Здавалася, той разумеў чалавечую гаворку, бо ўхвальна заржаў.
— Пашанцавала табе, — зайздросна сказаў пан Ян і таксама пагладзіў акруглае конскае тулава.
Буцафал грозна зірнуў на яго і нервова тупнуў капытом. Шляхціц насупіўся.
— Такая ж злая звяруга, як і яго гаспадар, — ціха прамармытаў ён.
Жарабец тут жа пацвердзіў гэтыя словы, балюча ўкусіўшы крыўдзіцеля за руку. Пан Мяржынскі гучна вылаяўся і адскочыў убок, а на вуснах пана Адама бліснула крывая ўсмешка.
— Дык якім ты тут ветрам, пан падваявода? — змрочна пацікавіўся пан Ян, разглядаючы свежую дзірку ад конскіх зубоў на рукаве новенькага кунтуша. — Няўжо князь-гетман і князь-падкаморы літоўскі хутка дадому прыбудуць?
— Князь Януш застанецца пры каралеўскім двары, каб набрацца прыдворнага досведу і прыгледзецца да кіравання дзяржавай, — сказаў Саковіч. — І князь-гетман не скора прыедзе, бо яму на сойме трэба скласці рэляцыю аб гэтай вайне, а потым рыхтавацца да новай.
— Ратуй, божа, — падняў вочы да неба Мяржынскі. — Гэта праўда, што туркі на нас ідуць?
Адам паціснуў плячыма.
— Як прыйдуць, тады і паглядзім. І да сустрэчы дарагіх гасцей след падрыхтавацца, каб потым не прыйшлося чырванець перад усім светам.
Ён узяў з рук слугі, што якраз падышоў, вядро з вадой і паставіў перад Буцафалам. Забыўшыся на сваю конскую годнасць, той пачаў прагна піць.
— А чаму ж ты, пане Саковіч, калі вайна на носе, з князем у Вільню не паехаў? — не здаваўся Мяржынскі.
— Бо я, шаноўны пане, у адрозненне ад цябе, зброяй ваюю, а не балбатнёй, — шаўковы голас пана Адама, якому ўжо надакучыў гэты допыт, загучаў нецярпліва.
Але пану падваяводу ўсё ж прыйшлося развязаць язык, таму што пан Пуцята, які выйшаў на шум, таксама захацеў пра гэта ведаць.
— Мяне князь Крыштаф паслаў да Майсеевіча, каб зверыў з ім усе фінансавыя рахункі, — неахвотна растлумачыў ён. — Гэта, вядома, праца аканома, але яго міласць хацеў даручыць такую далікатную справу незацікаўленай асобе.
— Майсеевіч, напэўна, шчаслівы, — з’едліва заўважыў пакрыўджаны пан Ян. — І княгіня табе вельмі ўзрадуецца.
— Трэба думаць, — і вокам не міргнуў шляхціц. — І яшчэ. Князь прасіў, каб я ў вольны час яго пляменніка трохі ў рыцарскай навуцы падцягнуў.
— Багуслава? — радасна перапытаў пан Самуэль. — О, гэта ж добрая думка! Княжыч яшчэ раніцай скардзіўся, што дзядзька яму добрага саперніка для паядынкаў не дасылае. Бо той француз, з якім яго міласць да гэтага часу біўся ў двубоях, толькі шпагай арудаваць здольны. А куды ж той замежнай жалезцы супраць добрай шаблюкі!.. Таму зараз жа ідзі да Багуслава, пан падваявода. Ён за кніжкамі сядзіць, аднак табе, думаю, будзе вельмі рады.
І сам пайшоў наперадзе, паказваючы дарогу. Саковіч, паціснуўшы плячыма, рушыў следам.
Багуслаў сапраўды забаўляўся паэтычнымі практыкаваннямі з панам Набароўскім, бо князь Крыштаф, які вельмі любіў паэтыку, загадаў выхавацелю прывучыць да яе спачатку сына, а затым і пляменніка, які, аднак, перасягнуў у гэтым мастацтве іх абодвух. Яго таварышы таксама сядзелі побач, але адкрыта нудзіліся, таму вельмі ўзрадаваліся, калі пан Мяржынскі далажыў аб новым настаўніку. Багуслаў неадкладна перапыніў практыкаванні, каб яго прывітаць.
Саковіч паволі зайшоў у пакой і нахмурыўся, убачыўшы прыгожы і далікатны твар падлетка, якога амаль не было відаць за вялікім стосам кніг. Яго прыгажосці пазайздросціла б любая дзяўчына, але пан Адам, які хацеў бы мець справу з воінам, а не з распешчаным прынцам, ледзь не застагнаў ад прыкрасці.
— Я ж яго адным махам на зямлю звалю, — прамармытаў ён сам сабе, але пачціва назваўся ў адказ на княжае вітанне: — Адам Мацей Саковіч, падваявода віленскі і ашмянскі падкаморы, да паслуг вашай княжацкай міласці.
— Я ведаю, хто ты, пане, — кіўнуў Багуслаў, які адразу ж пазнаў гэтага ганарлівага шляхціца. — Пачакай мяне на вуліцы. Я зараз адпраўлю муз на Парнас і выйду да цябе.
— І я таксама, — злосна сказаў Ян Невяроўскі, паціраючы вуха.
— І я, — дадаў Стаброўскі, дэманструючы крыўдзіцелю важкі кулак.
Саковіч пазнаў іх і ціха засмяяўся.
— У цябе, твая міласць, не слугі, а баязлівыя зайцы. Але за тваёй спінай, бачу, асмялелі…
— Калі мяне будзе цікавіць тваё меркаванне, пан падваявода, я ў цябе яго спытаюся, — абарваў яго Багуслаў. — Сваім слугам я сам дам рады. Цябе ж князь-гетман, здаецца, сюды для іншага прыслаў?