Выбрать главу

— Абы не замалой, бо гэта было б абразай усіх маіх вялікіх продкаў, — адрэзаў ён і так паглядзеў на каралевіча, што той замоўк і адвярнуўся, кусаючы вусны ад злосці.

Уладзіслаў не чуў іх сваркі, бо ў думках лічыў, праз колькі дзён зможа пабачыцца з Катарынай, ды ціха ўздыхаў, налічыўшы іх занадта шмат. Затуманеным позіркам зірнуў на п’яных прыдворных, якія ўжо клявалі насамі ў талерках, і ўстаў, каб даць зразумець усім, што баль скончыўся. Пачуўшы каралеўскую волю, п’янае панства пачало распаўзацца па кватэрах, прыхапіўшы гожых прыслужніц. А тыя, каму не хапіла дзяўчат, у суправаджэнні слуг яшчэ доўга блукалі Львовам, шукаючы сабе ўцеху на ноч. Урываліся ў дамы добрапрыстойных мяшчан і хапалі там жанчын і дзяўчат. Пагражаючы зброяй і каралеўскім гневам, яны змушалі няшчасных паказваць свае прынады, і тыя, каго прырода не абдзяліла прыгажосцю, станавіліся лёгкай здабычай высокапастаўленых распуснікаў, якіх паходжанне надзейна бараніла ад правасуддзя. Слугі і дробная шляхта таксама не сумавалі, і на час свайго побыту ў Львове сталі сталымі наведнікамі мясцовых лупанарыяў… Словам, польскі кароль быў ці не адзіным, каму даводзілася сумаваць у вясёлым горадзе.

Змірыўшыся са сваёй доляй, Уладзіслаў ужо хацеў ісці спаць, як яго спыніў Гэрпер і пачаў маліць прыняць няшчасную ўдаву Лушкоўскую і яе дачку, «якія хочуць упасці да ног яго вялікасці як найвышэйшага апекуна ўсіх удоў і сірот з просьбай аб літасці». І наўмысна не прамаўчаў пра прыгажосць Ядвігі.

— Другой такой, найяснейшы пан, ва ўсім Львове няма, — горача казаў ён каралю. — Калі ваша вялікасць не злітуецца з яе няшчаснай долі, з’ядуць яе маладосць і прыгажосць галеча і злыбеды. Шкада дзеўку!

Калі б гаворка ішла толькі пра старую Лушкоўскую, Уладзіслаў, напэўна, адправіў бы навязлівага радцу ні з чым, але згадка пра незвычайную прыгажосць Ядвіжкі яго зацікавіла.

— Ну, вядзі сваю бедную ўдаву, — сказаў ён. — Ды пра дачку не забудзься!

Праўнік радасна пакланіўся і кінуўся па жанчын, якія чакалі на вуліцы. Увайшоўшы ў пакой, яны адразу ж упалі ў ногі каралю, і Ганна, рыдаючы, стала расказваць яго вялікасці пра свае беды. Ды Уладзіслаў яе не слухаў. Кінуўшы зацікаўлены погляд на Ядвігу, ён аслупянеў. Гэрпер не схлусіў, і дзяўчына перасягнула ўсе яго самыя смелыя чаканні. Пышныя чорныя валасы, неверагодна вялікія гарачыя карыя вочы на прыгожым твары, і такое дасканалае цела… Няшчаснага манарха, які ад пачатку паходу не ведаў жаночай ласкі, кінула спачатку ў жар, потым у холад. Спахапіўшыся, ён падаў руку Ядвізе, запрашаючы яе падняцца.

«Бог, напэўна, памыліўся, даючы такую знешнасць простай мяшчанцы, — падумаў Уладзіслаў. — Павінна была нарадзіцца на прыступках трона…» Найсвяцейшая Дзева, а грудзі! Ім было так цесна ў ліфе сціплай мяшчанскай сукенкі, што шчыльная тканіна, здавалася, вось-вось не вытрымае іх напору і разарвецца, выпусціўшы на волю саму прыроду і прыгажосць.

Кароль нервова аблізаў перасохлыя ад хвалявання вусны. Ядвіга міжволі ўсміхнулася. Перад пачаткам аўдыенцыі яна так хвалявалася, што баялася страціць прытомнасць, трапіўшы пад васіліскаў погляд манарха. Але цяпер перад ёй стаяў не гаспадар, а толькі чалавек, які прагнуў кахання, і дзяўчына, зразумеўшы гэта, адарыла яго такой асаблівай усмешкай, якая нават апошняга чарвяка ператварае ў героя. Уладзіслаў аж затрымцеў. Прамармытаўшы Ганне, што толкам не зразумеў яе прамову, але ёй не варта хвалявацца, бо дачка напэўна растлумачыць усё, што трэба, ён выправадзіў жанчыну і вярнуўся да Ядвіжкі.

— Хадзем са мной, — папрасіў ён, працягнуўшы ёй руку, і дзяўчына моўчкі скарылася.

Наперадзе была гарачая ноч, якая павінна была сцерці мяжу паміж каралём і падданай, паміж багатым і жабрачкаю, паміж мужчынам і жанчынай…

Раніцай увесь Львоў гудзеў пра шчасце, якое выпала Лушкоўскім. Кароль аплаціў усе іх пазыкі ды выкупіў для Ганны ўвесь дом на плошчы Рынак, а таксама надаў маці і дачцэ шляхецтва. Па патрабаванні Уладзіслава Ядвіга пакінула свой дом і пасялілася ў каралеўскіх апартаментах. Прыдворныя ўспрынялі новую метрэсу як належыць, думаючы, што каралеўскі капрыз хутка пройдзе. Аднак не так сталася, як думалася…

х х х

Праз месяц вясёлага знаходжання караля ў Львове ў горад прыйшла радасная вестка — польскім дыпламатам удалося заключыць мір з Турцыяй. Некалькі дзён ва ўсіх цэрквах горада служыліся ўдзячныя малебны, пасля якіх Уладзіславу ўжо не было сэнсу чакаць шляхецкае апалчэнне. Прыйшла пара вяртацца ў Варшаву, і кароль здзівіў шляхту, абмовіўшыся, што бярэ Ядвіжку з сабой у сталіцу. Гэта змусіла князя Януша уважлівей прыгледзецца да каралеўскай фаварыткі. Да гэтага часу ён на яе не зважаў, дзяўчына здавалася яму сціплай і, прынамсі, ведала сваё месца, разумеючы няпэўнасць уласнага становішча, якое цалкам залежала ад каралеўскай волі. Так, Ядвіга была прыгажуняй, але яе прынады не маглі зацямніць сястрынскай прыгажосці. Аднак, каб не засмучаць Катарыну, бессаромную мяшчанку трэба было неяк выцесніць з каралеўскага сэрца.