У Гаагу ўцекачы вярнуліся шчаслівыя і вясёлыя, але ці не ўсё задавальненне ад падарожжа ім сапсавалі строгія вочы мадам Амаліі. Каля яе Багуслаў нечакана заўважыў Тарэнта, якога не бачыў ад вяртання ў Гаагу, бо той кудысьці ад’язджаў па справах. Забіяка аж палаў ад лютасці, якую з цяжкасцю стрымліваў. Гэта крыху здзівіла князя, але на Трэмуйля яму было начхаць. Ён не звярнуў бы на пачуцці былога ворага ніякай увагі, калі б не дзіўны выраз твару прынцэсы Луізы, якая глядзела на яго нейкім залішне пяшчотным і вінаватым позіркам. Калі яна, апусціўшы галаву, пайшла ўслед за маці (той хацелася насварыцца на дачку), прынц Шарль Анры рашуча падышоў да Багуслава.
— Што ты маеш да прынцэсы Луізы? — груба спытаў ён.
Прыгожае брыво князя здзіўлена ўзляцела ўверх.
— Я што, павінен табе даваць справаздачу? — холадна пацікавіўся ён, але ўсё ж не ўтрымаўся ад насмешкі. — Але калі ты так пераймаешся рэпутацыяй кузіны, то скажу, што маю на яе конт самыя сумленныя і сур’ёзныя намеры.
Трэмуйль успрыняў гэты адказ так, быццам атрымаў аплявуху.
— Мала ў мяне да гэтага часу было праблем з-за ўпартага жадання прынцэсы Амаліі выдаць дачку замуж за прынца Уэльскага, — працадзіў ён праз зубы. — Мала зараз маю непрыемнасцей з-за фрысландскага штатгальтара, які дзеля выгады хоча павесці яе пад вянец. Дык цяпер яшчэ і цябе д’ябал зноў ставіць на маім шляху! Ты яе не атрымаеш, чуеш?
— Гэта не табе вырашаць, — адрэзаў князь, якога фрысландскі штатгальтар як пажаданы з палічных матываў Аранскага дома жаніх хваляваў значна больш, чым Тарэнтава злосць.
Іх сярдзітыя погляды скрыжаваліся, нібы аголеныя шпагі. Убачыўшы, што наспявае сварка, да іх кінуліся сябры. Але Багуслаў хацеў высветліць усё да канца. Гэтага ж хацеў і Тарэнт. Адмахнуўшыся ад таварышаў, яны выйшлі на двор і сталі аглядацца ў пошуках ціхага месца, дзе можна было б пагаварыць. Таму князь адразу ўбачыў прынцэсу Луізу, якая з усіх сіл бегла да іх. Яе прыгожы твар аж гарэў трывогай.
— Вы ж не збіраецеся зноў сварыцца? — яшчэ здалёк крыкнула дзяўчына.
Багуслаў пастараўся паказаць на твары бесклапотную ўсмешку.
— Вядома, не, — запэўніў ён і павярнуўся да Тарэнта, чакаючы падтрымкі.
Але не дачакаўся.
— Збіраемся, — злосна адрэзаў Шарль Анры. — Я збіраюся сварыцца з кожным, хто лічыць, што мае нейкае права быць з табой, Луіза. І калі ты сапраўды кахаеш мяне так, як кажаш, то цяпер скажаш пра гэта прынцу Радзівілу!
Дзяўчына пачырванела.
— Кахаю, — усё ж пацвердзіла яна, нясмела зірнуўшы на Багуслава, які праз дэмарш Тарэнта згубіў звычайную вынаходлівасць.
Багуслаў разгубіўся — і ад атрыманага прызнання, і ад таго, што нахабнае аблічча Тарэнта пасля гэтага слова нечакана засвяцілася бясконцым шчасцем і любоўю. Зразумеўшы, што французскі нахабнік па вушы закаханы ў прынцэсу Луізу, Радзівіл адчуў, як у яго грудзях заварушылася нешта падобнае да спачування.
— Я не асмелюся прынесці вашай высокасці ніякіх пакут і непрыемнасцей, — як мага больш галантна запэўніў ён прынцэсу з выглядам азартнага гульца, які спрабуе захаваць годнасць у дрэннай гульні.
Вярнуўшыся дадому, Багуслаў лёг спаць злосным і раздражнёным. Прачнуўся на наступны дзень ад таго, што пан Пуцята садраў з яго коўдру і рашуча патрос за плечы, патрабуючы прачнуцца.
— Пан Самуэль, ты што, здурнеў? — Багуслаў паспрабаваў засунуць галаву пад падушку, якую маршалак бязлітасна вырваў з яго рук.
— У нас госці, найяснейшы князь, — паведаміў Пуцята, не звяртаючы ўвагі на пратэсты патрона. — Нашы землякі, даведаўшыся аб знаходжанні вашай княжацкай міласці ў Гаазе, прыйшлі засведчыць вам сваю пашану.
— Якія яшчэ землякі? — Багуслаў раздражнёна сеў на ложку. — Мне з імі і дома клопатаў хапае.
— Ян Патоцкі, а з ім яшчэ адзін, — пан Пуцята быў няўмольны. — Звычаі гасціннасці…
— Ды кліч ужо, кліч! — здаўся Радзівіл, бо добра ведаў, што не пераканае маршалка. — І распарадзіся тады, каб шынкар накрываў на стол — спадзяюся, яшчэ не занадта рана?
— Для абеда або для вячэры? — не прамаўчаў выхавацель і, працягнуўшы князю штаны, пайшоў выконваць распараджэнні.
Калі госці зайшлі ў пакой, Багуслаў ужо паспеў сяк-так апрануцца і расштурхаць Невяроўскага, які стомлена хроп на суседнім ложку.
Ян Патоцкі і яго прыяцель Стэфан Нямірыч належалі да паважаных арыянскіх родаў, з якімі біржанскія Радзівілы падтрымлівалі сяброўскія адносіны па палітычных матывах. Таму Багуслаў не мог не зладзіць ім цёплай сустрэчы, якая вельмі ўзрадавала юнакоў. Маладыя людзі ўжо паспелі павучыцца ва ўніверсітэтах і зараз збіраліся ў падарожжа па еўрапейскіх краінах. Абодва мелі прыемную знешнасць, былі пачцівымі і неяк незаўважна ўліліся ў радзівілаўскае таварыства, дзе неўзабаве сталі сваімі. Намеры адправіцца ў падарожжа хутка забыліся — знаёмства з князем Багуславам адкрыла ім абодвум дзверы ў высокі свет, дзе хапала забаў. Разам елі, пілі і весяліліся, палявалі ў кампаніі прынца Франца Германа і галандскіх арыстакратаў, заляцаліся да жанчын… Радзівіл здаваўся ім нейкім боствам, якое асляпіла нявопытныя сэрцы бляскам і лёгкасцю свайго жыцця.