Выбрать главу

— Добра, давай ліст ад дзядзькі, — сказаў ён, калі, стаміўшыся ад барацьбы і насмяяўшыся, яны з Адамам нарэшце ўсталі на ногі.

— Зараз, — Саковіч вярнуўся да стала, куды (ён напэўна памятаў!) паклаў пакет з лістамі, і не паверыў вачам, бо княжацкія пасланні нібы карова языком злізала.

Ліхаманкава прагледзеўшы асабістыя рэчы і перавярнуўшы ўвесь пакой уверх дном, пан падваявода канчаткова пераканаўся, што лісты зніклі. Разгублена паглядзеў на княжыча, які моўчкі назіраў за ім.

— Можа, распытаць слугаў? — параіў Багуслаў. — Не маглі ж яны скрозь зямлю праваліцца?

— Вядома, — праз зубы працадзіў Саковіч, таму што ніколькі не сумняваўся ва ўласнай памяці, але гучна паклікаў слугу.

Яму ўжо было не да смеху.

Але змрочны збраяносец пана падваяводы, чый пасечаны шнарамі твар выдаваў бывалага ваяра, не змог сказаць нічога пэўнага. Княжацкія слугі таксама нічога не бачылі, таму што былі занятыя сваімі абавязкамі і абедам. Лісты зніклі, быццам іх і не было!

Такая прыкрасць не магла прайці міма ўвагі выхавацеляў Багуслава, якія ўсклалі ўсю віну на Саковіча.

— Мяне вельмі турбуе, што князь-гетман даверыў жыццё пляменніка чалавеку, які так нядбайна ставіцца да яго даручэнняў! — бушаваў пан Пуцята, які не мог змірыцца з тым, што Адам і далей будзе знаходзіцца каля княжыча.

— А калі ў тых паперах былі нейкія тэрміновыя распараджэнні? — дадаў жару ў агонь Даніэль Набароўскі, — Яго княжая міласць напэўна ж не пахваліць нас за згублены час і адгаворак слухаць не будзе!

Саковіч змрочна маўчаў і нават не спрабаваў апраўдацца, таму выхавацелі яшчэ доўга маралізавалі б, каб у Багуслава не лопнула цярпенне.

— А мяне, панове, больш турбуе тое, што ў маім доме завёўся злодзей, які паквапіўся на паперы з княжацкай пячаткай, — сказаў ён. — Хто ведае, што ён шукаў у гэтых лістах… І што знайшоў?

— І галоўнае — хто гэты шпег і каму на самай справе служыць, — дадаў Адам. — Яшчэ над тым варта падумаць, як нам яго знайсці.

Наступіла цішыня. Усе прысутныя так напружана шукалі адказы на гэтыя пытанні, што прыглушаны смех за дзвярыма, а потым шоргат босых ног па каменных плітках падлогі пачуў толькі пан Саковіч. Але калі ён падышоў да дзвярэй і адчыніў іх, то выявіў, што ў суседнім спакоі нікога не было.

— Нас падслухоўвалі, — растлумачыў ён і з прыкрасцю ўдарыў кулаком у сцяну. — Чорт ведае што робіцца ў гэтым палацы!

х х х

Невяроўскі і Стаброўскі забеглі ў свой пакой. Ян кінуў у кут боты, якія трымаў у руках, і павярнуўся да таварыша, які аж заходзіўся ад смеху.

— Ну? — спытаў ён. — Ты нарэшце растлумачыш мне, што адбываецца?

Самуль перастаў смяяцца.

— А вось што, — сказаў ён і, напалову выцягнуўшы з-за пазухі пакет, зноў схаваў яго.

— Гэта тыя самыя лісты? — жахнуўся Невяроўскі. — На чорта ты іх узяў? Цяпер жа ўсе будуць думаць, што ў палацы вораг.

— Адчапіся, — махнуў рукой задаволены сабой Стаброўскі. — Заўтра я паклапачуся, каб нейкі добрасумленны слуга выпадкова гэты пакет знайшоў. Усе і супакояцца, калі ўбачаць, што пячаткі цэлыя. А вось Саковічу дастанецца на арэхі! Князь-гетман цяпер двойчы падумае, ці варта давяраць слугу, які раскідваецца яго лістамі як хламам.

Д’ябал быў на баку Стаброўскага, бо сапраўдны эфект ад знікнення лістоў выявіўся пасля прыезду ў Біржы пана Кахлеўскаа, што кіраваў канцылярыяй князя Крыштафа. Гэты паважаны слуга Радзівілаў, якому гетман давяраў свае самыя далікатныя дыпламатычныя і асабістыя таямніцы і да якога падлашчваліся не толькі слугі, але і родныя князя Крыштафа, нягледзячы на страшэнную занятасць, асабіста прыбыў, каб забраць пакет. Яго з’яўленне сведчыла аб вялікай важнасці страчанага, таму не дзіўна, што Саковіч аж у твары змяніўся, як убачыў Кахлеўскага.

Кейданскі староста ледзь з глузду не з’ехаў, калі пачуў пра знікненне, бо ведаў, што менавіта знікла.

— Што было ў пакеце, пан староста? — заклапочана пацікавіўся Радзівіл, калі яны з Саковічам трохі адпаілі віном беднага гетманскага слугу, ледзьве яго супакоіўшы. — Няўжо дыпламатычныя паперы?

— Горш, — дрыготкім голасам паведаміў Кахлеўскі і, не стрымліваючы адчаю, дадаў: — Ды за гэты пакет, князь, любы вораг князя Крыштафа палову маёнтка аддасць і ўласную правую руку ў прыдачу… Божа мой! Што ж цяпер будзе?