Выбрать главу

— Не пазнаеш мяне? — з разуменнем кіўнуў князь, і калі той адмоўна пакруціў галавой, сказаў: — А памятаеш малога падшыванца, які неяк прыдумаў схавацца ад цябе ў склепе і амаль патануў, трапіўшы ў бочку з півам? Гэта было…

— …у Ліхтэнбергу, — здзіўлена прашаптаў Ганс, які цяпер глядзеў на князя так, як быццам убачыў здань.

На яго маленькіх вачах нечакана з’явіліся слёзы.

— Божа мой… — усхліпнуў ён, малітоўна склаўшы рукі на грудзях. — Ваша светласць!

— Ц-ц-ц… — Багуслаў прыклаў палец да вуснаў і краем вока ўбачыў, як змяніўся з твару малады немец, які цяпер выглядаў так, як быццам праглынуў занадта вялікі кавалак добрай ежы.

А яго выхавацель працягваў гаварыць. Ад хвалявання словы ліліся з яго няспынным шумным патокам, якому, здавалася, не будзе канца.

— Якім жа вы, мой прынц, прыгажуном сталі! — казаў Мечаны Ганс, прыціснуўшы да сэрца парык. — Я горкімі слязьмі рыдаў, калі даведаўся, што вас у Літву адсылаюць, і так прасіў нябожчыцу герцагіню не паддавацца пагрозам вашых літоўскіх сваякоў. Гэта ж трэба было ад маці, ад роднай крыві дзіця адарваць і завезці ў чужыя краі… так, што… ох… нават родныя браты не змаглі пры сустрэчы адзін аднаго пазнаць…

Невяроўскі, пачуўшы гэта, нават прысеў, а Рэчыцкі замёр ад нечаканасці. Багуслаў усхвалявана павярнуўся да юнага прынца, які зусім разгубіўся, пачуўшы такую навіну.

— Ба… гу… слаў? — з цяжкасцю паварушыў ён вуснамі.

Князь кіўнуў. Ён таксама не ведаў, што сказаць, таму моўчкі абняў брата.

х х х

Адаслаўшы слугу шукаць начлег для прынца Франца Германа, які цяпер наадрэз адмовіўся жыць у гэтым заездзе, Багуслаў загадаў шынкару падаць абед у пакой, каб мець магчымасць спакойна пагаварыць з братам. Саксенлаўенбургскі прынц, хоць толькі што ўстаў з-за стала, з уласцівым немцам апетытам не стаў адварочваць носа ад пададзеных страў, аднак больш гаварыў, чым еў. Мечаны Ганс сам узяўся служыць за сталом — не так дзеля этыкету, як дзеля магчымасці паслухаць, пра што будуць гаварыць, і пры выпадку самому ўставіць некалькі слоў.

— Мы ведалі, мансеньёр, што вы ў Галандыі, — казаў ён, віртуозна разводзячы вадой кісленькае рэйнскае вінцо і адначасова падаючы Радзівілу сурвэтку. — Вось я і ўгаварыў вашага айчыма даць дазвол прынцу Францу Герману паехаць у Лейдэн для працягу адукацыі. Хоць ён і ўпарціўся, бо служыць імператару, а той можа няправільна вытлумачыць гэты крок. Спрабавалі паведаміць вам пра наш прыезд, але купец, праз якога перадалі пасланне, страціў яго разам з грузам, калі накіроўваўся ў Галандыю.

— Я таксама атрымаў адказ не на ўсе лісты, якія прыслаў, — сказаў на гэта Багуслаў. — Зрэшты, Франц, я сапраўды рады з табой пазнаёміцца.

Гэтыя запэўніванні былі хоць і не занадта красамоўныя, затое шчырыя і, галоўнае, узаемныя. Затым настаў час для ўспамінаў. Багуслаў услых лаяў сябе за тое, што так і не змог прыбыць у Ратцэбург, каб пазнаёміцца са зводным братам, апраўдваючыся смерцю сясцёр, другім шлюбам айчыма, вайной, якая зрабіла такое падарожжа занадта небяспечным, і, вядома ж, палітыкай, таму што бацька Франца Германа быў адным з імперскіх генералаў, якія ваявалі на баку Габсбургаў і каталіцкага лагера. Ды і цяжка было любіць таго, каго ты ніколі ў жыцці не бачыў і не ведаў, нават калі гэты «нехта» — твой найбліжэйшы крэўны.

Цяпер усё павінна было змяніцца. Страчаныя сваяцкія сувязі аднавіліся і завязаліся зноўку — ужо трывалым вузлом.

х х х

У Гаагу браты адправіліся паасобку — абцяжараны вялікім початам саксонскі прынц мог ехаць значна павольней за Радзівіла, а таму карцела хутчэй дабрацца да сталіцы, каб змыць з сябе дарожны пыл і набыць звычайны выгляд. Убачыўшы Багуслава жывым і здаровым, пан Пуцята ўзнёс рукі ўгору, славячы за гэта бога, а абдымаючы князя, асцярожна яго абмацаў, каб пераканацца, што на яго целе няма павязак, якія хаваюць раненні. З тых часоў, калі Радзівіл адправіўся ў Францыю, нічога яму не сказаўшы, на галаве пана Самуэля дадалося сівізны, а ад бяссонных начэй пад вачыма з’явіліся цёмныя кругі. Усё ж ён не стаў папракаць гадаванца за раптоўны ад’езд, таму што хацеў пачуць пра яго прыгоды. Але, слухаючы аповед князя, час ад часу хапаўся за сэрца, хоць Багуслаў і выкінуў ледзь не ўсе небяспечныя моманты, пакінуўшы толькі тыя, якія маглі насмяшыць слухачоў.

— Ды хопіць ужо ўздыхаць, пан Пуцята, — нарэшце не вытрымаў князь. — Раскажы лепш пра навіны з дому. І пачні з таго пагаднення з Янкоўскім, пра якое мне дарогай абмовіўся пан Рэчыцкі. Мяне вельмі цікавіць, хто і пра што адважыўся дамаўляцца з гэтым здраднікам, нягледзячы на маю асабістую забарону.