Выбрать главу

— Тады не будзем губляць часу…

…У тую ноч князю здалося, што ён зноў знайшоў сам сябе — у спальні, дзе пакінуў сваё сэрца некалькі гадоў таму.

— Мы створаны адно для аднаго, — сказаў ён, шчасліва выцягнуўшыся ў ложку побач з ёй. — Якім жа я быў дурнем, што гэтага не разумеў!

Беатрыса задаволена засмяялася. Яе нізкі хрыплаваты голас прыемна казытаў вушы, узбуджаў пачуццё. Багуслаў прыціснуў яе да сябе і з задавальненнем правёў рукой па голым целе, што пахла малаком і мёдам. Яна гулліва накруціла на палец пасму яго валасоў.

— Ты застанешся, праўда?

— Праўда, — усміхнуўся Багуслаў. — Ніколі не думаў, што буду ўдзячны нягодніку Апалінскаму, што адабраў у мяне званне і прывілеі паўнамоцнага пасла. Але цяпер я за гэта гатовы яго расцалаваць… Я твой, каханая! — шчыра запэўніў ён яе, і тады сапраўды казаў, што думаў. — Я твой.

…Развітаўшыся з польскай каралевай, Сабепанам і польскай дэлегацыяй, Багуслаў застаўся ў Брусэлі, дзе некалькі тыдняў атрымліваў асалоду ад кахання.

Але нават самыя салодкія стравы прыядаюцца, і бурны нораў князя, які прагнуў прыгод, у рэшце рэшт узяў верх над пачуццямі. Каб пацешыцца, на кароткі час з’ехаў у аўстрыйскую армію, якой кіраваў славуты палкаводзец Пікаламіні, а затым у Гаагу, узяўшы слова з графіні, што яна абавязкова прыедзе да яго.

х х х

…Падарожжа польскай каралевы на сваю новую радзіму зацягнулася на доўгія чатыры з паловай месяцы. Яго ўскладнялі велізарны картэж і гасціннасць галандскіх ды нямецкіх гарадоў, якія ўрачыста прымалі высокую госцю. Марыя была шчаслівая — яна ўсё жыццё марыла пра карону, і вось нарэшце лёс уручыў ёй жаданы падарунак. Да падарожжа яна добра падрыхтавалася, узяўшы ў почат некалькіх бедных, затое маладых і прыгожых францужанак, чыё хараство служыла яе амбітным планам. Захапіла і пяцігадовую дачку сваёй карміцелькі, паабяцаўшы маці забяспечыць дзяўчынцы вялікую будучыню, нават не здагадваючыся, чым абернецца яе дабрыня…

У Гамбургу картэж каралевы сустрэў пасланец ад караля Уладзіслава, які хацеў ведаць, дзе яго жонка, ад якой ён увесь гэты час не атрымліваў ніякіх вестак. Кароль прасіў Марыю паспяшацца ў Гданьск, дзе меў намер узяць з ёй шлюб. Ён імкнуўся паспець да Вялікага посту, падчас якога царква забараняла вясельныя ўрачыстасці. Забягаючы наперад, варта сказаць, што гэтым планам не наканавана было збыцца, і каралеўскі пасланец павінен быў ехаць у Рым па папскую дыспенсію, якая б дазволіла манаршым асобам заплюшчыць вочы на царкоўныя традыцыі.

Але гэта адбылося пазней. А пакуль ганец уручыў каралеве і яе дамам каралеўскія падарункі — такія неабходныя ў гэтых халодных краях. Гэта былі каштоўныя футры — прыгожыя і раскошныя, якія прыйшліся ўсім да душы. Прымераўшы дарагі ўбор з чырвонага аксаміту, падбітага сабалямі, Марыя нечакана ўбачыла запіску, прышпіленую да рукава. Надпіс быў на польскай мове, але каралева змагла прачытаць і, галоўнае, зразумець абразлівы для яе сэнс.

— «Для пані Экенберг», — здзіўлена пабачыла яна і з агідай скінула каштоўнае футра.

Аб бурным рамане караля з прыдворнай дамай памерлай каралевы, якую ён пазней выдаў замуж за князя Чартарыскага, добра ведалі і за межамі Польшчы. Гэта непрыемнасць сапсавала настрой яе вялікасці. Супакоілася яна толькі тады, калі Апалінскі запэўніў, што ніякага ўплыву на палітычнае жыццё Польшчы пані Экенберг не мае…

На польскім памежжы каралеву сустракаў літоўскі падканцлер Сапега ў суправаджэнні паморскага ваяводы Дэнхофа, які трымаў у руках абсыпанае дыяментамі маршалкоўскае жазло. Сышоўшы з каня, ён стаў на калена перад каралевай і, працягнуўшы ёй каштоўнасць, урачыста вымавіў:

— Яго вялікасць кароль ужо ўручыў мне атрыбуты маршалка двара вашай вялікасці, але мне б вельмі хацелася атрымаць іх з вашых рук, мая пані.

Марыя засмяялася і, узяўшы жазло, уручыла яго Дэнхофу.

Апалінскі збялеў. Усе яго інтрыгі і гіганцкія выдаткі на пасольства былі скіраваны менавіта на атрыманне пасады маршалка, а яна дасталася іншаму. Калі б князь Багуслаў мог цяпер бачыць пана ваяводу, добра б пазласлівіў — жаданае месца польскага пасла, якое ён з такой цяжкасцю вырваў у Радзівіла, не прынесла яму нічога, акрамя страт. Перадаўшы каралеву пад апеку Дэнхофа, ён злы і раздражнёны, з’ехаў дадому.

Непадалёк ад Алівы яе вялікасць чакаў брат караля Караль Ваза разам з літоўскім канцлерам, каронным падканцлерам і ваяводамі. Але самую цёплую сустрэчу атрымаў князь Альбрэхт. Даведаўшыся, што той таксама Радзівіл, каралева запэўніла, што добра ведае пра славу ды моц і яго дому, і асабіста канцлера, чым вельмі парадавала ганарлівага чалавека. Пазнаёмілася каралева і з іншымі Радзівіламі, у прыватнасці, з князем Янушам, які прыбыў на каралеўскае вяселле ў асяроддзі неверагодна пышнага почату і асляпіў сваім бляскам не толькі французаў, але і звычных да раскошы польскіх вяльможаў. Яго бездакорная французская, выдатныя прыдворныя манеры, нястомная вынаходлівасць у забавах і танцавальнае майстэрства зрабілі на замежнікаў выдатнае ўражанне.