На наступны дзень пасля абеду, калі Багуслаў пайшоў з Піркенам крэсліць план ідэальнай крэпасці, а Самуль нечакана знік, да Невяроўскага, які нудзіўся без справы, падышоў княжацкі слуга і сказаў, што яго кліча месье дзю Берт, які ўжо недзе здабыў новых сокалаў. Іншым разам Ян ўжо бег бы ад надакучлівага француза куды вочы глядзяць, але цяпер, узрадаваўшыся хоць якому занятку, ахвотна прайшоў у гаспадарчую частку палаца, дзе сутыкнуўся са змрочным збраяносцам пана Саковіча.
— А дзе месье дзю Берт? — здзіўлена спытаў хлопец.
Шляхціц неакрэслена махнуў рукой кудысьці ўбок, а калі Невяроўскі, шукаючы француза, павярнуўся спінай, нечакана заціснуў яму рот сваёй мядзведжай рукой і кудысьці пацягнуў. Ян адчайна тузаўся, спрабуючы вызваліцца, але добры ўдар па галаве паклаў канец гэтым вартым жалю спробам. Збраяносец надзейна звязаў сваю ахвяру па руках і нагах, заткнуў хлопцу рот анучай, а потым паклаў на воз і закідаў сенам, каб схаваць ад людскіх вачэй. Сам сеў за фурмана і, нокнуўшы на коней, крануўся з месца.
«Са смерцю не жартуюць!» — гэтыя словы прыйшлі ў галаву Яну, калі збраяносец нарэшце завёз яго ў лясныя гушчары і хлопец змог зірнуць у твар чалавеку, якому быў абавязаны сваім падарожжам. Саковіч падаваўся спакойным, але яго халодныя чорныя вочы свяціліся жудаснымі зялёнымі агеньчыкамі, а на вуснах крывілася ўжо знаёмая Невяроўскаму сатанінская ўсмешка. Хлопец здрыгануўся, бо палічыў бы за лепшае сутыкнуцца з апантанай лютасцю, чым з гэтым зманлівым злавесным спакоем. Адвярнуўся, каб вораг не заўважыў спалоху ў яго вачах, але гэта была памылка, бо адразу ўбачыў Самуля, які стаяў на краі ваўчынай ямы з пятлёй на шыі, канцы якой былі перакінутыя праз таўшчэзную дубовую галіну. Двое слуг пана падваяводы з аголенымі шаблямі не спускалі вачэй са зняволеных. Ян ціха застагнаў.
— Навошта ты схапіў яшчэ і яго? — крыкнуў Стаброўскі, размазваючы слёзы па брудным твары. — Гэта я ўзяў тыя паперы, я адзін, а ён падчас абеду нікуды не хадзіў і быў у цябе на вачах!
— Праўда, — сказаў Адам. — Але я ніколі не паверу, што ты не пахваліўся таварышу сваім подзвігам. Таму ён ведаў. — І, нахіліўшыся да Невяроўскага, люта прашыпеў яму ў твар: — Ты ведаў і не сказаў!
Ён выцягнуў з Янавага рота анучку, і той нарэшце змог выказаць усё, што накіпела.
— Што ты сабе дазваляеш? — віскнуў хлопец, але голас сарваўся, як у маладога пеўня. — Па якім праве?
Саковіч мякка ўсміхнуўся.
— Па праве моцнага, — ласкава растлумачыў ён. — Гэта адзіны закон, уладу якога я прызнаю.
— А як жа рыцарскія законы? — не здаваўся Невяроўскі, разумеючы, што інакш не дастукаецца да гэтага каменнага сэрца. — Шляхціц мае паядынкам свой гонар бараніць!
— А што, у літоўскіх балотах ужо змеяў не хапае, што ты, Ян, пра шаблю ўспомніў? — драпежна прыжмурыўся Адам.
— Я тую гадзюку табе не падкідваў, — пакрыўдзіўся той і прыкусіў язык, але было ўжо позна.
Саковіч задаволена кіўнуў і, падышоўшы да Стаброўскага, утаропіўся ў яго страшным позіркам. Стаяў моўчкі, не пагражаў, але бледны твар хлопца аж пазелянеў ад страху, а на штанах па-здрадніцку пачала расплывацца вялікая мокрая пляма. Слугі пана падваяводы, заўважыўшы гэта, здзекліва загыгыкалі. Адам таксама не стрымаў усмешкі. Пакінуўшы паўмёртвую ад страху ахвяру, ён вярнуўся да Невяроўскага.
— Я так і думаў, Ян, што гэта быў не ты, — паведаміў ён. — Але разлучаць сяброў не стану. Разам былі пры жыцці, разам і на той свет пойдзеце.
І, падвысіўшы голас, сказаў:
— Не табе мне рыцарскімі звычаямі вочы калоць! Я з чарвякамі паядынкаў не вяду, я іх проста… душу.
Ён зрабіў знак збраяносцу, і той, падцягнуўшы Невяроўскага да ямы, спрытна накінуў яму на шыю загадзя прыгатаваную вяроўку.
Стаброўскі ўслых зарыдаў.
— Ты гэтага не зробіш, — прахрыпеў Ян, не ў змозе адвесці погляд да ямы, што дыхала на яго магільным холадам.
А сам тым часам спрабаваў вызваліць рукі, звязаныя за спінай. Яму гэта амаль удалося, збраяносец слаба заціснуў вяроўкі, напэўна, каб тыя не занадта ўпіваліся ў цела. Такая ўпэўненасць развесяліла пана Адама.
— Цікава, і хто ж гэта мне перашкодзіць? — фыркнуў ён, з прытворным непакоем азіраючыся вакол.
— Напрамілы бог, пан падваявода, — усхліпваючы, прамармытаў Самуль. — Гэта быў усяго толькі жарт… Дурны жарт… Я так Багуславу і скажу… І князю Крыштафу, калі трэба будзе.
— Усё зробім, што хочаш, — горача падтрымаў таварыша Ян і з усяе моцы прыкусіў губу, бо зубы ад страху гучна стукалі. — Ну якая табе карысць ад нашай смерці?