Выбрать главу

Як заўсёды бывае ў гэтым жорсткім свеце, адразу знайшлося нямала ахвотных пагрэць рукі на чужым горы. Удаву пачалі цягаць па судах, патрабуючы сплаціць пазыкі мужа, і, у рэшце рэшт, адправілі ў гарадскую турму. Наўрад ці няшчасная змагла б выйсці на волю, каб не таварыш яе нябожчыка мужа — львоўскі праўнік, доктар Павел Дамінік Гэрпер. Ён быў апекуном Ядвіжкі, але злыя языкі лічылі яго палюбоўнікам дзяўчыны (залётнікаў у яе не бракавала). Незадоўга да каралеўскага прыезду ён выцягнуў Ганну з турмы, але паколькі пазыкі ўсё ж трэба было неяк плаціць, параіў жанчыне шукаць абароны ў караля і нават узяўся дапамагчы ёй дамагчыся каралеўскай аўдыенцыі. Вакол гэтага і круціліся ўсе надзеі ўдавы і яе дачкі. Яны добра разумелі, што ад каралеўскай міласці залежала іх будучыня.

Гадзіннік на гарадской ратушы даўно прабіў дзве гадзіны дня, а каралеўскі поезд так і не з’явіўся. Разявакі, што таўкліся пад домам Лушкоўскіх, з такой аказіі нудзіліся і бавіліся размовамі.

— Мая Арышка прасілася на каралеўскі почат хоць з акна паглядзець, але я яе, лярву, зачыніў у склепе, і будзе сядзець там, пакуль паны не з’едуць са Львова, — казаў нейкі таўстун, радуючыся ўласнай вынаходлівасці. — Бо вяльможныя паны напэўна захочуць узнагародзіць сябе за ваенныя нягоды не так добрымі стравамі і моцнымі напоямі, як жаночымі ласкамі.

— Але ж на вачах гаспадара, напэўна, не рашацца паводзіць сябе непрыстойна? — непакоіліся яго суседзі, бо добра ведалі шляхецкія звычаі, ад якіх заўсёды пакутавалі добрапрыстойныя месцічы.

Таўстун усміхнуўся ў пышныя вусы, пагладзіў бараду і, сцішыўшы голас, сказаў:

— Але наш кароль, хай Госпад дае яму здароўе, будзе наперадзе ўсіх, бо вельмі ўжо ласы да амурных уцех.

— Ці ж варта пра такое мянціць языком? — пачулася асуджальнае шыпенне. — Яшчэ і пра нашага Пана…

Мужчына паціснуў плячыма.

— Я што, я магу і прамаўчаць, — няспешна прамовіў ён. — А вось уся Варшава гудзе, што другога такога пахабніка свет не бачыў.

Ядвіжка, пачуўшы гэта, пачырванела, а маці пільна паглядзела на яе.

— Чуеш, дачка? — спытала яна.

— Ды чую… — уздыхнула дзяўчына.

Рык трубы з вежы гарадской ратушы заглушыў яе словы. Натоўп страпянуўся, і хтосьці закрычаў, не шкадуючы горла: «Едуць! Едуць!»

Да горада нарэшце набліжаўся каралеўскі поезд.

х х х

Гадзіннік на ратушы адбіваў чацвертую гадзіну, калі каралеўская карэта, прайшоўшы галоўную львоўскую браму, спынілася. Бурмістр Мацей Гэйдар, што трымаў у руках хлеб і соль, і гарадскія радцы, сярод якіх быў і Гэрпер, нізка схіліліся перад уладаром, які выйшаў з карэты ім насустрач.

Трыццацідзевяцігадовы кароль Уладзіслаў быў мужчынам у росквіце сіл. Ён не быў прыгажуном, але меў прыемны твар, які рабіўся яшчэ больш прывабным пад уплывам прыроджанай ветлівасці, і моцнае цела, якое яшчэ не расплылося ад добрай ежы, віна і хвароб, што, тым не менш, ужо пачыналі яго дапякаць. Славіўся добрым сэрцам, шчодрасцю і нават марнатраўствам, бо заўсёды адорваў людзей, якія змаглі дамагчыся яго ласкі. Перш за ўсё гэта тычылася каралеўскага любімца Адама Казаноўскага, магутная постаць якога і цяпер віднелася за каралеўскай спінай. Ён здолеў выцыганіць ва Уладзіслава самы раскошны ва ўсёй Рэчы Паспалітай палац, які кароль Жыгімонт пабудаваў для свайго пераемніка, і гэты ўчынак любімага сына мала не звёў ашчадлівага бацьку заўчасна ў магілу. Утрымліваў кароль і шматлікіх жанчын, да якіх меў вялікую ахвоту і занадта мала сапраўднай душэўнай прыхільнасці, якую звычайна называюць каханнем. Часам амур трапляў сваёй стралой у ганарлівае сэрца польскага ўладара, аднак усе яго любоўныя прыгоды былі кароткачасовымі і мелі нешчаслівы канец. Сэрца караля да гэтага часу поўнілася сумам ад згадак пра рудавалосую прыгажуню Катарыну. Пра сястру яму не стамляўся нагадваць Януш Радзівіл, што пасля смаленскага паходу трапіў у найбліжэйшае атачэнне манарха.

Выслухаўшы задоўгія вітанні бурмістра, Уладзіслаў міласціва пакаштаваў хлеб і прыняў перавітыя каштоўнымі шнурамі пазалочаныя ключы ад горада, пададзеныя яму на падушцы з барвовага адамашку. Разам грымнулі гарматы на гарадскіх валах і радасна зазвінелі званы шматлікіх львоўскіх храмаў усіх канфесій. Уладзіслаў сеў на насілкі пад разлеглым чырвоным балдахінам, упрыгожаным гербам дынастыі Ваза і белым польскім арлом. Насілкі атачыла каралеўская гвардыя, і працэсія пад бой барабанаў і гукі сурмаў пацягнулася на плошчу Рынак, дзе яе сустрэў урачыстай музыкай гарадскі аркестр. Праехалі пад пастаўленай да прыезду караля трыумфальнай аркай. Яе ўпрыгожвалі пазалочаныя і пасярэбраныя гербы каронных ваяводстваў на чале з гербам дынастыі Ваза і белым арлом Рэчы Паспалітай. Тамсама былі намаляваныя і падзеі пераможнай Смаленскай вайны. Пасля кароль са світай накіраваўся ў сабор, дзе праслухаў урачыстую імшу. На гэтым святкаванне скончылася, і Уладзіслаў, змучаны доўгай дарогай, заехаў у прыгатаваную рэзідэнцыю, дзе, не даючы ніякіх аўдыенцый, на скорую руку павячэраўшы, лёг спаць. Паколькі ўрачыстасці мелі працягвацца на наступны дзень, месцічы, яшчэ трохі падзівіўшыся на шчыльна зачыненыя вокны і на два кардоны каралеўскіх гвардзейцаў, якія хавалі ад іх вачэй асобу манарха, разышліся.