— Але вашай светласці няма чаго хвалявацца, — запэўніў яго камендант. — У вашым жытле пакуль, вядома, усё сціпла, але мы хутка прынясём неабходнае.
— Я і не скарджуся, — запэўніў яго Багуслаў. — У рэшце рэшт, у французскай турме і польскі каралевіч Ян Казімір весела час бавіў.
— Так, я сустракаўся з гэтым прынцам, — скупа ўсміхнуўся дзю Трамбле. — Больш поснага твару мне ў жыцці бачыць не даводзілася.
Зараз ужо засмяяўся князь.
— Бачу, ваша светласць — чалавек вясёлы, — узрадаваўся камендант. — Таму я б хацеў адразу ж абмеркаваць вашу вячэру…
— Так, гэта цікава, — сказаў Багуслаў. — Нішто, пан камендант, так не наганяе апетыт, як перарваны паядынак.
Пачуўшы пра ежу, Невяроўскі, які таксама прагаладаўся, падышоў бліжэй.
— Такім чынам, — пачаў казаць дзю Трамбле. — на ўтрыманне мансеньёра, як і на ўтрыманне любога прынца, з казны вылучаецца 50 ліўраў у дзень…
— Нават так? — здзівіўся Радзівіл. — Кардынал Мазарыні, вядома, славіцца скупасцю, але цяпер ён сам сябе перасягнуў. Калі я памру з голаду, гэты грэх упадзе на яго душу.
— Найсвяцейшая Дзева! Прынц, супакойцеся, ніхто вас голадам марыць не будзе. Паслухайце, ваш звычайны абед складаецца з супу, мяса — смажанага або варанага — і дэсерту. Віно таксама дазваляецца. А на вячэру вам належыць паўкураняці, хлеб і вада…
— Паўкураняці? — здзіўлена спытаў Багуслаў, чыю ўсмешку як карова языком злізала.
— Менавіта так, — пацвердзіў дзю Трамбле. — А што?
— А тое, што, вядома, паўкураняці на смак не горш, чым цэлае кураня, — уздыхнуў князь. — Ды палова вячэры — гэта толькі палова вячэры… Чорт! А як жа іншыя зняволеныя?
— На ўтрыманне маршала дзяржава вылучае 36 ліўраў, — ахвотна пачаў пералічваць дзю Трамбле, — генерала — 16, члена парламента — 15, суддзі і святара — 10, адваката і пракурора — 5 ліўраў…
— Хопіць, хопіць, пане, — спыніў яго Радзівіл. — Дзякуй богу, я не пракурор… чым, дарэчы, так правініліся судзейскія перад яго правялебнасцю?
— Не магу ведаць, мансеньёр. А вось на ўтрыманне вашага слугі…
— Пан Невяроўскі — дваранін шляхетнага роду. І марыць яго голадам я не дазволю, — рашуча сказаў Багуслаў. — Словам, пане дзю Трамбле, будзьце такі ласкавы, дадайце да маёй вячэры яшчэ паўкураняці, а таксама добры брэтонскі пірог, смажаніну, сыр, якой-небудзь садавіны і збан бургундскага. Замоўце вячэру і сабе таксама, я хачу есці ў вашым таварыстве.
Ён кінуў каменданту кашалёк.
— Вельмі ўдзячны вашай светласці за запрашэнне, — аж расцвіў дзю Трамбле, узважыўшы мяшэчак з грашыма на далоні. — Я неадкладна распараджуся наконт вячэры, але прашу мансеньёра і літасцівага пана, — ён яшчэ раз зірнуў на Яна, — быць маімі гасцямі… Гэта для мяне вялікі гонар.
Багуслаў узнагародзіў яго ветлівай усмешкай.
— І загадаю, каб падрыхтавалі ложак, годны прынца. А яшчэ раю паклапаціцца, каб каго-небудзь з вашых слуг таксама змясцілі разам з вамі… Гэта, вядома, на той выпадак, калі загад аб вызваленні мансеньёра затрымаецца.
— Хопіць і пана Невяроўскага, — махнуў рукой Радзівіл. — Няўжо вы сапраўды лічыце, што я, імперскі прынц, прабуду ў гэтым каменным мяшку даўжэй, чым да заўтрашняй раніцы?
Пан дзю Трамбле толькі развёў рукамі і выйшаў, нізка пакланіўшыся.
— Каб цябе чэрці ўхапілі! — прамармытаў яму ўслед Багуслаў.
Словы каменданта збянтэжылі Яна Невяроўскага, які, памятаючы аб падарожжах каралевіча Яна Казіміра французскімі турмамі, не замарудзіў выказаць сваю занепакоенасць князю.
— Пакінь, Яне, — махнуў рукой Радзівіл. — Мазарыні — разумны чалавек, і ён не будзе псаваць адносінаў з Рэччу Паспалітай, бо толькі што пасадзіў францужанку на польскі трон. І сварыцца з маімі сваякамі, нямецкімі князямі, зараз, калі вырашаецца пытанне аб спыненні вайны, якая ўжо трыццаць гадоў палае ў Еўропе, яму не даводзіцца. Таму, сябра, скарыстаемся ветлівай прапановай павячэраць з нашым камендантам і не забівай галаву глупствам…
Вячэра ў таварыстве змрочнага каменданта і двух негаваркіх дзяжурных афіцэраў выйшла не дужа вясёлая, затое смачная. А ўжо на наступную раніцу лейтэнант Каменж прывёз у Бастылію загад аб вызваленні князя і ягонага сябра з-пад варты.
— Кардынал уручыў мне яго яшчэ ўчора, але час быў позні, я вырашыў не перапыняць сон вашай светласці несвоечасовым візітам, — сказаў ён Багуславу. — Да таго ж яе вялікасць рэгентка прасіла, каб вы, мансеньёр, абавязкова ўшанавалі яе сваёй увагай, і я падумаў…