Выбрать главу

Але як ні абураўся пан Апалінскі, як ні пратэставаў, а вяселле адбылося менавіта так, як сказала Ганна Аўстрыйская. Сціплую цырымонію правёў вармійскі біскуп. Нявеста была ў простай срэбна-белай глазетавай сукенцы і ў пазычаных у французскай каралевы раскошных жамчугах. Каралеўскую мантыю ёй ускласці не дазволілі…

Пасля пачаліся вясельныя гулянні, і настрой паслоў трохі палепшыўся. Сёмага лістапада яны з задавальненнем паглядзелі французскую і італьянскую камедыі ў тэатры Пале-Раяль. А на наступны дзень у каралеўскім палацы адбыўся баль, водгалас якога яшчэ доўга разносіўся па Еўропе, падхоплены вострымі пёрамі тагачасных газетчыкаў. Але гэты розгалас выклікалі зусім не элегантныя танцы малога «караля-сонца», які адкрыў балет у пары з польскай каралевай, і не нейкія асаблівыя ўрачыстасці, бо яго правялебнасць і гэтым разам не дужа расшчодрыўся, — а цікавы выпадак, якім Багуслаў Радзівіл зноў гучна заявіў пра сябе.

х х х

Князь Багуслаў на балі адкрыта нудзіўся. Апрануты ў элегантны серабрысты атласны камзол з брыльянтавымі гузікамі і каскадам тонкіх брабанцкіх карункоў на вялікім адкідным каўняры і манжэтах батыставай кашулі, ён вылучаўся з натоўпу суайчыннікаў, апранутых у польскія строі. Тыя няўхвальна пазіралі на Радзівіла, які і выглядаў як француз, і перавагу аддаваў таварыству французскіх арыстакратаў з атачэння Гастона Арлеанскага. Пасля смерці Людовіка гэты мяцежны прынц спрабаваў граць галоўную ролю ў французскай палітыцы, а паколькі быў пакрыўджаны на польскага караля, які не ажаніўся з яго дачкой, рабіў усё, каб пан Апалінскі адчуваў сябе ў каралеўскім палацы як мага больш няўтульна. Ён прыставіў да польскай дэлегацыі вострага на язык сына герцага д’Эльбефа — Франсуа Луі Латарынгскага, графа дэ Р’е, які павінен быў займаць размовамі паслоў. Гэтаму пану ўдалося пакінуць сваё імя ў гісторыі дзякуючы гучным паядынкам з прадстаўнікамі вышэйшай французскай арыстакратыі, сярод якіх быў і славуты пераможца пры Ракруа герцаг Энгіенскі.

Пра любоўную сувязь Марыі Ганзага і герцага Энгіенскага добра ведалі ў Францыі, але нічога не ведалі ў Польшчы. Дэ Р’е вырашыў выправіць непаразуменне, распавёўшы гэтую пікантную падрабязнасць польскай дэлегацыі. А затым адразу ж перайшоў да не менш цікавага эпізоду ў жыцці польскай каралевы, выклаўшы ўсім ахвотным дэталі яе рамана з герцагам Арлеанскім, які скончыўся зняволеннем Марыі ў Венсэнскім замку. Пасля надышла чарга сумнавядомага маркіза Сэн-Мара… Шакаваныя палякі слухалі балбатлівага француза, разявіўшы раты. Багуслаў не надта прыслухоўваўся, ён якраз гаварыў з малодшым сынам Лізаветы Багемскай Эдуардам, што некалькі месяцаў таму ажаніўся з Ганнай Ганзага. Гэта вельмі абурыла яго маці і братоў — прынцэса не толькі мела скандальную рэпутацыю і была старэйшая за свайго мужа амаль на дзесяць гадоў, але і здолела павярнуць яго ў каталіцтва. Але калі нахабныя словы француза ўсё ж дайшлі да вушэй князя, ён пакінуў суразмоўцу і пачаў прабівацца да графа скрозь шчыльны натоўп прыдворных.

— Закрый рот, дэ Р’е, — параіў ён. — Гэтыя плёткі не робяць гонару ні Францыі, ні Польшчы.

— О! Радзівіл! Спадзяюся, ты не будзеш указваць мне, што я павінен рабіць? — задзірліва ўсміхнуўся той.

— Ды ўжо прыйдзецца, калі астатнія паны языкі праглынулі, — нахмурыўся князь. — Супакойся, кажу табе.

— І сапраўды, — спахапіўся Апалінскі. — Такія словы, прынц, абражаюць годнасць польскай каралевы! І паколькі я прадстаўляю тут асобу яго вялікасці, не магу дапусціць такой знявагі.