Нягледзячы на настойлівасць мадам Амаліі, якая патрабавала ад Багуслава хуткага ад’езду ў Брусэль, і вялікае жаданне самога князя зноў убачыць Беатрысу, Радзівіл пакуль не мог пакінуць Галандыю. Да яго прыбыў пасланец ад караля Уладзіслава, які ад імя манарха прасіў князя вярнуцца дадому, каб узяць удзел у вайне з туркамі. Пра тую вайну кароль не пераставаў марыць з часу свайго ўзыходу на прастол. Зразумела, што Багуслава, чыя галава была забітая іншымі справамі, такая прапанова не радавала.
— А як там справы з нягоднікам Янкоўскім? — спытаў ён у пасланца не так дзеля цікавасці, як для таго, каб знайсці падставу на час адкласці вяртанне на радзіму.
Справы былі выдатныя. Каб часткова нівеліраваць уплыў каронных сенатараў на чале з Ярэмам Вішнявецкім, якія супраціўляліся каралеўскім ваенным планам, Уладзіслаў, нягледзячы на незадаволенасць каталіцкага духавенства, усё ж уручыў Янушу Радзівілу малую гетманскую булаву, перадаўшы вялікую яго дзядзьку Кішку. Таксама князь Януш, дамогшыся ад жамойцкай шляхты паўторнай намінацыі яго генеральным жамойцкім старостам, а ў караля — зацвярджэння гэтай годнасці. Ён трыумфальна ўвайшоў у сенат, дзе заняў належнае яму сенатарскае крэсла. Поспехі кузэна, вядома ж, адбіліся на «справе Янкоўскага»: Багуславаў слуга Карскі атрымаў каралеўскую амністыю. Пагроза судовага пераследу, якім Янкоўскі пагражаў Сасноўскаму, таксама адпала, але не з-за каралеўскай ласкі, а таму, што сам пазоўнік знік.
— Як знік? — азадачана перапытаў Радзівіл, але, наткнуўшыся на красамоўны погляд пана Пуцяты, які стаяў у вітальні, каб чуць размову, прыкусіў язык.
— Я не хацеў гэтага, — пазней апраўдваўся ён перад маршалкам. — У рэшце рэшт, няма ніякіх прыкмет, што да яго знікнення хоць неяк датычны Саковіч.
Пан Пуцята красамоўна кашлянуў, і Багуслаў, каб адмахнуцца ад пакут сумлення, проста перастаў думаць пра гэтую брудную справу. Маршалку ж даручыў заняцца закупкай зброі, каб экіпіраваць ёю свой уласны полк, з якім меў намер граміць туркаў.
Наведаў Багуслава і Крыштаф Арцышэўскі. Стары воін ззяў ад задавальнення — стараннямі Радзівілаў ён атрымаў ад польскага караля запрашэнне на ваенную службу.
— Наш найяснейшы пан даслаў мне патэнт генерала артылерыі кароннай арміі! — хваліўся ён, выціраючы шчаслівыя слёзы на маршчыністых шчоках. — З гадавой пенсіяй 6000 злотых! Дасць бог, я яшчэ паслужу нашай мілай Айчыне!
Багуслаў не мог не парадавацца за старога слугу свайго дома і, павіншаваўшы, развітаўся з ім, спадзеючыся хутка сустрэцца ў Польшчы. Сам ён з слугамі адбыў у Брусэль, дзе яго чакалі каханне і новыя прыгоды. Перад ад’ездам яшчэ раз убачыўся з прынцэсай Луізай, на гэты раз сумнай і заплаканай. Багуславу не прыйшлося доўга шукаць прычын — прынцэса распавяла сама.
— Маці вырашыла аддаць мяне замуж за брадэнбургскага курфюрста, — усхліпваючы, патлумачыла дзяўчына.
Прыгаломшаны Радзівіл не адразу знайшоў, што сказаць. Луіза, якая расцаніла маўчанне як выраз далікатнага спачування, удзячна кранула яго за локаць.
— Я ведаю, што вы, прынц, знаёмыя з маім жаніхом, — ціха сказала яна. — Які ён?
— Фрыц? — задумаўся Багуслаў. — Высокі, даволі прывабны, хоць, вядома, і не такі прыгожы, як Тарэнт. Затое, — хутка дадаў ён, таму што вочы прынцэсы зноў напоўніліся слязьмі, — значна больш разумны і амбітны. Думаю, вы зможаце пакахаць майго кузэна, а ён абавязкова пакахае вас.
Прынцэса выцерла слёзы.
— Вы вельмі мілы, прынц, — сказала яна, працягваючы князю руку для пацалунку. — Спадзяюся, вы часта бываеце ў Берліне. Мне будзе бракаваць вашага таварыства.
Раздзел 18
ВЯЗЕНЬ БАСТЫЛІІ
Парыж
(люты 1647 года)