Таму Фрыдрых Вільгельм і не стаў хаваць ад маладой жонкі, што лёгкага жыцця на новым месцы ёй чакаць не даводзіцца.
У Шваненбургу маладую пару ўрачыста прывітала мясцовая шляхта — прынамсі тая, што лічыла Фрыдрыха Вільгельма сваім суверэнам. Не губляючы часу, курфюрст прадставіў шляхце намесніка ў Клеве, Юліху і Бергэ. Ім аказаўся «добры» знаёмы Крыштафа Арцышэўскага — прынц Морыц Насаў-Зіген, якога абураныя няўмелым гаспадараннем купцы Ост-Індскай кампаніі адклікалі з Бразіліі. Памятаючы апавяданні пана Крыштафа, Багуслаў паспрабаваў адгаварыць кузэна ад такога кроку, але Фрыц упарта стаяў на сваім.
— На гэтай пасадзе я маю патрэбу ў чалавеку, які будзе класці атрыманыя даходы не ў сваю, а ў маю кішэню, — сказаў ён з грубай нямецкай шчырасцю. — А Насаў-Зіген у Бразіліі нажыў значную маёмасць, і стаў ледзь не самым багатым чалавекам ва ўсёй Галандыі, таму ў дадатковых прыбытках не мае патрэбы. Па-другое, ён блізкі сваяк юнага штатгальтара з добрымі сувязямі ў Генеральных Штатах. А я яшчэ не страціў надзеі сілай галандскай зброі растлумачыць нейбургскаму пфальцграфу, што не варта замахвацца на чужое. Бо ён лічыць, што схапіў бога за бараду, ажаніўшыся з сястрой польскага караля.
Менавіта з гэтых тэрыторый Фрыдрых Вільгельм вырашыў пачаць аднаўленне сваёй краіны. Ён выдаў загады, якімі заахвочваў галандцаў Фрысландыі сяліцца ў Клевэ. Фрыдрых спадзяваўся, што тыя, па-першае, змогуць асушыць яго багністыя глебы, як гэта рабілі ў Галандыі, і, па-другое, павялічаць колькасць кальвінісцкага насельніцтва правінцыі, населенай пераважна каталікамі, якія не жадалі мець сваім уладаром пратэстанта.
Багуслава захапляла нястомная энергія і розум кузэна, але ён усё ж вырашыў не затрымлівацца ў Клевэ. Хоць і атрымаў навіны з Літвы, з якіх даведаўся, што турэцкі паход караля Уладзіслава адменены. Гэтая вестка засмуціла князя, які вельмі патраціўся на ваенныя прыгатаванні. Ён спадзяваўся, што вайна не толькі верне яму страты, але і дадасць славы. Цяпер, калі адпала надзея і на тое, і на іншае, Радзівіл мог толькі хапацца за галаву, праглядаючы пералік вэксаляў, якія прыслаў пан Пуцята. Вэксалі патрабавалі неадкладнага пагашэння, і Радзівіл загадаў рыхтаваць рэчы да ад’езду, спадзеючыся дамовіцца са сваімі галандскімі банкірамі. Але потым, прыслухаўшыся да ўгавораў курфюрста і запэўніванняў Насаў-Зігена, які ўзяўся дапамагчы князю ўладзіць справы з крэдыторамі, вырашыў пачакаць.
Праз два месяцы пасля прыезду курфюрст з князем Багуславам і кавалерамі са свайго почату гулялі на вяселлі барона Грота — прыдворнага курфюрста, які ажаніўся з мясцовай шляхцянкай, сталай матронай гадоў сарака. Паколькі барону не споўнілася і трыццаці, князь Багуслаў не надта здзівіўся, калі той хутка ўцёк з чэпкіх абдымкаў жонкі і вярнуўся да сваіх абавязкаў на панскім двары.
Грубасць і адсутнасць свецкага выхавання гэтага прыдворнага цалкам адпавядала традыцыям курфюрсцкага двара, дзе галоўную скрыпку граў ужо немалады граф фон Бургсдорф, салдацкія звычкі якога даводзілі да роспачы прынцэсу Луізу. Бедная прынцэса, каб не псаваць адносінаў з мужам, павінна была час ад часу заплюшчваць вочы на паводзіны яго прыяцеляў, але Радзівіл рашуча спыняў спробы панібрацкага абыходжання з сабой.
Графу гэта не спадабалася. Аднойчы, перабраўшы віна, ён дазволіў сабе публічна высмеяць князя, якога лічыў распешчаным красунчыкам. Расплата за гэтае глупства наступіла хутка — на наступны дзень прыяцель Багуслава граф Георг Фрыдрых фон Вальдэк, з якім князь пасябраваў яшчэ ў лагеры прынца Аранскага, прынёс барону выклік на паядынак.
— Прынц Радзівіл прыме вашыя прабачэнні, барон, — запэўніў граф. — Толькі патрабуе, каб яны былі публічнымі, як і абраза, якой вы яго светласці публічна нанеслі.
— А хай мяне… ік… гром лясне! — ад смеху на Грота напала ікаўка. — Няўжо гэты прыгажунчык яшчэ і шпагу ў руцэ трымаць умее?
— «Гэты прыгажунчык», — перадражніў яго Вальдэк, — быў найлепшым фехтавальшчыкам ва ўсёй галандскім арміі, таму раю табе, барон, перад дуэллю добра памаліцца. На паядынку гэта, вядома, мала дапаможа, затое душы лягчэй будзе спачываць на тым свеце.
Барон не паверыў, але паколькі амаль нічога не ведаў пра Радзівіла, кінуўся распытваць прынца Насаў-Дзіца і афіцэраў, якія, як і Вальдэк, служылі ў галандскай арміі. Ад пачутага ў нахабніка валасы дыбарам сталі.