Выбрать главу

Пасля кароткага наведвання Брусэля Марэк і Ян Сабескія адправіліся ў Францыю і, агледзеўшы галоўныя гарады гэтай краіны, пасяліліся ў Парыжы. Яны сабралі вакол сябе радавітых польскіх шляхціцаў, якія, падарожнічаючы па Заходняй Еўропе, на чужыне стараліся трымацца адзін аднаго. Сярод іх быў і Стэфан Нямірыч. Развітаўшыся з Багуславам у Нідэрландах, ён адбыў у Францыю і выпадкова сустрэўся з Сабескім у Правансе. А праз некаторы час далучыўся да іх кампаніі ў французскай сталіцы. Больш за ўсё Нямірыч пасябраваў з малодшым Сабескім, які быў яму бліжэй і па веку, і па становішчы. Абодва юнакі былі малодшымі сынамі бацькоў і прызвычаіліся, што ўся ўвага дастаецца іх старэйшым братам, якія павінны былі ўспадкаваць ільвіную долю сямейных багаццяў. У адрозненні ад новага прыяцеля, які не мог дараваць князю Багуславу халоднай сустрэчы, Стэфан адкрыта захапляўся Радзівілам. Дзякуючы бязмежнай адвазе, прыгажосці, іранічнай самаўпэўненасці і апантанай празе жыцця Багуслаў здаваўся недасведчанаму юнаку нейкім напаўбогам.

— А якая ў яго каханка! — захоплена апісваў ён Сабескаму побыт Радзівіла ў Брусэлі. — Прыгожая як сонца і гарачая як агонь! Ды што там казаць… такім людзям, як князь, лёс звычайна жыццёвы шлях дыванамі высцілае.

Сабескі толькі пасмейваўся з гэтага сляпога абагаўлення, але Стэфан меў лёгкі і незласлівы характар, таму мудра прапускаў смех таварыша міма вушэй.

А хутка ў Парыжы з’явіўся і сам князь Багуслаў. Пра яго прыезд паведаміў Нямірычу той жа Ян Сабескі, які выпадкова сустрэўся з князем у нейкім шынку.

— Зусім не змяніўся — такі ж напышлівы, які быў, — трохі расчаравана апісаў ён свае ўражанні ад сустрэчы. — У Парыжы зноў інкогніта, і прыбыў сюды, атрымаўшы чарговы выклік ад прынца дэ Р’е. Пра гэта мне сказаў пан Невяроўскі, які таксама з князем прыехаў. Здаецца, тое пасланне вельмі абразіла Радзівіла: крэмзаючы адказ саперніку, дзе паведамляў пра месца і час паядынку, парваў паперу аж у трох месцах.

— Можа, пяро было дрэннае? — асцярожна выказаў здагадку Нямірыч.

— Можа быць… Ну, калі фартуна будзе на баку Радзівіла, хутка мы пра ўсё даведаемся, — дадаў Ян, прыслухаўшыся да біцця гадзінніка на вежы абацтва Сэн-Жэрмен л’Оксеруа побач з домам, дзе жылі Сабескія. — А калі не, і казаць няма пра што.

Нямірыч ускочыў, перакуліўшы крэсла, на якім сядзеў.

— А на якую гадзіну прызначана дуэль? — спытаў ён. — На гэтае відовішча варта было б паглядзець.

— А дзясятай на Каралеўскай плошчы, — сказаў, пазяхаючы, Ян (з часу яго сустрэчы з князем Багуславам прайшлі амаль суткі, якія ён правёў так весела, што зусім не было часу на сон). — Ужо павінна пачацца… Ты куды? — крыкнуў ён услед Нямірычу, але таго ўжо і след прастыў.

х х х

Калі Нямірыч, не разбіраючы дарогі, імчаўся да Каралеўскай плошчы, Радзівіл ужо быў там. Чакаючы саперніка, які трохі пазніўся, даваў апошнія ўказанні свайму секунданту Невяроўскаму, просячы залішне не геройстваваць.

— У рэшце рэшт, гэта справа гонару тычыцца толькі мяне і дэ Р’е, — казаў ён, размінаючы здранцвелае ў сядле цела. — Хай мяне гром лясне, не разумею я гэтых французскіх звычаяў цягнуць з сабой на смерць сяброў ці старонніх асоб, якія да сваркі ніякага дачынення не маюць!

Ян, які выглядаў больш бледным і засяроджаным, чым звычайна, не паспеў адказаць, бо з-за рогу якраз выслізнулі двое мужчын. Нягледзячы на тое, што яны былі з галавы да ног захутаныя ў цёплыя футравыя плашчы (марозік даваў пра сябе знаць), Багуслаў лёгка пазнаў саперніка.

— Нарэшце, — выдыхнуў ён і зрабіў крок насустрач ворагу.

Дэ Р’е расхінуў плашч, у які хутаўся не так ад холаду, як ад жадання захаваць інкогніта.

— Радзівіл! — насмешліва пакланіўся. — Ну і месца ты абраў для паядынку — Каралеўскую плошчу! Шчасце, што часы Рышэлье, калі за двубоі каралі смерцю, ужо прайшлі. Па меншай меры два слаўныя дуэлянты за такую дзёрзкасць жыццём заплацілі… Рады цябе бачыць.

— Пра сябе гэтага сказаць не магу, — сказаў Багуслаў, стаючы ў пазіцыю. — Ты выклікаў мяне на двубой такімі словамі, якіх людзі гонару звычайна не ўжываюць. Хай цяпер увесь Парыж бачыць, як я табе іх у горла запхну. Абараняйся!

Дэ Р’е не давялося ўпрошваць. Але не паспела бліснуць смяротнае лязо яго шпагі, як на месца паядынку пад’ехаў мушкецёрскі атрад. Ён шчыльным колам атачыў разгубленых дуэлянтаў, якія застылі ў пазіцыях, што не дазвалялі ўсумніцца ў іх крывавых намерах.

— Мансеньёры, вы арыштаваныя па загадзе кардынала Мазарыні, — паведаміў бравы лейтэнант. — Аддайце мне шпагі.

— Гэты італьянскі выскачка зашмат на сябе бярэ, калі дазваляе сабе арыштоўваць прынцаў! — злосна крыкнуў дэ Р’е, усё ж аддаючы зброю. — Ты, Каменж, так яму і перадай!