Як было прынята на пахаванні такіх значных асоб, тут не было месца шчырым чалавечым эмоцыям. Слёзы і смутак выцесніў замяшаны на палітыцы халодны цырыманіяльны этыкет. Зацягнутыя ў глухія чорныя гунькі з адтулінамі для вачэй добра вымуштраваныя коні нават не іржалі. Удзельнікі працэсіі ў асноўным размаўлялі паміж сабой пра рэчы, якія не тычыліся падзеі, што іх тут сабрала.
Услед за труной ішоў юны штатгальтар Вільгельм Аранскі, яго суправаджалі партугальскія прынцы Гіём і Эмануэль. Ён спрабаваў лёгкай гутаркай трохі развеяць сваіх спадарожнікаў, чый гонар моцна закрануў шлюб прынцэсы Луізы, рукі якой кожны дамагаўся для сябе. Следам ішоў курфюрст Фрыдрых Вільгельм, якога суправаджалі Багуслаў Радзівіл і прынц Хрысціян Ангальцкі. Гэтая тройца пачувалася значна вальней. Курфюрст ледзь не ўсю дарогу ўгаворваў Багуслава ехаць з ім у Клевэ, дзе ў замку Шваненбург меў намер правесці свой мядовы месяц, які з-за хваробы, а затым і смерці цесця ўсё адкладаўся. Радзівіл з цяжкасцю стрымліваў смех, чуючы гэтыя запэўніванні, бо добра ведаў аб намерах славалюбівага кузэна аб’яднаць пад сваёй уладай нямецкія герцагствы Юліх, Клевэ, Берг ды графствы Марк і Равенсберг. Гэтаму ўсімі сіламі супраціўляўся нейбургскі пфальцграф, які лічыў гэтыя землі сваімі. Вядома, князь прыняў прапанову, хаця і баяўся, што гэтая паездка можа выклікаць незадаволенасць караля Уладзіслава — яго сястра Ганна Катарына некалькі гадоў таму выйшла замуж за нейбургскага пфальцграфа.
Сярод ганаровых гасцей, якія суправаджалі труну, быў і прынц Тарэнт. Аднак ён плёўся недзе ззаду. Багуслаў, успомніўшы іх сварку за сталом у чэшскай каралевы, нягледзячы на змрочны настрой, не стрымаў задаволенай усмешкі — прыдворны цырымоніймайстар Аранскіх здолеў лепш за яго паказаць французскаму нахабніку яго месца.
Дрэнны настрой князя тлумачыўся не толькі жалобай — напярэдадні ён меў дзве непрыемныя размовы: спачатку з Габрыэлем Любянецкім, а затым і з прынцэсай Амаліяй Аранскай. Багуслаў не стаў хаваць ад маладога арыяніна сваіх намераў ажаніцца з Шарлотай дэ ла Форс, якія той бязлітасна раскрытыкаваў.
— Я лічу, што вы, мансеньёр, можаце прэтэндаваць на больш выгадную партыю, — сказаў Габрыэль мяккім прыемным голасам, які добра згладжваў вастрыню яго слоў. — Бацька маркізы — толькі васал французскага караля, і замкі, якія ён дае за дачкой, могуць быць разбураныя па загадзе яго вялікасці або яго правялебнасці… Такі лёс, як вы ведаеце, спасціг крэпасці многіх французскіх вяльможаў.
— Я збіраюся адвезці жонку ў Рэч Паспалітую, а не заставацца з ёй у Францыі, — сказаў князь, якому прыгажосць Шарлота моцна запала ў сэрца. — Як ты ведаеш, наш кароль жанаты з францужанкай, і я думаю, што…
— …што жонка лепш знойдзе агульную мову з польскай каралевай, чым гэта ўдалося вашай светласці? — з разуменнем кіўнуў Габрыэль.
— Няўжо ты думаеш, што мяне хвалюе стаўленне Марыі Людавікі? — сказаў на гэта Багуслаў. — На шчасце, Польшча выбрала саюз з Францыяй, а не з імператарам, таму добрыя адносіны майго дому з Парыжам зусім не перашкодзяць.
— І ўсё?
Габрыэль выглядаў расчараваным.
— Я думаю, што саюз з Аранскім домам уславіць Радзівілаўскі дом больш, чым шлюб з гэтай францужанкай, — асцярожна сказаў ён. — На шчасце, прынцэса Луіза мае яшчэ трох сясцёр…
Багуслаў у каторы раз здзівіўся таму, што думкі маладога арыяніна так супадаюць з яго ўласнымі амбіцыямі. Але гутарка з прынцэсай Амаліяй трохі астудзіла яго запал: яна ясна намякнула князю, што па палітычных матывах мае намер аддаць другую дачку замуж за фрысландскага штатгальтара, а трэцюю — за англійскага прынца Карла Сцюарта. Чацвёртая з сясцёр, Марыя, была зусім дзіцём, і пра жаніцьбу з ёй князь мог бы думаць не раней, чым гадоў праз дзесяць-пятнаццаць.
— Калі вы, мансеньёр, згодныя пачакаць, я з радасцю разгледжу вашу прапанову, калі прынцэса дасягне шлюбнага веку, — весела сказала прынцэса Аранская, спрабуючы жартам змякчыць адмову.
Але Радзівіл жарт не ацаніў і, не збіраючыся адступаць перад цяжкасцямі, спадзяваўся выкарыстаць паездку ў Клевэ не толькі для збліжэння з кузэнам, але і для таго, каб з дапамогай курфюрста і яго маладой жонкі прымусіць мадам Амалію змяніць рашэнне.
Жалобная працэсія спынілася перад велічным Новым саборам, дзе павінна было спачыць цела штатгальтара, і, у рэшце рэшт, пашыхтавалася на саборнай плошчы. Тут ужо думкі нават найбольшых славалюбцаў, якія выкарыстоўвалі пахавальную цырымонію для наладжвання патрэбных свецкіх кантактаў, настроіліся на мінорны лад, а ў паветры запахла дажджом і слязьмі.