Выбрать главу

Апошняе пытанне было да Багуслава.

— Прышлю са слугой, як толькі выберуся адсюль, — спакойна сказаў князь, бо да стайні, на якую паказваў іх вызваліцель, было шапкай дакінуць. І дадаў, заўважыўшы, што афіцэр сабраўся пратэставаць: — Ну, самі падумайце, шаноўны шэвалье, калі б мы мелі пры сабе тыя дзве сотні пістоляў, якія я вам паабяцаў, ці апынуліся б мы ў турме?

— Мы так не дамаўляліся! — натапырыўся Лабардэ. — Грошы наперад або…

— Або што? — Радзівілу ўжо надакучыла прыкідвацца пакорлівай авечкай. — Адправіце нас назад у той каменны мех, адкуль вызвалілі? Не выйдзе!

З гэтымі словамі ён спрытна выхапіў шпагу ў здзіўленага такой дзёрзкасцю афіцэра. Той адкрыў рот, каб паклікаць на дапамогу, але зразумеў, што такое глупства дорага яму абыдзецца. Цяжка дыхаючы, абурана глядзеў на князя.

— Дзіўны вы чалавек, шэвалье, — уздыхнуў Радзівіл. — Я, здаецца, даў слова гонару, што вярну вам доўг… Добра, пойдзем, правядзеце нас у стайню, каб не здарылася якой нечаканасці.

Лабардэ вельмі не хацелася гэтага рабіць, але яго шпага была ў руках Багуслава і, мяркуючы па ўпэўненых дзеяннях былога зняволенага, магла лёгка абярнуцца супраць свайго гаспадара. Цяжка ўздыхнуўшы, ён змірыўся з непазбежным…

У стайні было пуста. Коні павольна жавалі свой авёс і не звярталі ўвагі на незнаёмцаў. Радзівіл, якому хацелася хутчэй выбрацца адсюль, збіраўся было асядлаць першага-лепшага каня, але Ян ціхенька тузануў яго за рукаў і паказаў вачыма ўбок. Зірнуўшы, Багуслаў задаволена ўсміхнуўся — там стаялі іх коні. Убачыўшы гаспадароў, яны радасна заіржалі.

— Куды? — тузануўся Лабардэ, зразумеўшы намер уцекачоў, але тыя толькі адмахнуліся.

— Мы ж не злодзеі, месье, — радасна абвясціў разгубленаму французу Ян. — Жадаем вярнуць сваю ўласнасць.

Асядлаць коней яны не паспелі — у стайню нечакана зайшоў капітан, які ўжо лічыў сябе безумоўным уласнікам высакародных жывёл і прывёў сяброў пахваліцца здабыткам. Убачыўшы, што адбываецца, ён на імгненне страціў мову, але хутка авалодаў сабой.

— Гэта ж мае вязні! — крыкнуў ён. — Бегчы вырашылі? Гэй, трымаеце іх! А таго здрадніка, — ён паказаў на бледнага як смерць Лабардэ, — я павесіць загадаю або расстраляць! Тут і зараз!

Над галавой няшчаснага француза бліснула некалькі шпаг.

— З мяне хопіць, — сказаў Радзівіл Невяроўскаму. — Хай будзе што будзе, але я зараз заткну рот гэтаму нягодніку… Гэй, капітан! — гучна крыкнуў ён, засланяючы беднага афіцэра. — Я бачу, пара нам яшчэ раз пазнаёміцца. Я — Багуслаў Радзівіл, прынц Свяшчэннай Рымскай імперыі. І калі з галавы гэтага чалавека ўпадзе хаця б валасок, вы будзеце адказваць перад каралеўскім судом за мой незаконны арышт.

Словы князя выклікалі ва ўсіх прысутных замяшанне. Капітан доўга маўчаў, выціраючы з ілба халодны пот, і нервова аглядаў госця, шукаючы ў яго знешнасці доказаў такой гучнай заяве.

— А як вы дакажаце, што вы прынц? — нарэшце спытаў ён, бо налічыў іх не занадта шмат. — Вы разумееце, што ваша вопратка не выклікае даверу.

— Ваш давер мне не патрэбны, — адказаў Багуслаў, прыгладзіў доўгія валасы, якія, нягледзячы на засцярогі Невяроўскага, так і не наважыўся абрэзаць. — Спадзяюся, тут знойдуцца людзі, якія ваявалі са мной у Галандыі? Калі ж не, мяне добра ведае сам маршал дэ ла Форс.

Прызнанне Радзівіла зрабіла сваю справу, і за нейкія тры чвэрці гадзіны яны з Невяроўскім ужо сядзелі за сталом у дэ ла Форса і забаўлялі гасцей расповедам пра свае прыгоды. Нягледзячы на тое, што князь усяляк стараўся не згадваць імя дэ Р’е і аджартоўваўся ад пытанняў пра мэту свайго дзіўнага наведвання Францыі, госці не маглі не ўспомніць аб аплявусе, якой Радзівіл пачаставаў сына д’Эльбефа. А згадаўшы пра гэта, лёгка дадумалі і астатняе. Іншым разам князя б засмуціла такая праніклівасць, але сёння за сталом з бравымі ваякамі сядзела прыгожанькая дачка маршала — Шарлота, якая не зводзіла з яго вачэй. Першы ж камплімент князя прымусіў яе пачырванець ад задавальнення, а яе строгага бацьку — ад гневу, бо тое, што Багуслаў — неперавершаны сэрцаед, было яму добра вядома.

— Не злуйцеся на мяне, мансеньёр, — услых сказаў герцаг, вырашыўшы як мага хутчэй пазбавіцца ад небяспечнага госця. — Але я вымушаны адправіць вашу светласць у Парыж, бо кардынал Мазарыні ні за што не даруе мне, калі я гэтага не зраблю…

Ужо на наступны дзень Радзівіл пакінуў французскі лагер і пад аховай адправіўся ў Парыж, па дарозе размінуўшыся з графам дэ Р’е, які якраз спяшаўся ў Ракруа.

х х х

Да здзіўлення Радзівіла, кардынал Мазарыні сустрэў яго вельмі ветліва і прыязна. Яго правялебнасць ужо тады меў досыць клопатаў з французскай арыстакратыяй, якая за два гады абернецца Фрондаю, — у прыватнасці, з герцагам д’Эльбефам і яго сынамі, якія ненавідзелі італьянскага выскачку. Але ён усё яшчэ не губляў надзеі ўлагодзіць усе супярэчнасці мірам. У яго былі і некаторыя планы на Багуслава, пра якія ён і паведаміў, так старанна падбіраючы словы, што нарадзіла б падазрэнне і ў менш разумнага чалавека, чым князь.