— Табе трэба схавацца. Хутка!
— Навошта? — здзівіўся Глябовіч, але Катарына схапіла яго за рукаво і пацягнула да вялікага каміна.
Уладзіславу не хапала грошай, таму, нягледзячы на халодную вясну, слугі тапілі толькі ў тых пакоях, дзе жыў кароль. Радзівілаўна падштурхоўвала, і пан Глябовіч пакорліва палез у схованку, дзе некалькі разоў чхнуў, бо там было поўна сажы.
— Цішэй, — прашыпела князёўна, спрытна падсоўваючы бліжэй адно, а потым і другое цяжкае разьблёнае крэсла, высокія драўляныя спінкі якіх надзейна прыкрылі камін.
Толькі яна гэта зрабіла, як дзверы адчыніліся і на парозе з’явіўся кароль. Ён быў апрануты па-хатняму і мала падобны на ўладара велізарнай краіны.
— О, мая Касенька! — усклікнуў ён, працягваючы да князёўны рукі, унізаныя каштоўнымі пярсцёнкамі. — Прабач, што змусіў цябе чакаць. Гэта князь-канцлер затрымаў мяне размовамі аб маскоўскіх паслах, якія прыбылі, каб атрымаць назад той элекцыйны дыплом, па якім мяне калісьці маскоўскім царом абралі. Паўсюль мы яго шукалі, але так і не знайшлі.
— Што ж цяпер будзе? — спытала князёўна і, прысеўшы ў грацыёзным паклоне, паклала свае далікатныя ручкі ў каралеўскія далоні.
— Давядзецца нешта прыдумаць для паноў паслоў, небаракі баяцца вяртацца дадому. Кажуць, як не прывязуць гэтае пагадненне, цар ім галовы паздымае, — сказаў Уладзіслаў і пяшчотна дакрануўся вуснамі да яе тонкіх пальчыкаў.
— Ох, гэтыя маскоўскія парадкі, — закаціла вочы Катарына і паспрабавала забраць руку. — Здаецца, я чула голас дзядзькі Альбрэхта? — хітра дадала яна, бо кароль яе не адпускаў.
— Князь ужо сышоў, — паведаміў Уладзіслаў і, распалены жарсцю, прыцягнуў дзяўчыну да сябе.
З каміна данесліся падазроныя гукі, на якія яго вялікасць не звярнуў увагі, затое князёўна аж задрыжала. Кароль здзіўлена паглядзеў на яе:
— Што з табой, мая цудоўная панна?
— Холадна, — прастукала зубамі Катарына, якая сапраўды дрыжала, нібы ў ліхаманцы, але зусім не ад холаду, ды Уладзіслаў, вядома, не мог гэтага ведаць.
— Я разганю гультаёў, якія зусім не клапоцяцца пра здароўе свайго караля, — вылаяўся ён. — Хадзем у спальню, мая прыгажуня. Мабыць, гэта адзінае месца ў палацы, дзе можна сагрэцца. Прынамсі, калі я адтуль выходзіў, дровы ярка гарэлі… Але, сагрэўшы твае ручкі, ці ж адагрэю я тваё сэрца?
Катарына пачырванела. Калі за ёй і Уладзіславам зачыніліся дзверы, пан Глябовіч вылез са свайго сховішча. Твар і адзенне юнака былі густа перапэцканыя сажай, але яшчэ большая, беспрасветная чарната ляжала ў яго на душы.
— За што, літасцівы божа? — прашаптаў Юрый і пайшоў, нават не спрабуючы стрымаць слёз, якія здрадліва паліліся з вачэй.
Плакаў не ён адзін. У сваіх пакоях рыдала і Ядвіга Лушкоўская — ад сёння кароль праз свайго пасланца забараніў ёй трапляцца яму на вочы.
Раздзел 8
ВЯДЗЬМАРСКІЯ ЧАРЫ
Варшава
(май 1635 года)
— Добрай раніцы, найяснейшы пан!
Каралеўскі пасцельнічы нізка пакланіўся каралеўскаму ложку і, адсунуўшы заслону, пусціў у вочы каралю сонечнага зайчыка, які, адскочыўшы ад венецыянскага люстэрка на сцяне, весела заскакаў на пасцелі. Уладзіслаў незадаволена паморшчыўся: ці то ад яркага святла, ці ад таго, што гэтую раніцу ніяк нельга было назваць добрай. Князёўна Катарына, якая на світанні пакінула яго спальню, была не ў найлепшым настроі, бо так і не здолела атрымаць ад караля адказ на пытанне, што найбольш хвалявала і яе саму, і яе сям’ю. Сваякі сачылі за развіццём любоўнай гісторыі, якая мела яшчэ больш узвялічыць радзівілаўскі дом, і занепакоенасць іх расла.
— Мой бацька нічога не ведае пра наша каханне, але як даведаецца… я баюся і думаць пра тое, што тады будзе, — нарэшце сказала яна і, выцершы сухія вочы хусткай, знікла за дзвярыма.
Уладзіслаў мог паклясціся, што не заўважыў на яе ружовых шчоках нават найменшай слязінкі, і такія паводзіны прыгажуні яго насцярожылі. Без вялікага задавальнення думаў ён і пра тое, што з князем-гетманам, які нядаўна атрымаў з каралеўскіх рук вялікую булаву, рана ці позна давядзецца высвятляць адносіны. А калі яго яшчэ падтрымае літоўскі канцлер? Гэтая думка зусім не парадавала караля, і, паснедаўшы ў адзіноце ды без апетыту, ён загадаў паклікаць польскага прымаса Яна Вэнжыка і папскага нунцыя Ганарата Вісконці, якія зранку чакалі аўдыенцыі.
Паважаныя святары прыбылі ў таварыстве каралевіча Яна Казіміра і, пакланіўшыся, пажадалі каралю добрай раніцы.
«Далося вам усім гэтае "добрай раніцы"», — змрочна падумаў Уладзіслаў, расцягнуўшы вусны ў прыязнай, на яго думку, усмешцы. Запрасіў ганаровых гасцей садзіцца, сам сеў у фатэль і з асалодай выцягнуў ногі, якія ўжо зачапіла падагра.