Багуслаў перастаў усміхацца.
— Сказаў, — вымавіў ён. — І, здаецца, я павінен папрасіць прабачэння ў пана Сабескага за недарэчныя падазрэнні…
Ян Сабескі раніцай знаходзіўся не ў найлепшым настроі.
— Так і сказаў? Перадавай мае вітанні? — ужо ў соты раз перапытаў ён у Стэфана Нямірыча, які неасцярожна распавёў яму пра сустрэчу з Радзівілам, і, прайшоўшыся па пакоі, выбухнуў лаянкай: — Што Радзівіл сабе дазваляе? Я яму не нейкі француз і не баюся ні яго самога, ні яго шпагі!
— Ды супакойся, Ян, — Стэфан апошнімі словамі ганіў сябе за небяспечную адкрытасць. — Упэўнены, што князь не ўкладаў у гэтыя словы таго зместу, пра які ты падумаў! Ды й злосны ён быў за свой арышт і сарваны паядынак.
На Сабескага гэты аргумент не зрабіў уражання.
— Ды пляваць я хацеў… — пакрыўджана адказаў ён, нягледзячы на спробы яго супакоіць з боку сябра, да якіх далучыўся і Марэк.
Ён добра ведаў бурны нораў малодшага брата, які не спыніўся б і перад высвятленнем адносін з Радзівілам, што магло б дрэнна скончыцца.
Нечакана давераны слуга Сабескіх пан Себасцьян Гаварэцкі, той самы, што пакінуў для нашчадкаў апісанне іх падарожжа па Еўропе, далажыў пра князя Радзівіла.
— Не можа быць! — радасна ўскочыў насустрач Багуславу Стэфан. Ён нават апярэдзіў Марэка Сабескага, які таксама падняўся, каб сустрэць госця. — Ужо адпусцілі? А я як раз збіраўся ў Бастылію, каб дамагчыся спаткання з вашай княжацкай міласцю.
— А прынц дэ Р’е? — прывітаўшыся з князем за руку, пацікавіўся Марэк. — Яго таксама адпусцілі?
— Яшчэ ў Венсене, — апярэджваючы Багуслава, адказаў Невяроўскі, які таксама завітаў у госці. — І сядзець яму там доўга праз доўгі язык, якім ён пагражаў забіць нягодніка Мазарыні за тое, што той асмеліўся пасадзіць яго за краты.
— Твая адкрытасць, Яне, таксама калісьці саслужыць табе дрэнную службу, — адзначыў Багуслаў. — Дарэчы, — дадаў ён, задавальняючы цікаўнасць Нямірыча, якому вельмі хацелася ведаць, як Мазарыні даведаўся аб паядынку. — Дэ Р’е аказаўся не такім ужо мярзотнікам, як я спачатку пра яго падумаў. Бо гэта мой Ферх, якога я паслаў да яго з паведамленнем пра свой прыезд, аддаў запіску жонцы графа. А тая, убачыўшы, што яе муж стаў рыхтавацца да паядынку, кінулася маліць кардынала, каб гэтага не дапусціў.
— Няўжо? — змрочна сказаў Ян Сабескі, які не валодаў шчаслівым талентам адразу стрымліваць свае пачуцці. — А мне здалося, што ты, княжа, выказаў здагадку, што гэта я язык за зубамі трымаць не ўмею?
Больш малады шляхціц не сказаў нічога, атрымаўшы адчувальнага штурхаля ад Марэка. Той паспрабаваў закрыць брата спінай, што, вядома, было немагчыма, бо каржакаватая постаць Яна ўсё адно віднелася з-за яго худых плячэй. Тонкае брыво Багуслава здзіўлена папаўзло ўверх.
— Ён заўсёды такі палкі? — пацікавіўся князь у Марэка.
— Ёсць трохі, — засмяяўся той. — Ты, князь, затрымаешся ў Парыжы, пакуль твой вораг не выйдзе з турмы?
— Затрымаюся, але не з-за дэ Р’е, — Багуслаў, не жадаючы новай сваркі, зрабіў выгляд, што не заўважае намаганняў Марэка стрымаць раздратаванага брата. — Рэгентка прапануе мне ажаніцца з дачкой маршала дэ ла Форса Шарлотай. Хачу прыгледзецца да дзяўчыны — можа, нешта з гэтага і будзе… Ну а пакуль, — гучна сказаў ён, каб спыніць выкліканы гэтай весткай уражаны шолах, — прапаную забыць дрэнную гісторыю і трохі павесяліцца. Хто са мной?
Павесяліцца захацелі ўсе, нават Ян Сабескі, які, наслухаўшыся захопленых апавяданняў Нямірыча аб вясёлых забаўках у таварыстве князя, захацеў пераканацца, ці сапраўды яны вартыя такіх кампліментаў.
— А Радзівіл умее гуляць, — сказаў ён Нямірычу пасля.
Павячэраўшы з Багуславам, Бастонам Арлеанскім і нейкімі вясёлымі дзяўчатамі і ад душы натанцаваўшыся на публічным балі ў парыжскай ратушы, яны пакінулі князя весяліцца далей, а самі нарэшце дабраліся дадому. І дарогай яшчэ намялі бакі нейкім валацугам, што прычапіліся да іх у цёмным завулку.
— Нават не ведаю, як я заўтра змагу паехаць на паляванне, на якое намякаў Радзівіл. Зараз магу толькі дапаўзці да ложка.
Стэфан нічога не адказаў — ён дабраўся да ложка раней за Сабескага і захроп адразу ж, як толькі яго галава кранулася падушкі.
Пасля сыходу братоў Сабескіх і Нямірыча Багуслаў з Невяроўскім таксама пакінулі таварыства прынца Арлеанскага — князь заўтра збіраўся наведаць англійскую каралеву, якая з-за вайны ў Англіі цяпер жыла ў Луўры, і хацеў выспацца перад аўдыенцыяй. Таму, рассоўваючы публіку, сярод якой хапала сумніўных асоб, — запрашэнні на публічныя балі прадаваліся свабодна, — Радзівіл таксама пайшоў да выхаду. Раптам Ян замёр на месцы, а калі незадаволены затрымкай князь, якога з усіх бакоў штурхалі, спытаў, што здарылася, — моўчкі паказаў на прыгажуню. Яна ўмела страляла яму вачыма, а затым, на імгненне адкрыўшы схаваны за аксамітнай маскай прыгожы твар, спакусліва аблізала вусны і правяла пальцам па краі неверагодных грудзей, усім сваім выглядам намякаючы на гатоўнасць да бліжэйшага знаёмства.