На каралеўскую аўдыенцыю ў складзе польскага пасольства з’явіўся і князь Багуслаў. Яна пачалася бясконцымі вітальнымі цырымоніямі прадстаўлення каралю і каралеве шляхетных дэлегатаў. Радзівіл, які, вядома, не меў патрэбы ў рэкамендацыях, паспеў крадком паслаць некалькі паветраных пацалункаў дамам з почату Ганны Аўстрыйскай і дамовіцца са сваім далёкім сваяком, панам Замойскім, які прыбыў у Парыж разам з Апалінскім, пра вясёлы вечар у таварыстве сімпатычных францужанак.

Між тым, аўдыенцыя скончылася і пасольства дружна выправілася ў Неверскі палац, каб прывітаць будучую польскую каралеву.

Мантуанскай герцагіні Марыі Луізе Ганзага ўжо споўнілася трыццаць чатыры гады. Нягледзячы на квяцістыя кампліменты, якімі абсыпаў будучую польскую каралеву французскі пасол, польская дэлегацыя ўбачыла перад сабой высокую дзябёлую жанчыну з раскошнымі персямі. Яны спакусліва вызіралі з дэкальтэ атласнай сукенкі, далікатна-шэры колер якой зусім не пасаваў да надзвычай бледнага твару прынцэсы. Прывабная ў юнацтве, яна да гэтага часу захавала толькі рэшткі прыгажосці. Пану Апалінскаму спадабаліся яе прыгожыя чорныя вочы ды густыя цёмныя валасы і ён тут жа выказаў сваё захапленне з дапамогай пышнага кампліменту. Паколькі ні вялікі востры нос каралеўскай нявесты, ні яе тонкія вусны, ні цяжкое падбароддзе усхваленняў не заслугоўвалі, паслы ўручылі прынцэсе ліст ад караля Уладзіслава і брыльянтавы крыжык — яго падарунак, і ветліва адкланяліся.

Праз некалькі дзён адбылося вянчанне. Пазнанскі ваявода, што павінен быў замяніць караля, разлічваў там канчаткова ўразіць двор сваім багаццем. І тут яго спаткала вялікая нечаканасць — вядомы сваёй скупасцю кардынал Мазарыні наадрэз адмовіўся ладзіць пышнае вяселле. Прыгаломшанаму такой нечаканасцю ваяводу пра гэта паведаміла рэгентка Ганна Аўстрыйская, апраўдваючыся, што лішнія цырымоніі выклічуць непатрэбныя сваркі за першынство паміж прынцамі і прынцэсамі крыві. Пан Апалінскі ўзлаваўся. У Парыжы ён ужо з цяжкасцю трываў скупасць міністра, што прымудрыўся ашчадзіць нават на ўрачыстым абедзе ў гонар польскай дэлегацыі. Пан пасол ледзь не падавіўся там уласным вусам, які грыз, каб схаваць смех і прыкрасць: спачатку — ад беднага пачастунку, а потым і ад «шчодрага» падарунку будучай каралеве — срэбнай талеркі з зацукраванай садавінай. Пасля балю пан Апалінскі ледзь не расквасіў лоб, спускаючыся ноччу па цёмных сходах, бо Мазарыні вырашыў не траціцца на асвятленне палаца. Але гэта ўсё былі дробязі ў параўнанні са знявагай польскай кароны. А галоўнае — вялізныя выдаткі пана ваяводы, які рыхтаваўся да ўрачыстай цырымоніі, аказаліся марнымі. І думаць не было чаго, каб з’явіцца ў палацавай капліцы, якая ледзь змяшчала дзвесце запрошаных, з той помпай, на якую ён разлічваў. І перад кім выхваляцца? Перад суайчыннікамі, якія павінны быць галоўнымі гасцямі на вянчанні?