Ян, які больш за ўсё хацеў трымацца ад Саковіча далей, толькі цяжка і перарывіста ўздыхнуў.
Усё ж, як ні злаваліся сябры на пана падваяводу, але Цадроўскага больш ніхто не адважваўся чапляць. Нават тады, калі Багуслаў з Адамам махнулі на ашмянскі соймік, дзе княжыча ўпершыню абралі паслом на сойм. Пасля вяртання ў літоўскую сталіцу прывілеяванае жыцце Саковіча скончылася: аказалася, што князь Януш, які стаміўся жыць пад пільным бацькоўскім вокам і для большай свабоды пасяліўся ў палацы кузэна, ледзь трываў пана падваяводу, пераследуючы яго сваімі прыдзіркамі кожны раз, калі бачыў.
Аднойчы нахабны Буцафал, якога Саковіч неабдумана пакінуў каля канавязі, укусіў князя Альбрэхта, што завітаў наведаць пляменнікаў і неасцярожна падышоў да каня занадта блізка. Канцлер доўга апошнімі словамі лаяў на ўвесь двор «гідкае стварэнне», аж цяжка было зразумець, каго ён мае на ўвазе — каня ці гаспадара. Супакоіўся ён толькі тады, калі пакрыўджаны жарабец амаль вырваўся на волю, спрабуючы затаўчы крыўдзіцеля капытамі. Януш, які стаяў паблізу, супакоіў каня, але потым, калі дзядзька з’ехаў, аблаяў Саковіча за такую непавагу да радзівілаўскага дому.
— Найяснейшы князь, — сказаў на гэта Адам. — Ужо тое, што я цярпліва слухаю абвінавачванні вашай княжацкай міласці, найлепшым чынам пацвярджае маю невінаватасць, бо нікому, акрамя Радзівіла, я б такіх слоў не дараваў.
Багуслаў пачуў сварку выпадкова.
— Ён праўду кажа, Януш, — весела пацвердзіў хлопец і, убачыўшы, што кузэн збіраецца зноў выбухнуць гневам, загадаў падваяводу адвесці каня ў стайню. — Што, брат, ты маеш супраць Саковіча? — пацікавіўся ён, калі Адам пайшоў выконваць загад. — Калі б Буцафал належаў камусьці іншаму, ты б смяяўся з нашага дзядзькі разам са мной, бо сёння ён атрымаў па заслугах за ўсе свае езуіцкія хітрыкі.
— Ты, Багуслаў, не занадта барані гэтага нягодніка, — параіў Януш. — Дастаткова і таго, што мой бацька Саковічам не надыхаецца. А калі хочаш ведаць, што ён за чалавек, я табе скажу: на ўласныя вочы бачыў, як ён падчас апошняга вялікага каталіцкага пагрому ў Вільні здзекаваўся з пратэстанцкіх пастараў.
Багуслаў, што наслухаўся жудасных гісторый пра гэтыя сутычкі яшчэ падчас сваёй вучобы ў акадэміі, не стрымаў ускрыку:
— Не можа быць!
— Ты мяне падманшчыкам лічыш? — пакрыўдзіўся Януш.
— Я дзіўлюся, чаго ж ты пра гэта дзядзьку не сказаў…
— А я сказаў. Ён выклікаў Саковіча і той на крыжы пакляўся, што крыўды пратэстантам не рабіў. Бацька, вядома, яму паверыў, а вось я, Богусь, неяк больш веру сваім вачам, а не таму нягодніку…
Аднак Багуслаў быў не з тых, хто лёгка бярэ на веру такія абвінавачванні. Хоць братаў аповед уразіў яго да глыбіні душы, князь вырашыў спытаць пра гэта ў Саковіча. Пачуўшы, пра што гаворка, той спахмурнеў.
— А сам ты што, мон прэнс, пра гэта думаеш?
— Думаю, што ад цябе, Адаме, усяго можна чакаць, — шчыра адказаў Радзівіл. — Пра твае «подзвігі» уся Літва гудзе, і нават пра тое кажуць, што бацька тваёй жонкі да вашага вяселля не дажыў, напэўна ж, не без тваёй помачы.
— А я чуў, што твая княжацкая міласць едзе да французскага двара, каб перашкодзіць шлюбу нашага караля з аўстрыйскай прынцэсай, — не застаўся ў даўгу Саковіч. — Бо французы хочуць мантуанскую герцагіню на польскім пасадзе бачыць, а князь Крыштаф лічыць, што Рэч Паспалітая мае з Францыяй і пратэстанцкімі краінамі разам трымацца, а не з каталіком-імператарам, як гэтага жадае князь-канцлер…
— Што за глупства? — паціснуў плячыма Багуслаў. — Гетман пра свае ўпадабанні ўслых кажа на кожным сойме, гэта не таямніца, а я за мяжу вучыцца еду… Прынамсі, дзядзька так думае… Няўжо ты гэтым чуткам верыш?
— Вядома, веру, — падміргнуў яму Адам. — Людзі ж хлусіць не будуць?
Радзівіл закусіў губу.
— Такім чынам, Янушу падалося, што ты быў у тым натоўпе студэнтаў, якія віленскі храм грамілі? — прымірэнча спытаў ён.
— Не падалося, — пасля доўгага маўчання сказаў Саковіч. — Аднак быць і рабіць — розныя рэчы.
— Тады чаму ты там апынуўся? — працягваў Радзівіл, бо хацеў дакапацца да ісціны.
— Прабач, мон прэнс, але я гэтага сказаць не магу…
І з дробнай зачэпкі можа ўсчацца буйная сварка, і гэты выпадак не стаў выключэннем. Занадта дапытлівы князь і залішне таямнічы віленскі падваявода пасварыліся так, што нават на сойме, дзе абодва былі пасланцамі ашмянскай шляхецкай грамады, трымаліся воддаль адзін ад аднаго.
Пасля вяртання Януша да каралеўскага двара Багуслаў, які, пасварыўшыся з Саковічам, нудзіўся ў родных краях, пачаў настойваць на скарэйшым ад’ездзе ў Аб’яднаныя Правінцыі, дзе меў намер працягнуць навучанне. Хоць Польшча ўжо рыхтавалася да шлюбу караля Уладзіслава з аўстрыйкай Цэцыліяй Рэнатай, гетман з палітычных меркаванняў не стаў пакідаць пляменніка на каралеўскае вяселле і ўзяўся асабіста назіраць за падрыхтоўкай да падарожжа. Паважнага студэнта павінны былі суправаджаць маладыя шляхціцы — радзівілаўскія кліенты, якія мусілі вучыцца разам з ім, а таксама некалькі хатніх слуг, настаўнік Рэйнольд Адамі ды, вядома ж, пан Пуцята. Выпраўленыя праз караля Уладзіслава і князя-гетмана пашпарты і рэкамендацыйныя лісты павінны былі забяспечыць Багуславу цёплую сустрэчу і пратэкцыю ўплывовых асоб Еўропы.