Усё ж англійская палітыка закранула і князя — дрэнныя справы Карла І прымусілі жонку штатгальтара змяніць погляды на шлюб старэйшай дачкі Луізы Генрыеты з юным прынцам Уэльскім. Багуслаў насцярожыўся. Пасля шчырай размовы з панам Пуцятам, які маліў выхаванца знайсці сабе годную жонку, князь часцей за ўсё спыняўся на кандыдатуры дачкі штатгальтара, якая падабалася яму сваёй прыгажосцю, рахманым норавам, добрымі манерамі і, вядома ж, магчымасцю парадніцца з Аранскім домам. Але, ведаючы намеры яе маці, князь упарта гнаў з галавы гэтыя надзеі. Цяпер жа скаргі мадам Амаліі павярнулі яго думкі на рамантычны лад.
«Чаму б і не?» — легкадумна падумаў Багуслаў, падміргнуўшы свайму адлюстраванню ў люстэрку, якое вісела за спінай у жанчыны.
А прынцэса Амалія працягвала. Зараз яе скаргі тычыліся французскай палітыкі, у прыватнасці, кардынала Мазарыні. Князя гэта не вельмі здзівіла.
— Калі б не дыпламатычныя хітрыкі гэтага агіднага італьянца, Галандыя б ужо даўно замірылася з Іспаніяй, — сцвярджала жанчына, заломваючы ўнізаныя пярсцёнкамі пальцы. — Кароль Філіп ахвотна б пагадзіўся прызнаць суверэнітэт Аб’яднаных Правінцый, каб захаваць за сабой хоць Нідэрланды. Таму я і падумала… — яна асцярожна паглядзела на князя, — вы ж, мансеньёр, здаецца, добра ведаеце мадам дэ Шэўрэз… Небарака зараз жыве ў Брусэлі, куды яе загнала нянавісць Мазарыні і няўдзячнасць французскай каралевы.
— Сустракаліся некалькі разоў, — асцярожна сказаў Багуслаў, успомніўшы апошнюю сустрэчу з герцагіняй у Брусэлі.
Ён наведаў яе па просьбе польскай каралевы, якая праз князя перадала, што не зможа прыняць у сябе прыяцельку, каб не выклікаць незадаволенасці Ганны Аўстрыйскай.
— Бедная жанчына, — яшчэ раз уздыхнула мадам Амалія. — Вось я і падумала: калі дапамагчы ёй адхіліць ад улады кардынала, чаго так упарта дамагаецца французская арыстакратыя, Францыяй да паўналецця юнага Луі будзе кіраваць Бастон Арлеанскі…
— …які, атрымаўшы ўладу, адразу ж падпіша мір з імператарам і іспанскім каралём, — уставіў князь.
— Так, — пагадзілася Амалія. — Тады Іспанія загразне ў вайне з Партугаліяй, а імператар са сваімі нямецкімі сатэлітамі будзе ваяваць са шведамі.
Багуслаў задумаўся. Паслабленне Швецыі было на руку Польшчы і Літве, якая б змагла, скарыстаўшыся выпадкам, вярнуць сабе шведскія Інфлянты. Васал Польшчы Брандэнбург, які дзеля міру са шведамі разарваў саюз з імператарам, таксама змог бы пазбавіцца ад нязручнага саюзніка.
— І яшчэ адно, — нібы прачытаўшы яго думкі, сказала прынцэса. — Наш удзел у інтрыгах герцагіні дэ Шэўрэз дазволіць удыхнуць новае жыццё ў пратэстанцкую партыю Францыі, абараніўшы інтарэсы адзінаверцаў. Здаецца, вы, мансеньёр, сябруеце з герцагам дэ ла Форс?
Князь усё зразумеў. Не жадаючы прама ісці на разрыў стасункаў з Францыяй і з тымі генераламі, якія выступалі за працяг франка-галандскага саюза, мадам Амалія вырашыла дзейнічаць рукамі замежнага прынца, у розуме і дыпламатычным уменні якога яна ўжо мела магчымасць пераканацца. Радзівіла гэта вельмі цешыла.
— Ва ўзнагароду за сваю працу я папрашу ў вас, мадам, руку дачкі, — вырашыў ён і, шырока ўсміхнуўшыся прынцэсе, паабяцаў служыць ёй, не шкадуючы сіл.
Пасля размовы з жонкай штатгальтара Багуслаў збіраўся наведаць Франца Германа, які ўжо павінен быў прыбыць у сталіцу, але, выпадкова кінуўшы погляд у акно, перадумаў. На паркавай алеі ён заўважыў стройную фігуру прынцэсы Луізы Генрыеты і яе малодшай сястры — дванаццацігадовай Альбярціны Агнэсы. Дзяўчат суправаджаў шумны рой кавалераў, сярод якіх князь разглядзеў маладога штатгальтара Фрысландыі Вільгельма Фрыдрыха і партугальскіх прынцаў Гіёма і Эмануэля.
— Ну што, — уздыхнуў ён. — Ніхто і не казаў, што будзе лёгка.
Прынцэса Луіза была прывабнай дзевятнаццацігадовай дзяўчынай — разумнай, разважлівай і вельмі гаспадарлівай. Была мяккай у зносінах, здавалася ціхай і спакойнай, але мела ў душы трывалы тонкі сталёвы стрыжань, які хоць і гнуўся ў патрэбны дзяўчыне або абставінам бок, але не ламаўся. Да Радзівіла яна заўсёды ставілася трохі насцярожана — з халоднай ветлівай прыязнасцю, у якой, зрэшты, было мала сапраўднай сардэчнасці. Некалькі разоў князь хацеў высветліць прычыну такой нелюбові, але заўсёды знаходзіліся важныя справы, якія перашкаджалі гэтым намерам. Сёння настаў час дзейнічаць…