Хлопцы задаволена выскаліліся. Саковіч моўчкі працягнуў Багуславу ліст ад дзядзькі, пакланіўся і выйшаў. Ужо на вуліцы даў волю свайму гневу.
— Князь-гетман, напэўна, вырашыў з мяне пасмяяцца, калі за няньку да гэтай лялькі прыставіў. Ды мае таварышы жываты пападрываюць, — разышоўся ён, не зважаючы на тое, што гэтыя словы чуе ці не ўся радзівілаўская чэлядзь.
Ягоную тыраду абарвала незадаволенае конскае ржанне. Адам павярнуў галаву і ўбачыў, што юны Радзівіл, які паспяшаўся скончыць навучанне і выйшаў на вуліцу, ужо паспеў адвязаць яго скакуна і якраз прымерваўся скочыць у сядло. Абураны такой бесцырымоннасцю, конь нервова біў капытом і злавесна паглядаў на нахабніка, нібы кажучы: «А ну ж бо, толькі асмелься!» Але княжыч на гэта не зважаў і, моцна ўхапіўшы аброць, паставіў нагу ў стрэмя.
— Асцярожна, твая міласць! — крыкнуў Саковіч. — Гэты жарабец нікога, апроч мяне, да сябе не падпускае!
Але не паспелі словы сарвацца з яго вуснаў, як Багуслаў ускочыў на каня і з усіх сіл намагаўся ўтрымацца ў сядле. Свавольная жывёла паднялася на дыбкі, імкнучыся пазбавіцца няпрошанага вершніка. Слугі, убачыўшы гэта, спалохана закрычалі.
— Божа, злітуйся! — збялеў пан Адам. — Яшчэ заб’ецца!
І кінуўся ратаваць неабачлівага радзівілаўскага нашчадка. Але пакуль занепакоены пан падваявода з усяе моцы бег да свайго каня, каб прадухіліць бяду, конь віхурай сарваўся з месца, панёсся да брамы і знік за ёю, схаваўшыся ў аблоках пылу, што ляцеў з-пад капытоў. Пан Пуцята, убачыўшы, што адбылося, пачаў ірваць на сабе валасы.
— Ну, Саковіч! — крыкнуў, падбягаючы, пан Мяржынскі, які бачыў усё, што адбылося, з акна палаца. — Калі з княжычам здарыцца бяда, князь-гетман табе гэтага не даруе!
— Пры чым тут я? — агрызнуўся Адам, хоць і добра разумеў, што шляхціц мае рацыю.
Чэлядзь ужо сядлала коней, каб ехаць у пагоню, а ў пана Саковіча і ногі да зямлі прыраслі. Яму прымроілася, як яго шалёны жарабец топча капытамі залітага крывёю юнага Радзівіла. Адам моцна патрос галавой, адганяючы прэч страшную карціну.
— Не спяшайцеся, — уздыхнуў ён. — Калі ўжо княжыч скруціў сабе шыю, дык ад нашай спешкі нямнога карысці будзе. А калі абышлося, дык і тым больш, няма чаго нажываць сабе калаццё ў баку.
Тым часам каля брамы пачулася бадзёрае конскае ржанне. У Адама гара з плеч звалілася, калі ён убачыў свайго скакуна, які весела гарцаваў, несучы на сабе жывога, цэлага і здаровага Багуслава.
Некалькі дзясяткаў глотак адначасова з палёгкай уздыхнулі, але Радзівіл не звярнуў на гэта ўвагі.
— Добры конь! — пахваліў ён і, ліха саскочыўшы на зямлю, працягнуў повад уражанаму Саковічу. — Ну што, пан падкаморы, пойдзем, пакажаш, ці ты сапраўды такі непераўзыдзены фехтавальшчык, як піша дзядзька. Ян, Самуль, — звярнуўся Багуслаў да сяброў, што таксама прыбеглі на шум. — А ну, прынясіце затупленыя шаблі!
Невяроўскі пабег выконваць загад, а княжыч спакойна скіраваўся за палац, дзе звычайна практыкаваўся ў рыцарскіх забавах. Пан Адам, міргаючы, глядзеў яму ўслед.
— Здраднік, — усё ж папракнуў ён каня, які нават галаву апусціў, як бы прызнаючы віну.
Адвёўшы Буцафала ў стайню, Саковіч накіраваўся ва ўнутраны двор, дзе яго чакалі Багуслаў з таварышамі. Радзівіл ужо скінуў калет, і Адам зусім супакоіўся, разглядзеўшы пад кашуляй дужыя плечы і сталёвыя мышцы прынца. Паны Набароўскі і Стаброўскі сціскалі ў руках сапраўдныя, не бутафорскія шаблі, але пан падкаморы іх нібы не бачыў.
— То бярэмся да справы, — Саковіч узяў зброю і некалькі разоў секануў ёю паветра, каб размяць руку.
Багуслаў зрабіў тое ж самае.
— Трымай добра, — кіўнуў Адам, які ўважліва сачыў за ім. — Я зараз нападу, а ты, князь, паспрабуй адбіцца.
Ён паспрабаваў нанесці некалькі ўдараў, якія юны князь, аднак, лёгка адбіў.
— Спадзяюся, ты здольны на большае, — незадаволена паморшчыўся Багуслаў.
— Бараніся, — Саковіч падвоіў сілу і колькасць удараў.
— Нядрэнна, — кіўнуў ён, калі Багуслаў адбіў яго атаку. — Яшчэ раз!
І гэтыя выпады напароліся на моцную абарону.
— Яшчэ! — скамандаваў пан Саковіч.
Але калі і гэта напад быў адбіты, ён захоплена ўскрыкнуў.
— Выдатна, богам клянуся!
— Ну, калі цябе, пан падваявода, дзядзька да мяне прыслаў, каб ты мне фіміямы курыў, дык вяртайся да сваіх спраў, — насмешліва сказаў княжыч. — На маім двары падхалімаў і без цябе хапае.
Саковіч шчыра зарагатаў. Юны Радзівіл падабаўся яму ўсё больш.