Выбрать главу

І не ён адзін. Пачуўшы, што ў караля завяліся грошыкі, да іх падбег Лазар Майсеевіч — яшчэ малады, але вельмі паважны яўрэй з паважанага роду. Ён не толькі арандаваў некалькі прыбытковых радзівілаўскіх маёнткаў і займаўся фінансавымі справамі князя Крыштафа, але і трымаў у сваім кулаку ледзь не ўсіх літоўскіх магнатаў і нават каралеўскі двор. Недахоп гатоўкі, з якім увесь час сутыкаліся і найбольшыя багацеі, зрабіў ліхвярства самай прыбытковай справай і ўзнёс Майсеевічаў на небывалую вышыню. Нават нябожчык Жыгімонт, хоць і ненавідзеў жыдоўскае племя, паддобрываўся да гэтага роду і надаў бацьку Лазара права тытулавацца каралеўскім аканомам.

— Я сам чуў, як віленскі падваявода казаў пра гэта князю-гетману, — асцярожна сказаў пан Эліяс.

— Ну, калі так сказаў пан Саковіч, дык такі бедны чалавек, як я, можа спаць спакойна, — сказаў Майсеевіч, задаволена паціраючы рукі, бо зразумеў, што зможа з выгадай злупіць з караля грошы, якія той павінен быў пазычыць на ваенную кампанію. — Выгадная здзелка! Добрая здзелка!

— Добрая здзелка, — перадражніў яго пан Арцышэўскі. — Ды гэтыя тытулы аплачаны чалавечай крывёй, якую ніякім золатам не вымераць!

— Усё мае сваю цану, мой літасцівы пане-дабрадзею, — павучальна заўважыў Лазар, папляскаўшы па цяжкім скураным гаманцы на поясе.

Там зазвінела золата, якое ў жыцці шаноўнага яўрэя мела найбольшую вагу.

Спахапіўшыся, што сказаў лішняга, ён сагнуўся ў тры пагібелі і скорагаворкай забалбатаў:

— Князю Крыштафу дай, князю Янушу дай, князю Альбрэхту таксама… Панам Сапегам, нарэшце, каралю, нашаму Пану, дай, — мармытаў ён, загінаючы пальцы. — А як жа і не даць, калі пра лёс Айчыны ідзе гаворка? Я сам бы і скуру сваю аддаў, калі б на карысць… Толькі за яе і фальшывага шэлега ніхто не дасць. Князю Людвіку дай… І пану Кішку…

— Пачакай, Майсеевіч, — перапыніла яго ныццё княгіня. — Пан Арцышэўскі, з якой гэта пары той ашмянскі буян стаў віленскім падваяводам?

— Дык з таго часу, як яго міласць князь Крыштаф Віленскае ваяводства атрымаў, — лыпаючы вачыма, адказаў Арцышэўскі.

Княгіня схапілася за галаву.

— Сам князь-гетман так захацеў, — растлумачыў пан Мяржынскі. — І слухаць нікога не стаў, хоць і заслужаныя людзі пачалі наракаць, што чалавека з непераносным характарам і занадта маладых гадоў над імі паставіў.

— Яшчэ і каталіка! — крыкнуў хтосьці з чэлядзі.

— І каталіка, — пагадзіўся пан Ян. — Сказаў, што сам быў не нашмат старэйшы за Адама, калі малую гетманскую булаву ў рукі ўзяў.

— Калі дзядзька так зрабіў, дык, напэўна ж, не без падстаў, — сказаў Багуслаў.

— Пан Саковіч — добры рыцар, — падтрымаў Радзівіла пан Арцышэўскі. — Першым у абложаны Смаленск людзей і харчы даставіў, бо тыя, хто да яго хадзілі, загінулі, наткнуўшыся на маскоўскія атрады. І калі б не затуліў ён мяне сваёй шабляй на полі бою, то я б, панове, з вамі зараз не размаўляў.

— А жартаўнік яшчэ лепшы! — зароў ужо добра захмялелы пан Сасноўскі і з усёй сілы ўдарыў па кастлявым плячы яўрэя, аж небарака застагнаў ад болю: пра сілу пана Яна хадзіла столькі ж размоў, колькі і пра багацце Майсеевіча. — Ну, раскажы нам, шэльма, як пан Адам табе тваіх уласных коней за тры цаны прадаў?

Убачыўшы, як жаласна скрывіўся твар сына Ізраілевага, Багуслаў, забыўшыся пра сваю годнасць, так і пакаціўся ад смеху.

— Здаецца, што пан Саковіч мае галаву на плячах, — адсмяяўшыся, сказаў ён Невяроўскаму, які сядзеў побач.

Ян не адважыўся супярэчыць і моўчкі паціснуў плячыма. Правае вуха ў яго да гэтага часу балела.

Баляванне працягвалася. Пан Набароўскі вымавіў вершаваную здравіцу чароўнай князёўне Катарыне, выказаўшы надзею неўзабаве пабачыць на яе галаве каралеўскую карону. Заўважыўшы, што смелыя чаканні пана Даніэля княгіня сустрэла паблажлівай усмешкай, князёўна — сарамлівым румянцам, а слугі — гучнымі апладысментамі, пан Мяржынскі таксама захацеў славы. На жаль, ён не так добра сябраваў з рыфмамі, як пан Набароўскі, таму прыдумаў пацешыць таварыства гісторыяй, якую, калі б быў цвярозым, ніколі не адважыўся б распавядаць за сталом. Гаворка ў ёй ішла пра каралевіча Яна Казіміра, які ўмудрыўся захварэць у разгар Смаленскай кампаніі. Князёўна Катарына ўскрыкнула, пачуўшы гэта, а калі пан Ян запэўніў яе, што хвароба шчасліва прайшла, так расчырванелася, што Багуслаў мімаволі стаў прыслухоўвацца да сакратарскай балбатні.

— Падчас хваробы каралевіча наведаў князь-гетман, каб пажадаць яму хутчэйшага адужання, — жыва распавядаў пан Ян. — Ян Казімір, аднак, запэўніў яго міласць, што ўжо пачуваецца значна лепш, і тут жа папрасіў у яго рукі найяснейшай князёўны.