Стэфан моўчкі адступіў назад. Ян застаўся стаяць, але сказаў:
— Павучуся я з радасцю, найяснейшы князь. А боек не люблю, хіба прыйдзецца жыццё вашай міласці бараніць.
Радзівіл задумаўся.
— Заставайся, Ян, — вырашыў ён. — У рэшце рэшт, не ўсім жа шабляй махаць, нехта і галавой працаваць мусіць.
Так світа Багуслава папоўнілася юнымі Кажэўскім, Ферхам, Хувербекам, Фелкерзонам і Кажкілем, якія лёгка знайшлі супольную мову з Невяроўскім і Стаброўскім, тады як спакойны і разважлівы Цадроўскі чамусьці стаў гэтай кампаніі папярок горла. Жорсткая, як усе падлеткі, моладзь не давала небараку праходу. Той ужо паспеў пасядзець у бочцы з дзёгцем, пагаварыць у кладоўцы з вялікімі сабакамі, выкупацца ў калодзежы… Здавалася, бурнай фантазіі юных шляхціцаў не было межаў, таму небараку сапраўды дрэнна прыходзілася на княжацкай службе.
Так працягвалася, пакуль на гэтыя забавы выпадкова не натрапіў Саковіч, які прыйшоў наведаць князя. Падпітая моладзь якраз прыціснула да сцяны перапалоханага Цадроўскага і актыўна раілася, якія пакуты прыдумаць сваёй ахвяры. Ашмянскі падкаморы гучна свіснуў, і ўсе веселуны, як адзін, павярнуліся да яго.
— Адзін, другі, трэці… Сем на аднаго? — хутка палічыў Адам. — Цікавая арыфметыка…
— Не ўмешвайся, пан падваявода, — буркнуў Невяроўскі. — Гэта нашы справы.
— І заўваж, што цяпер сіла на нашым баку! — дадаў Стаброўскі.
Гэтая прамова так развесяліла Саковіча, што ён нават не раззлаваўся на юнакоў за іх дзёрзкасць.
— Вось бяда, — прытворна занепакоіўся ён. — Як жа гэта адзін рыцар можа справіцца з двума такімі чарвякамі, як вы? Бо астатнія ўжо падціснулі хвасты і пакінулі вас абодвух ваўку на расправу.
Самуль азірнуўся і ўбачыў спіны сваіх паплечнікаў — тыя, толькі ўбачыўшы ашмянскага падкаморага, уцяклі.
— Хадзем, Самуль, — буркнуў Ян, які застаўся стаяць на месцы. — Нам тут няма чаго рабіць.
— Не так хутка, — спыніў іх Адам. — Запомніце, мае галубочкі, і сябрам скажыце: той, хто яшчэ раз кране гэтага шляхціца, — ён тыцнуў пальцам у грудзі разгубленага Цадроўскага, — будзе мець справу са мной.
Стаброўскі люта паглядзеў на яго, але нічога не сказаў. Невяроўскі, аднак, не прамаўчаў.
— На чорта табе здаўся гэты заяц? — ён пагардліва паглядзеў на сваю ахвяру. — Гэта праўда, што мы разам яго як звера гналі… Ды ён ж нават абараняцца не спрабаваў! Ды калі б на мяне так палявалі, я б хутчэй памёр з шабляй у руцэ, чым дазволіў бы з сябе здзекавацца.
— Ян, я ўсё сказаў, — нахмурыўся Саковіч.
Калі Невяроўскі са Стаброўскім пайшлі, Цадроўскі стаў горача дзякаваць свайму выратавальніку, але той абарваў яго на паўслове.
— Звычайна я, шаноўны пане, баязліўцаў пад апеку не бяру. Таму не думай гэтым недзе выхваляцца.
Ян ніякавата ўсміхнуўся.
— Ды ўжо ж не буду.
— Добра. Я з таго дзіўлюся, як гэта цябе Богусь на службу ўзяў. Наш юны князь рыцарскага характару і баязліўцаў любіць не больш, чым я сам.
— Я папярэджваў яго міласць, што ваяр з мяне абы-які, — шчыра прызнаўся юнак. — І пра тое, што за мяжой перш за ўсё вучыцца хачу. У Радзівілаў жа ёсць такі звычай — здольных да навук шляхціцаў за свой кошт вучыць, каб потым на добрую пасаду паставіць у сваіх уладаннях?
— Ёсць, — пацвердзіў Адам. — Добра, раз не я замаўляю музыку, дык не мне і ганіць музыкаў. Будзем спадзявацца, пан Ян, што да навук ты больш здатны, чым да бою. Але шабляй махаць павучыся, інакш на цябе не толькі рыцары, але і хлопы будуць пляваць.
— Каб ты сам, пан падваявода, мяне павучыў… — шляхціц з надзеяй паглядзеў на яго, але Саковіч адразу ж пахітаў галавой:
— У мяне клопатаў і без таго хапае, каб такіх няўклюд, як ты, шаноўны пане, рыцарскай навуцы вучыць.
— Я разумею, — Цадроўскі не пакрыўдзіўся, але ўздыхнуў так цяжка, што Адам нечакана для сябе перадумаў.
— Але цяжка давядзецца нашаму князю, калі ў нейкі сутычцы гэткі няўдаха, як ты, будзе яму спіну прыкрываць, — задуменна сказаў ён. — Можа, мой пахолак цябе таму-сяму навучыць? Калі пацвердзіць, што ты не безнадзейны, я сам знайду час, каб адным вокам зірнуць на тваю навуку.
Сказаўшы так, пан падваявода засвістаў песеньку і пайшоў прэч, не слухаючы Цадроўскага, які яшчэ доўга дзякаваў. Завярнуўшы за рог, Саковіч не заўважыў Невяроўскага са Стаброўскім, якія недалёка адышлі, а, убачыўшы ворага, схаваліся за вазы з сенам.
— Нічога, — з нянавісцю сказаў Стаброўскі, гледзячы ўслед бестурботнай фігуры Саковіча. — Вэксаль гэтага нягодніка на маім рабым твары прапісаны: як пагляджу ў люстэрка, дык яго і ўспамінаю! Некалі ён мне заплаціць.