Выбрать главу

— Хто б мог падумаць, — разгублена прамармытаў ён, успомніўшы апранутую ў шоўк, аксаміт і карункі ладную постаць князя. — Ды ад гэтага франта пахне парфумай, быццам ад жанчыны… на цэлую мілю чуваць!

Але прасіць прабачэння барону вельмі не хацелася. Таму, прыбыўшы на абранае князем месца паядынку, дзе яго ўжо чакалі Радзівіл з Вальдэкам, ён сказаў, ваяўніча паклаўшы руку на эфес шпагі:

— Я не вельмі давяраю гэтым французскім выдумкам, бо на любой дуэлі перамагае ў канчатковым выніку не праўда, а той, хто лепш фехтаваць умее. Таму прапаную божы суд: страляймася на пістолях.

— Гэта абсурд! — запратэставаў Вальдэк, які ўжо быў не рады, што наогул улез у гэтую гісторыю.

Звярнуўшыся да Радзівіла, ён дадаў:

— Вы, прынц, наогул не абавязаны звяртаць увагу на гэтага дурылу і, тым больш, выходзіць з няроўняй на паядынак… Ды і які гэта паядынак — самагубства і толькі!

— Усё добра, — спыніў яго Багуслаў, бо добра бачыў, што на вуснах у Грота ззяе ўсмешка. — Гэты нахабнік мне пастку падрыхтаваў, таму што ўпэўнены, што я адмоўлюся. — І дадаў з ледзяным спакоем, гледзячы ў твар барону: — Страляцца будзем на конях, мне зусім не хочацца пэцкаць боты ў гэтым балоце.

Грот нават збялеў, убачыўшы, што Радзівіл рашуча ўзяўся за пістоль. Быццам у страшным сне барон выцягнуў сваю і няпэўнай рукой працягнуў яе Вальдэку.

Пакуль секунданты зараджалі пісталеты, дуэлянты селі на коней. Грот да апошняга чакаў, што Радзівіл адмовіцца ад паядынку. Калі рука князя рашуча сціснула зброю, ён з жахам зразумеў, што гэта не жарты.

«Трэба стрэліць першым, — з адчаем падумаў барон, прышпорваючы каня. — Абавязкова першым, таму што гэты чортаў паляк, кажуць, качку ў вока б’е на паляванні».

Калі Вальдэк скамандаваў з’язджацца, барон такі першым націснуў на курок, але, на яго здзіўленне, князь працягваў сядзець у сядле: куля праляцела міма.

«Не можа быць, каб я не патрапіў», — у роспачы падумаў Грот, устаўшы ў страмёнах, каб лепш разгледзець ворага, і адчуў, як пякучым агнём апякло жывот, а потым увесь свет закруціўся перад яго вачыма…

Затым, лежучы на зямлі і заліваючыся слязьмі ад болю і ганьбы, ён маліў Багуслава дараваць яму жыццё. Князь пагадзіўся.

— Вы ўчынілі вельмі велікадушна, мансеньёр, — сказаў Радзівілу граф Вальдэк. — Але барону гэта мала дапаможа, з такімі ранамі доўга пакутуюць і вельмі мала жывуць…

Курфюрст жа, даведаўшыся пра дуэль, схапіўся за галаву.

— Ты… ты, кузэн, ганьбуеш свой княжацкі тытул тым, што б’ешся на дуэлі з няроўнымі! — крыкнуў ён Багуславу, калі той пераможна вярнуўся ў палац. — Яшчэ і на пістолях!

Фрыдрых Вільгельм меў рэзкі нораў і ў гневе не цураўся эмоцый ды моцнага слоўца. Прычыны такіх паводзінаў былі зразумелыя: агнястрэльная зброя была яшчэ вельмі недасканалай, асечкі здараліся занадта часта, таму ў вачах грамадства людзі, якія адважыліся высвятляць адносіны такім спосабам, былі тоесныя самагубцам. Такога ж меркавання трымалася і царква, і курфюрсту гэта было добра вядома.

— Святары забітых на такіх двубоях адпяваць не бяруцца, яшчэ і забараняюць у асвячонай зямлі хаваць! — крычаў Фрыц, таму што пакрываўся халодным потам пры адной думцы аб магчымасці такога завяршэння справы. Але, заўважыўшы, што на Радзівіла гэтыя аргументы не зрабілі належнага ўражання, і ўздыхнуўшы, спытаў ужо спакайней: — І адкуль у цябе ўзялася гэтая дуэльная хвароба, хацеў бы я ведаць?

— Атрымаў з малаком маці, — пажартаваў Багуслаў. — Ці не наш з табой сваяк Альбрэхт Гагенцолерн лічыў бессэнсоўна пражытым дзень, калі яму не ўдавалася пацешыцца на паядынку?

Фрыц, якога яшчэ ў дзяцінстве забаўлялі былямі аб рыцарскай доблесці дзеда, толькі ўздыхнуў:

— І ўсё ж, ты б, кузэн, пакінуў такія забавы, — параіў ён ужо спакайней. — Я б не хацеў аднойчы даведацца, што фартуна ад цябе адвярнулася.

х х х

Вядома, гэтая гісторыя не парушыла дружбы паміж кузэнамі, хоць Багуслаў пасля паядынку і не стаў затрымлівацца ў Клевэ. На некаторы час князь з’ехаў у Саксонію, каб сустрэцца са сваякамі і братам Францам Германам, а затым вярнуўся ў Галандыю.

Раздзел 20

НАЗАД, НА РАДЗІМУ

Брусэль

(чэрвень 1648 года)

Пятага чэрвеня 1648 года пасля васьмідзесяці гадоў амаль бесперапынных войнаў Аб’яднаныя Правінцыі нарэшце атрымалі ад іспанскага караля Філіпа IV грамату аб незалежнасці. Гэтую падзею ўрачыста святкавалі не толькі ў свабоднай цяпер Галандыі, але і ў Іспанскіх Нідэрландах, дзе аднолькава гучна грымелі салюты, ззялі святочныя агні, накрывалі сталы для простага люду на вуліцах вялікіх гарадоў, ракой лілося віно і піва… Калі Гаага ганарылася заслужанай перамогай, дык у Брусэлі падымаліся сотні здравіц за мір, які нарэшце наступіў у дзвюх краінах — той мір, які, як спадзяваліся, павінен быў аднавіць ранейшы дабрабыт калісьці багатай дзяржавы…