Юрый, які спадзяваўся на больш прыветную сустрэчу, сумеўся.
— Я павінен выканаць волю бацькі, запісаную ў тастаменце, — пачаў ён апраўдвацца. — А кальвіністам ніколі ніякай крыўды не рабіў і рабіць не буду. У рэшце рэшт, мой дзед спавядаў гэтую веру, а бацька на каталіка перахрысціўся, каб Смаленскае ваяводства атрымаць.
Ён горача зірнуў на Катарыну, якая ледзь прыкметна яму ўсміхнулася.
— Нябожчык смаленскі ваявода, хай зямля яму будзе пухам, у юнацтве яшчэ падаваў добрыя надзеі, але пад старасць зусім звар’яцеў, — спакойна адказаў князь Крыштаф. — І, здаецца, яго сын мудрасцю пахваліцца таксама не можа.
Юрый разгублена паглядзеў на Януша, але той адвярнуўся, усім сваім выглядам паказваючы, што згодны з бацькам.
— Ды слова гонару… — пачаў пан Глябовіч, але Радзівілы, холадна кіўнуўшы яму на развітанне, ужо пайшлі вітацца з канцлерам Альбрэхтам, які з крывадушна-салодкай усмешкай раскрыў ім абдымкі.
Пакуль сваякі абменьваліся вітаннямі, Катарына, гулліва схіліўшы галаву набок, разглядала пана Юрыя. Відаць было, што яго прывабнасць зрабіла на дзяўчыну ўражанне.
— Не звяртай увагі, пан староста, — прашаптала яна, і пяшчотны голас загучаў у вушах закаханага хлопца чароўнай музыкай. — Але, уціскаючы маіх адзінаверцаў, ты наўрад ці здолееш спадабацца бацьку.
Глябовіч кінуўся да яе.
— Клянуся выратаваннем уласнай душы, для вашай княжацкай міласці я б адкрыў кальвінісцкі збор у кожным мястэчку сваіх уладанняў, на кожным хутары…
Катарына засмяялася, бліснуўшы беласнежнымі зубкамі, і, абапёршыся на руку брата, пайшла далей.
— Я верны слуга чароўнай панны! — крыкнуў ёй пан Юрый і хацеў пабегчы следам, але яго спыніў пан Мікалай Абрахамовіч — адзін з найбліжэйшых сяброў князя Януша.
— Дарма стараешся, Глябовіч, — сказаў Абрахамовіч. — Гэтая ружа не для цябе расцвіла.
— А для каго ж? — воўкам паглядзеў на яго Юрый. — Можа, для цябе?
Яго рука міжволі сціснула шаблю, але пан Мікалай толькі зарагатаў.
— Сам убачыш…
Адштурхнуўшы Абрахамовіча, Глябовіч панёсся да аўдыенц-залы, няветліва распіхваючы тых, хто блытаўся пад нагамі. Зайшоў туды як раз своечасова, бо слугі ўжо зачынялі дзверы, і дворны маршалак, тройчы ўдарыўшы ў каменную падлогу сваім кіем, абвясціў пра выхад караля. Стаўшы на дыбачкі, Юрый за галовамі прыдворных разглядзеў, як сардэчна павіншаваў кароль літоўскага гетмана, і той ветліва адказаў на ласкавыя каралеўскія словы. Па завяршэнні прывітальных цырымоній князь Крыштаф сказаў:
— Сын паведаміў мне, што ваша вялікасць жадае бачыць маю дачку. Паколькі воля вашай вялікасці для мяне святая…
Катарына выступіла наперад і прысела ў цырымонным рэверансе, але не апусціла вачэй уніз, як зрабіла б на яе месцы любая дзяўчына. Схіліўшы набок галаву, яна паглядзела ў вочы каралю. Януш, які стаяў побач, задаволена ўсміхнуўся, заўважыўшы, што шчокі Уладзіслава пачырванелі. Вялікае каханне не забываецца, і ў справядлівасці гэтых слоў польскі валадар пераканаўся адразу ж, як убачыў Радзівілаўну. Яго сэрца забілася так часта і моцна, што той грукат павінны былі пачуць усе прыдворныя.
— Мы радыя бачыць цябе, княжа, і асабліва прыгажуню князёўну, — сказаў ён і, памаўчаўшы, дадаў: — Ясная панна стала яшчэ прыгажэйшай з таго часу, як мы мелі шчасце бачыць яе.
Катарына, міла пасміхнуўшыся, зноў прысела ў рэверансе. Кароль не зводзіў з яе вачэй, забыўшыся ў гэты момант пра ўсё на свеце. Спахапіўшыся, паведаміў, што жадае сам-насам перагаварыць з князем-гетманам, пасля чаго прайшоў з ім у асобны пакой. Убачыўшы, што князёўна засталася толькі пад апекай брата, пан Глябовіч смела ірвануў наперад, аднак прыдворныя стаялі так шчыльна, што немагчыма было прабіцца праз той жывы заслон. А пакуль Юрый спрабаваў гэта зрабіць, вярнуўся князь Крыштаф, бо прыватная каралеўская аўдыенцыя працягвалася зусім нядоўга, і яны з дачкой пакінулі палац.
Пасля пан Глябовіч амаль штодня бачыў князёўну. Некалькі разоў яна была на каралеўскіх балях, але сядзела каля Уладзіслава, так што Юрый мог толькі любавацца яе прыгожым тварам, молячы бога аб тым, каб яна адчула яго погляд і адказала на яго сваёй усмешкай. Усявышні чуў малітвы, таму што калі іх вочы сустракаліся, Катарына ўсміхалася Юрыю куды больш шчыра, чым каралю, які таксама не зводзіў з яе вачэй. Затым князь-гетман даваў у сваім палацы абед, на якім быў і яго вялікасць. Глябовіч таксама быў там і, набраўшыся нахабства, запрасіў князёўну на танец. Шаптаў ёй на вуха нейкія глупствы, шчаслівы, што яго словы выклікаюць не асуджэнне, а шчыры смех. Пасля танца кароль зноў завалодаў рукой і ўвагай чароўнай дзяўчыны, але Юрый ужо не звяртаў на гэта ўвагі. У яго нібы выраслі крылы, і яго душа ад шчасця паднялася так высока, што хацела дабрацца да бога, але яго хутка апусціў на зямлю князь Януш.