Яна ліхаманкава схапіла люстэрка і пачала разглядаць сваё прыгожае, хоць і распухлае ад слёз аблічча.
— Арышка! — паклікала яна, і калі дзяўчына з’явілася на парозе, загадала, каб тая прынесла вады памыцца.
Прыбраўшыся, Ядвіга нейкі час нерухома сядзела сярод яшчэ раскрытых скрынь з адзеннем. Выцягнула французскую сукенку з чырвонага атласу, якую так любіў кароль, і, уздыхнуўшы, засунула яе назад у куфар.
— Трэба было быць больш ашчаднаю, — прамармытала яна. — Куды цяпер гэта надзенеш? Хіба што замятаць доўгім падолам львоўскія вуліцы…
Ядвіга цяжка ўздыхнула. Ужо не магла ліць слёзы і скардзіцца на сваю долю, што дала ёй нарадзіцца простай мяшчанкай, ды, на жаль, уклала ў грудзі вялікае пяшчотнае сэрца, поўнае любові да яго — караля, якога павінна была любіць як свайго гаспадара, а кахала як мужчыну. Не магла нават ненавідзець саперніцу — занадта вялікая прорва падзяляла іх — найяснейшую князёўну, амаль каралеву, і простую львоўскую мяшчанку, якая з каралеўскіх пакояў павінна была вярнуцца да ранейшага жыцця на плошчы Рынак. Кранула рукой каралі на шыі, якія атрымала ад Уладзіслава, і залілася слязьмі, успомніўшы, як яго рукі перабіралі гэты жэмчуг…
Голас, які б яна пазнала і ў гандлёвы дзень на рынкавым пляцы, прымусіў яе ўскочыць. Ліхаманкава выцерла слёзы і ўпілася поўнымі надзеі вачыма ў прасвет дзвярэй, дзе ўжо з’явіўся кароль.
Зірнуўшы ў яе гарачыя чорныя вочы, што, як пляткарылі людзі, былі надзелены вядзьмарскай сілай, Уладзіслаў аж затросся ад гарачага жадання, якім палала ўсё ягонае цела. Нібы не было гэтых тыдняў расстання — перад ім стаяла яго Ядвіга, а вобраз такой дарагой яшчэ раніцай Катарыны, што на імгненне вынырнуў у яго свядомасці, імгненна растаў. Ён раўнівым поглядам агледзеў святочна прыбраную палюбоўніцу.
— Куды гэта ты сабралася? — незадаволена спытаў ён. — Ці… Нехта тут бывае ў маю адсутнасць?
Пры гэтых словах жанчына, што ўжо збіралася прасіць свайго ўладара, каб злітаваўся і не праганяў ад сябе, перадумала ўчыняць такое глупства.
— Хіба найяснейшаму каралю не ўсё адно? — чароўна павяла яна брывом і, апусціўшы вочы, напусціла на шчокі сарамлівую чырвань.
Каралю не было ўсё адно. Ён ужо заўважыў раскрытыя скрыні з адзеннем і не сумняваўся, што пакрыўджаная яго паводзінамі Ядвіжка сабралася з’язджаць. Пачалася сварка. З учарашняй простай мяшчанкай, якой ён сваёй воляй надаў шляхецтва, можна было не цырымоніцца, і абураны Уладзіслаў роў на ўвесь палац, найменш нагадваючы закаханага мужчыну, а найбольш — скнару, які зразумеў, што вось-вось страціць свой самы каштоўны скарб. Супакоіўся ён толькі тады, калі з вачэй маладой жанчыны пырснулі слёзы і яна паклялася, што нікога, акрамя свайго ўладара, не ведае і ведаць не хоча, што кахае толькі яго, а ён… а ён…
Бурлівая сварка скончылася бурлівым прымірэннем.
— А князёўна? — нарэшце наважылася спытаць Ядвіга, калі стомленаму і задаволенаму Уладзіславу, які супакоена расцягнуўся побач з ёй у ложку, ужо не было справы ні да Катарыны, ні да чаго на свеце.
— Ёй толькі карона ў галаве, — буркнуў кароль і, запусціўшы руку ў густыя чорныя валасы палюбоўніцы, прыцягнуў яе галаву да сябе. — А ты? — спытаў ён, пільна ўзіраючыся ёй у вочы. — Табе што ад мяне трэба?
— Толькі каханне, мой найяснейшы пан, — хутка адказала Лушкоўская, добра ведаючы, што, у адрозненне ад сваёй высакароднай саперніцы, пра шлюб і марыць не можа. — Толькі б ты мяне кахаў… Мяне і наша дзіця…
Захоплены знянацку гэтай весткай, кароль спачатку разгубіўся, а потым, развесяліўшыся, схапіў палюбоўніцу на рукі і закруціў яе ў нейкім мудрагелістым танцы.
— Пусці, пусці, — шчасліва смяялася Ядвіга. — Ой, у галаве закруцілася…
Спахапіўшыся, Уладзіслаў асцярожна паставіў жанчыну на падлогу. Сам апусціўся на калені, нібы перад Найсвяцейшай Паннай, і прыціснуў вуха да яе жывата, дзе яшчэ нячутна білася сэрца новага жыцця.
А ўжо ўвечары, супакоіўшы плоць, ён з яснай галавой змог зазірнуць у ледзяныя вочы Катарыны, якой (ох, гэтыя здрадлівыя слугі!), канечне, ужо было вядома, дзе найяснейшы пан сёння займаўся дзяржаўнымі справамі, і адказаць на яе горкі папрок пра тое, што жыве ў граху:
— У граху? Для некаторых гэты грэх з’яўляецца найвялікшым шчасцем…
Радзівілаўна выйшла з каралеўскіх пакояў, так высока падняўшы галаву, нібы хацела дастаць носам да столі. Слугі, якія яшчэ не ведалі пра яе бяду, лісліва кланяліся, але Катарыне, што ледзь стрымлівала рыданні, здавалася, што не толькі яны, але і сцены палаца насмешліва пазіраюць ёй услед каменнымі вачыма…