Выбрать главу

— Скажы праўду, я занадта старая для цябе? — усхвалявана спытала яна.

У Радзівіла не хапіла смеласці сказаць праўду.

— Дарагая, ты не будзеш старой і ў пяцьдзясят, — сказаў ён як мага больш упэўнена.

— Хлус! Калі мы пазнаёміліся, мне было дваццаць восем, табе дваццаць, і мы былі амаль аднагодкамі. А цяпер…

— Цяпер мне дваццаць восем, — сказаў Багуслаў.

Твар графіні скамянеў.

— Так шмат? — сказала яна нарэшце з дзіўным смехам, які больш нагадваў рыданні, але праз імгненне ганарліва ўзняла галаву. — Дык вось што я табе скажу, мой дарагі: такая жанчына, як я, можа дазволіць сабе мець і маладзейшага палюбоўніка!

х х х

…Вестка пра сувязь графіні Кюзанс з васямнаццацігадовым Карлам Сцюартам разляцелася па Брусэлі нібы пажар. Радзівіл даведаўся пра яе, атрымаўшы ў падарунак ад невядомага добразычліўца рогі аленя.

Сам прынц Уэльскі ніякага дачынення да гэтага жарту не меў і дазнаўся пра яго ў доме герцагіні дэ Шэўрэз.

— Прынц Радзівіл справамі гонару звычайна не грэбуе, — занепакоена сказала яму гаспадыня дома. — Барон Грот мог бы гэта пацвердзіць, калі б здолеў уваскрэснуць.

Гэта заўвага моцна занепакоіла самаўпэўненага спадкаемца англійскага прастола, і ён пільна агледзеўся, шукаючы грознага саперніка. У доме ў той вечар было людна. Прысутнічалі паважаныя палякі — у куце Ян Сабескі захоплена распавядаў падрабязнасці нядаўняга падарожжа ў Англію ўсім, хто пра яго яшчэ не чуў. Ён крыху перабраў віна, таму размаўляў гучней, чым звычайна, не звяртаючы ўвагі на Стэфана Нямірыча, які ўгаворваў прыяцеля паводзіцца цішэй. Князя Багуслава, на шчасце, не было, і прынц Уэльскі з палёгкай уздыхнуў.

— Прынц Радзівіл будзе абавязкова, — сказала герцагіня, прачытаўшы яго думкі. — Сам пра гэта сказаў слугу, які аднёс яму маё запрашэнне на сённяшні вечар.

— Тады нам лепш адсюль сысці, — прашаптаў на вуха Карлу яго прыяцель Бэкінгем, які суправаджаў прынца ў падарожжы па Еўропе.

Сцюарт моўчкі выцер успацелы лоб.

— Калі сыду, зняслаўлю сябе як баязлівец, — цвёрда сказаў ён. — Здаецца, тут усе ведаюць пра наша з Радзівілам… непаразуменне.

Прынц меў рацыю: гасцёўня сёння была перапоўненая наведнікамі, і прыцягнула іх сюды зусім не таварыства састарэлай прыгажуні, а жаданне стаць сведкамі сваркі высокапастаўленых асоб.

Таму калі на парозе вітальні нарэшце з’явіўся Багуслаў, пакой сустрэў яго цяжкай цішынёй. Час ад часу яе парушала толькі чыёсьці напружанае хіхіканне. Агледзеўшы прысутных, князь знайшоў поглядам усхваляванага Карла і пайшоў проста да яго.

— Дык, — сказаў ён, схіляючы галаву ў цырыманіяльным паклоне, — значыць, гэта вашай высокасці я павінен быць удзячны за атрыманы мной пэўны… падарунак? — дадаў ён, і ўсе прысутныя пырснулі смехам.

— Я не маю да гэтага шалапутнага жарту ніякага дачынення, — пакрыўдзіўся Сцюарт. — І сам бы дорага заплаціў, каб даведацца імя жартаўніка. Але, здаецца, вас, прынц, больш хвалююць мае адносіны з графіняй дэ Кюзанс?

Багуслаў усміхнуўся.

— Зусім не, — сказаў ён як мага больш абыякава. — Дзякуючы вашай высокасці я атрымаў магчымасць пазбавіцца ад дакучлівай каханкі, прычым так, каб самому не адчуваць сябе вінаватым. І хоць ваша высокасць наўрад ці кіраваўся добрымі намерамі, кладучыся з ёй у ложак, я ўсё адно вам за гэта ўдзячны.

Напружаны лоб прынца Карла патроху разгладзіўся. Ён зусім супакоіўся, прачытаўшы на тварах прысутных некаторае расчараванне ад таго, што цікавай дзеі гэтым разам убачыць не прыйдзецца.

— Ну, і што вы тут мне апісвалі прынца Радзівіла як нейкага звера? — злосна адчытваў ён мадам дэ Шэўрэз і Бэкінгема, калі Багуслаў адышоў павітацца з Сабескім і Нямірычам. — Думаю, ён паводзіць сябе як высакародны кавалер.

— Магчыма, — пагадзілася герцагіня. — Але на ўсялякі выпадак я, мабыць, не скажу міламу прынцу, што тыя рогі яму даслаў Карл Латарынгскі. Спадзяюся, ваша высокасць таксама не стане гэтага рабіць?

— Крый божа, — смеючыся, запэўніў яе Карл.

Не менш цікавая размова адбылася паміж князем Багуславам і Габрыэлем Любянецкім, які прыйшоў у госці разам з ім.

— Вы паступілі вельмі мудра, мансеньёр, — пахваліў князя малады арыянін. — Не варта псаваць адносіны з прынцам, які ў адзін цудоўны дзень можа стаць каралём, нават калі справа тычыцца жанчыны.