Радзівіла і графа дэ Р’е даставілі да герцага Арлеанскага. Прынц Гастон, які, па сведчаннях сучаснікаў, вылучаўся непераўзыдзеным красамоўствам, спрабаваў прымірыць ворагаў. Але гэтым разам яго таленты апынуліся бяссільнымі супраць абражанага гонару латарынгскага прынца: упарты француз, чыя шчака пачынала палаць ад адной думкі пра аплявуху, прагнуў змыць крыўду крывёю саперніка. Пацярпеўшы паразу, герцаг паклікаў на дапамогу кардынала Мазарыні і бацьку дэ Р’е, герцага д’Эльбефа. Агульнымі ўгаворамі яны змусілі графа пагадзіцца на мір. Аднак, паціскаючы руку Радзівілу, ён сціснуў яе з такой сілай, нібыта збіраўся пераламаць ворагу пальцы.
— Не думай, прынц, што ты так лёгка адкараскаўся, — прашыпеў ён на вуха Багуславу. — Тут шмат сведак, але сваю размову мы яшчэ працягнем.
— Ну, калі ты ўжо нажыўся на гэтым свеце, я да тваіх паслуг, — лёгка пагадзіўся князь. — Але калі хочаш, каб наш паядынак усё ж адбыўся, раю абысціся адным секундантам.
— Так і будзе, — сказаў дэ Р’е.
Гэтая размова не прайшла міма вушэй кардынала Мазарыні, і той на ўсялякі выпадак пасадзіў латарынгскага прынца пад хатні арышт.
— Гэта ненадоўга, дарагі граф, — ласкава запэўніў ён раз’юшанага француза. — Толькі пакуль прынц Радзівіл не пакіне Францыю.
З-за ўпартасці дэ Р’е Багуслаў сапраўды пакінуў Францыю ў почаце польскай каралевы, з якой даехаў аж да Брусэля.
Намеснік іспанскіх Нідэрландаў сустрэў каралеву з усёй магчымай пышнасцю. Пасля доўгіх цырымоній госці і гаспадары нарэшце селі за стол, каб аддаць належнае вытанчаным стравам.
— Я б цяпер з’еў нават таго слана, які сустракаў каралеву на гарадской плошчы, — паскардзіўся Багуславу пан Замойскі. Любоў да прыгожага полу, якой грашылі абодва мужчыны, вельмі іх зблізіла. — Ох, хутчэй бы ўжо вярнуцца дадому, дзе я сам сабе пан!
Радзівіл засмяяўся, бо швагра Ярэмы Вішнявецкага за вочы так і клікалі — Сабепанам. Але смех імгненна абарваўся, таму што князь нечакана сустрэўся позіркам з Беатрысай Кюзанс, якая сядзела непадалёк ад намесніка, побач з нейкай іспанскай матронай. Радзівіл не чакаў сустрэць тут былую каханку, якая, па чутках, перабралася ў Францыю. Ад нечаканасці ён пачырванеў, потым пабялеў і нарэшце, апамятаўшыся, злёгку ёй пакланіўся. Графіня на паклон не адказала і наогул глядзела на князя, як на прывід.
— Якая прыгажуня, — свіснуў Замойскі, які таксама звярнуў на яе ўвагу. — Можа, паспрабаваць шчасця?
— Не раю! — ваўком паглядзеў на яго Багуслаў, і Сабепан асцярожна адсунуўся — пра рыцарскія подзвігі Радзівіла ён ужо наслухаўся…
Скарыстаўшыся першай жа магчымасцю, Багуслаў падышоў да графіні, якая дзесьці страціла сваю звыклую весялосць і была даволі маўклівая. Беатрыса ўжо зусім прыйшла ў сябе. Князь здзіўлена адчуў, як калоціцца ў грудзях сэрца: пачуцці да чароўнай жанчыны, якія, як ён думаў, астылі, разгарэліся з новай сілай. Ён прагна разглядаў яе прыгожае аблічча — вялікія аксамітныя вочы, лебядзіную шыю, панадлівыя грудзі і напаўадкрытыя вусны, якія ён некалі так горача цалаваў і якія хацеў цалаваць цяпер. Графіня патлумачыла гэтыя агледзіны, як любая жанчына, чыя маладосць ужо прайшла.
— Я што, так змянілася? — заклапочана спытала яна, пераймаючыся, каб палюбоўнік не разглядзеў ледзь прыкметныя зморшчынкі ў кутках вачэй, якія па-здрадніцку праступалі скрозь бялілы. — Ты так глядзіш на мяне…
— Змянілася, — кіўнуў Багуслаў. — Стала яшчэ прыгажэйшай.
— Хлус, — Беатрыса з палёгкай усміхнулася.
Убачыўшы ўсмешку на яе вуснах, князь зусім страціў галаву. Нахіліўся і пацалаваў яе пры ўсіх, і быў шчаслівы, што яна яго не адштурхнула. Затым, смеючыся, адказваў нешта на пытанні раўнівых іспанскіх грандаў — прыхільнікаў чароўнай графіні, якія, вядома, хацелі ведаць, што адбываецца. Паводзіў сябе як свецкі кавалер, разумеючы, што зрабіў глупства, і цяпер жадаў яго выправіць. Роблена жартаваў, напаказ весяліўся, але замест дзясяткаў твараў бачыў перад сабой толькі яе вочы, у якіх застыла нямое пытанне.
— Ты надоўга ў Брусэлі? — спытала Беатрыса, калі іх нарэшце пакінулі ў спакоі.
— Заўтра еду…
— Заўтра? Так хутка?..
Яна спалохана глядзела на яго.
— Я думала, што больш цябе не ўбачу, — прызналася прыгажуня. — І вось ты тут… І едзеш… Зноў едзеш… Ад мяне…
У яе вачах нечакана бліснулі слёзы, але тут жа зніклі. Яна ўстала на дыбачкі і, пацягнуўшыся да яго вуха, горача прашаптала: