— Я ведаю, мансеньёр, што вас добра прымаюць і вітаюць у Гаазе, — сказаў сеньёр Джуліа. — Прынамсі, значна больш ветліва, чым майго пасла.
— Вашай правялебнасці, без сумневу, добра вядомыя прычыны такой халоднасці штатгальтара, — сказаў Багуслаў, які на гэты раз вырашыў не гуляць у дыпламатыю, каб лепш выведаць намеры міністра. — Прынц Аранскі лічыць, што Францыя робіць усё, каб мір паміж Галандыяй, Нідэрландамі і Іспаніяй, аб якім ужо дамовіліся дыпламаты, так і не быў заключаны.
Мазарыні не чакаў ад князя такой шчырасці і нервова захадзіў па пакоі.
— Вы разумны чалавек, мансеньёр, — зноў загаварыў ён. — І павінны разумець, што калі іспанскі кароль гатовы прызнаць незалежнасць Аб’яднаных Правінцый, то робіць гэта толькі таму, што няма іншага выйсця. Калі вайна працягнецца яшчэ год-другі, Іспанія пагодзіцца на значна большыя саступкі, чым тыя, на якія ідзе цяпер. Вы не галандзец, і інтарэсы гэтай краіны вас не тычацца. Затое вы пратэстант, і павінны разумець, што ў інтарэсах пратэстанцкага свету працягнуць вайну, якая яго ўмацуе тым больш, чым мацней пахіснуцца пазіцыі іспанскага караля і аўстрыйскага імператара, ці то Рыма, інтарэсы якога яны абараняюць. Што скажаце?
— Скажу, што такія словы нячаста пачуеш ад кардынала, — усміхнуўся Багуслаў.
— Я не толькі кардынал, я міністр, і я павінен клапаціцца перш за ўсё пра інтарэсы краіны. Паколькі інтарэсы Францыі і пратэстанцкага свету супадаюць, мне здаецца, што і пратэстанцкі прынц павінен працаваць на карысць сваёй рэлігіі, прынамсі ў такой жа ступені, як і каталіцкі святар.
— Спадзяюся, ваша правялебнасць не думае, што ў маіх сілах пераканаць прынца Аранскага не падпісваць мір з Іспаніяй без згоды Францыі? — засмяяўся Багуслаў. — Запэўніваю вас, што ніводны правіцель не дапусціць такога ўмяшання пабочных асоб у свае справы.
— Вядома-вядома, — супакоіў яго Мазарыні. — Гэтым павінны займацца французскія дыпламаты. І калі б вы, ваша светласць, пагадзіліся дапамагчы ім у гэтым… скажам, своечасова паведаміўшы сякую-такую канфідэнцыйную інфармацыю, якая можа выявіцца карыснай…
Князь усё зразумеў.
«Здаецца, гэты ліс хоча зрабіць мяне сваім шпіёнам, — злосна падумаў ён. — Калі б ён насіў шпагу, а не сутану і гэтае абсыпанае дыяментамі распяцце, што зараз вісіць на яго шыі і каштуе прынамсі столькі ж, колькі французскі скарб атрымлівае падаткаў за месяц ад ўсяго Парыжа, я, як сумленны чалавек, павінен быў бы даць яму такую ж аплявуху, якую ўжо атрымаў дэ Р’е. Але цяпер я французскі зняволены, і я павінен быць асцярожным, каб не праседзець у французскай турме гэтак жа доўга, як Ян Казімір. Трэба паказаць гэтаму разумніку, што я не толькі не дурнейшы, але хітрэйшы за яго…»
Радзівіл усміхнуўся так шырока, як толькі мог.
— Я павінен падумаць, ваша правялебнасць, — паведаміў ён Мазарыні, які трывожна назіраў за сваім госцем.
— Вядома, — з палёгкай уздыхнуў кардынал, бо баяўся, што абражаны яго прапановай прынц дасць волю кулакам. — Спадзяюся, заўтра за вячэрай мы зможам яшчэ раз вярнуцца да гэтай размовы?
Багуслаў з усмешкай кіўнуў. Тады кардынал, ціха ўздыхнуўшы, выклаў на стол мяшэчак з грашыма.
— Я ведаю пра тыя непрыемнасці, якія мансеньёр перажыў па дарозе сюды, — сказаў ён. — Паколькі я лічу вас сваім госцем, то хацеў бы, каб ваша светласць адчуваў сябе ў Парыжы вольна, не пераймаючыся фінансавымі праблемамі.
Калі гэтага патрабавалі справы, Мазарыні, які славіўся сваёй скупасцю, умеў быць шчодрым. Князь з удзячнасцю ўзяў кашалёк, у думках паабяцаўшы, што абавязкова верне доўг міністру пры першай магчымасці. Выйшаўшы з кардынальскага палаца, убачыў Невяроўскага з лёкаямі, якія нецярпліва чакалі яго.
— Ну, дзякуй богу! — Ян неймаверна ўзрадаваўся, што князь вольны. — Што здарылася? — дадаў ён, бо Радзівіл не выглядаў дужа шчаслівым.
— У нас ёсць некалькі гадзін, каб пакінуць Парыж, — заклапочана сказаў Багуслаў. — І зусім няма часу шукаць дэ Р’е па ўсёй Францыі.
— Добра, — крыху разгубіўся Невяроўскі. — Толькі без грошай мы, мансеньёр, далёка не даедзем.