Выбрать главу

— А Катарына? — не вытрымаў Багуслаў.

— Князёўна вярнулася ў Кейданы.

Радзівілу здалося, што голас пана падваяводы прагучаў неяк дзіўна, ён пільна паглядзеў на Саковіча і здзіўлена заўважыў, што той таксама ўважліва сочыць за ім.

«Значыць, ведае», — зразумеў Багуслаў і яшчэ раз здзівіўся, як пан падваявода аднолькава добра абазнаны не толькі ў палітычных, але і ў сямейных справах князя-гетмана.

Яму карцела неадкладна распытаць прыяцеля, але такія падрабязнасці не прызначаліся для старонніх вушэй, таму давялося чакаць канца трапезы.

Пасля, адасобіўшыся з панам падваяводам у гасцявых пакоях, Радзівіл вярнуўся да гэтай размовы.

— Чаму Катарына не паехала ў Гданьск з каралеўскім дваром? — патрабавальна запытаўся ён. — Я бачу, што ты ўсё ведаеш…

— Але пра гэта, мон прэнс, ужо ўся Варшава ведае, калі не ўся Еўропа, — Адам на імгненне сумеўся, падбіраючы словы. — Спачатку ўсё добра ішло, Уладзіслаў аблізваўся на князёўну, як кот на смятану, і палаў ад кахання, як паходня. На каралеўскім двары ўслых казалі, што Радзівілаўна будзе каралевай Польшчы. Езуіты хапаліся за галовы, а спалоханы папскі нунцый слаў у Рым трывожныя дэпешы — папярэджваў аб непазбежным узмацненні пратэстанцкай партыі, калі тая здолее пасадзіць на трон дачку свайго правадыра. Усё ж, — уздыхнуў ён, — Папа можа спаць спакойна, яшчэ тыя пасланні і ў Рым не дапаўзлі, як каралеўская жарсць згасла бы іскра ў бочцы з вадой.

— Як?!

Княжычу спатрэбіўся час, каб супакоіцца. Велізарнае расчараванне ад таго, што і гэтым разам каралеўская карона не ўпрыгожыць фамільнае дрэва Радзівілаў, адбілася на яго твары. І Адам змог прачытаць яго думкі, нібы адкрытую кнігу.

— Езуіты пастараліся? — нарэшце буркнуў Багуслаў.

— Князь-гетман таксама хоча так думаць, — крыва ўсміхнуўся пан падваявода.

Княжыч глыбока выдыхнуў і, вырашыўшы, што нічога горшага адбыцца ўжо не можа, коратка кіўнуў:

— Кажы!

Саковіч трохі сумеўся, але працягнуў:

— Праўду кажучы, князь-гетман перахітрыў сам сябе. Павінен быў разумець: тое, што ўдалося аднойчы, калі Барбара праз каралеўскае ложа на польскі трон узышла, у другі раз паўтарыцца не можа… Барбара хоць удавой была, а як можа нявопытная дзяўчына ўтрымаць каля сябе нашага караля, які добра разбіраецца ў любоўных уцехах?.. Словам, вярнуўся Уладзіслаў да сваёй палюбоўніцы — той, што са Львова прывёз. Яна яму і сына нарадзіла — Уладзіслава Канстанціна, якога кароль усім замежным паслам паказваў, як быццам той не байструк, а законны спадкаемца польскай кароны! А адразу пасля родаў гэтая краля з’ехала з каралём у Гданьск…

І тут жа не стрымаў свайго здзіўлення:

— Вось хто б мог падумаць, што нейкая мяшчанка зможа нашай князёўне дарогу перайсці?!

— Адам, змоўкні, — папрасіў Багуслаў.

Гэтыя жорсткія, але і праўдзівыя словы кроілі яму сэрца.

— Ды кінь перажываць, мон прэнс. — Саковіч дакараў сябе за шчырасць. — Калі б ведаў, што ты так засмуцішся, дык не сказаў бы табе нічога. Хіба здарылася нешта страшнае? Той, каму ўдасца ажаніцца з нашай князёўнай, ажэніцца ж не з яе дзявоцтвам, а з радзівілаўскім домам!.. Ды я сам чуў, як князь-гетман выхваляўся, што брадэнбургскі курфюрст прасіў партрэт князёўны… Ці не для свайго сына?

— Гэта было яшчэ да гэтай гісторыі, — уздыхнуў Багуслаў. — О, я ўяўляю, як цяпер зласлівяць нашы ворагі…

— Зараз я цябе развесялю. — Саковіч сеў у крэсла і сілаю пасадзіў насупраць сябе княжыча. — Па-першае, прыдворным плеткарам і без таго ёсць чым заняць языкі, таму што калі сенатары сталі разглядаць пытанне аб каралеўскім шлюбе, князь-гетман прапанаваў абраць каралевай дачку нябожчыка пфальцскага курфюрста — прынцэсу Лізавету. Кароль пагадзіўся, таму ў паноў сенатараў цяпер іншыя клопаты: як бы не дапусціць евангелічку да кароны. Па-другое, князь Ярэма Вішнявецкі, скарыстаўшыся цяжарнасцю каралеўскай каханкі, паспрабаваў яшчэ раз звярнуць увагу караля на сваю сястру Ганну. Падатлівасці дзяўчыны хапіла, каб кароль ужо пакляўся князёўне ў вечным каханні і нават абмеркаваў з яе братам пасаг будучай каралевы. Але, задаволіўшы жарсць, Уладзіслаў звыкла перадумаў жаніцца і ўдала адхрысціўся ад сваіх шлюбных абяцанняў. Ён вынес іх на зацвярджэнне сената, добра ведаючы, што хутчэй рак свісне, чым сенатары пагодзяцца ўзвялічыць род Вішнявецкіх. Так і адбылося.

Уявіўшы сабе баталіі ў сенаце, Багуслаў трохі развесяліўся, і цяжкая размова незаўважна перайшла ў вясёлую хлапечую барацьбу. Лежачы на падлозе і спрабуючы выслізнуць са сталёвых абдымкаў Саковіча, які весела рагатаў з гэтых бясплённых спроб, княжыч здзіўлена зразумеў, што таксама смяецца, а ад яго дрэннага настрою не засталося і следу.