Выбрать главу

«Хочаш дамагчыся жанчыны — рассмяшы яе». Багуслаў вычытаў гэтую параду яшчэ ў юнацтве ў нейкім лацінскім трактаце і з тых часоў не раз меў магчымасць пераканацца ў яе слушнасці. Сёння яна таксама не падвяла — князь паспяхова адціснуў ад прынцэс іх кавалераў. Скарыстаўшыся тым, што шырыні дарожкі, па якой яны ішлі, хапала толькі для трох чалавек, ён узначаліў працэсію разам з дзяўчатамі, забаўляючы іх гісторыяй свайго падарожжа ў Францыю, якую намагаўся выкладаць як мага пацешней.

Прынцэсы весела смяяліся. Пасля шпацыру Луіза ўжо глядзела на Багуслава значна прыязней, а яшчэ праз некалькі дзён яе звыклая насцярожанасць бясследна знікла.

— Аказваецца, прынц Радзівіл вельмі мілы, — сказала яна сястры Агнесе, якая таксама лічыла Багуслава самым прывабным і ветлівым з усіх прыдворных кавалераў.

Прыяцелі, якія сталі сведкамі гэтай размовы, адразу ж распавялі пра яе князю, і Багуслаў, павіншаваўшы сябе з маленькай перамогай, падрыхтаваўся атрымаць яшчэ большую.

На наступны дзень ён зноў быў у палацы. З-за хваробы штатгальтара ўсе прыдворныя забавы былі адмененыя. Моладзь разганяла нуду коннымі паездкамі ў лес або да прыбярэжных выдмаў Свенінгена, дзе ела, піла і забаўлялася, дыхаючы марскім паветрам. Некаторыя, пераапрануўшыся ў простую вопратку, ехалі ў Лейдэн або Дэлфт, каб паласавацца свежымі вустрыцамі ва ўтульнай карчме, запіваючы іх кантрабандным іспанскім віном. Радзівіл ужо не раз выпраўляўся на такія прагулкі з Вільгельмам Аранскім і іншымі вяльможнымі кавалерамі. Іх, зразумела, вабілі не вустрыцы, а невялікія вясковыя святы, якія ладзіў для сябе просты люд. Там можна было без асаблівых высілкаў перажыць любоўную прыгоду. Але асаблівую папулярнасць гэтыя скандальныя ваяжы атрымалі сярод прыдворных дам, якія, прыкідваючыся прасталюдзінкамі, прымудраліся чапляць кавалераў — вядома, зусім не высакароднага паходжання.

Так вясёлыя забавы падалей ад строгіх вачэй мадам Амаліі найлепшым чынам спрыялі любоўным прыгодам, і Багуслаў прапанаваў прынцэсе Луізе трохі развеяцца. Дзяўчына вагалася нядоўга. Ужо на наступную раніцу яны з Радзівілам, прынцам Францам Германам, графам фон Дона і яшчэ тройкай дам і кавалераў весела распіхвалі натоўп на прыстані: здавалася, палова Гаагі ў гэты пагодны дзень вырашыла выбрацца за горад.

Сышоўшы на бераг у Зевенхёзене, кампанія з галавой занурылася ў забавы, якімі поўнілася невялікае мястэчка, аблюбаванае для адпачынку гаагскай і лейдэнскай моладдзю. Хуценька паснедалі ў адной з прыгожых тавернаў свежаспечаным хлебам з маслам, смятанай, свежымі вішнямі і печывам, якое кавалеры перад тым, як адправіць у рот, шчодра вымочвалі ў віне, — і рушылі далей, туды, дзе гучала вясёлая музыка і гучны рогат разявак.

Карусель! Убачыўшы такую забаўку, дзяўчыны завішчалі ад захаплення і, учапіўшыся ў сваіх кавалераў, храбра ўсталі на драўляны круглы памост, які круціўся з дапамогай хітрага механізму і сілы трох цягавітых мужчын, схаваных ад чалавечых вачэй размаляванай драўлянай сценкай.

— Ох, у мяне круціцца ў галаве, — манерна прашаптала прынцэса Луіза, і Багуслаў адразу ж прыціснуў дзяўчыну да сябе.

Затым яны ад душы пасмяяліся, назіраючы за спектаклем нейкага вандроўнага тэатра. Прычым рассмяшыў іх не сам спектакль, які публіцы не спадабаўся, а тое, як тоўсты акцёр з прычапным велізарным пузам спрытна ўхіляўся ад гнілой садавіны, якой гледачы шчодра ўзнагароджвалі гора-артыста. Затым, змяшаўшыся з натоўпам вясёлых ткачоў, якія адзначалі дзень святога заступніка свайго цэха, хлопцы разам з імі ўзялі ўдзел у выбарах караля стралкоў. Страляць даводзілася з вялізнага лука ў драўляную птушку, якая сядзела на вяршыні высокага сасновага слупа. Ці не ўсе кавалеры, баючыся зняславіцца, адмовіліся ад спаборніцтваў. Але Багуслаў, які з дзяцінства практыкаваўся з лукам і стрэламі, упэўнена нацягнуў цеціву. Трапны стрэл — збітая стралой птушка паляцела ўніз, а яшчэ праз імгненне вясёлы натоўп падхапіў ашаломленага ад нечаканасці князя і, некалькі разоў падкінуўшы, каранаваў драўлянай каронай. Пасля гэтага каралю трэба было выбраць сабе каралеву сярод самых прыгожых дзяўчат, якія ў чаканні такога гонару стралялі вачыма ў незнаёмца. Але Радзівіл, вядома, іх расчараваў — пасадзіў на імправізаваны трон прынцэсу Луізу, і пад гарачыя апладысменты і воклічы чэрні пацалаваў яе проста ў вішнёвыя вусны.