Падрыхтоўка да падарожжа цягнулася некалькі месяцаў. Нарэшце надышоў дзень ад’езду. Юны князь быў у прыўзнятым настроі, і толькі адно непрыемнае пачуццё тачыла яго сэрца — за ўвесь гэты час яны з Адамам так і не паспрабавалі памірыцца. А цвёрдае перакананне Радзівіла, што няварты слуга рана ці позна з’явіцца да яго з выбачэннямі, наткнулася на роўнага па ўпартасці саперніка. Аднак Багуслаў цвёрда вырашыў, што ніякі Саковіч не сапсуе яму задавальнення ад падарожжа, таму гнаў прэч з галавы ўсе непрыемныя думкі пра сварку. Цёпла развітаўшыся з панам Набароўскім, які праз шаноўны век і слабае здароўе заставаўся ў Літве, князь акінуў вачыма наваколле, спрабуючы захаваць у памяці абрысы палаца, дзе прайшло яго дзяцінства. Павярнуўшы галаву, ён убачыў знаёмы твар, які вызірнуў і зноў схаваўся за рогам. Багуслаў адвярнуўся, падумаўшы, што гэта яму падалося, але крыху пазней, асцярожна скасавурыўшы вочы, зноў убачыў галаву Адама на тым самым месцы.
— Калі ёсць галава, павінен быць і Саковіч, — вырашыў ён і рашуча скіраваўся на пошукі.
Адам, убачыўшы, што князь ідзе да яго, пакінуў сваё сховішча і выступіў наперад.
— Ну і чаго ты, пан падваявода, тут сцяну падпіраеш? — з’едліва пацікавіўся Радзівіл, змераўшы знішчальным позіркам былога прыяцеля, які вяла калупаў ботам цвёрдую зямлю.
— Хацеў пабачыць цябе, найяснейшы князь, перад ад’ездам, — адкрыта патлумачыў той. — Не ведаю, калі яшчэ сустрэнемся. — І, памаўчаўшы, дадаў: — Звычайна я рэдка непакою Госпада сваімі малітвамі, але з гэтага часу штодня буду яму надакучаць просьбамі пра тваё шчаслівае падарожжа і хуткае вяртанне.
Багуслаў так злаваўся на Саковіча, што яшчэ хвіліну назад ударыў бы кулаком у нахабную пысу, але па гэтых словах яго абраза дзе і падзелася. Нечакана для сябе ён моцна абняў Адама, які таксама радасна сціснуў яго ў абдымках.
Гэта, вядома, яшчэ быў не мір, а толькі перамір’е, але Радзівіл адчувальна павесялеў і, развітаўшыся з Саковічам, з лёгкім сэрцам вярнуўся да свайго почату. Слугі ўжо зручна размясціліся ў карэтах, іх атачыла ўзброеная чэлядзь, якая павінна суправаджаць княжацкі поезд у часе доўгага падарожжа. Князь Крыштаф і Багуслаў паехалі вярхом, бо ніяк не маглі развітацца.
— За мяжой не толькі на дзевак, але і на навуку глядзі, — загадаў гетман, — хоць з тваім абліччам і характарам будзе цяжкавата. Прыгажун ты ў мяне, з твару хоць ваду пі. Я ведаю, у цябе вялікая будучыня. Не загубі яе, сынку, прашу цябе.
Багуслаў згодна ківаў галавой, але прапускаў дзядзькавы наказы міма вушэй. Наперадзе было новае жыццё — вольнае, раскошнае, што чароўнай і жаданай невядомасцю вабіла маладога князя.
Так ехалі з паўмілі.
— Ну, досыць, — князь Крыштаф спешыўся і са слязамі на вачах абняў пляменніка, у якога таксама вочы былі на мокрым месцы.
— А, чорт забірай… як навек развітваемся… Пан Пуцята! — крыкнуў гетман маршалку, што вызірнуў з карэты. — Пішы мне, пра ўсё пішы — дзе былі, што бачылі… Пішы ты, бо найяснейшы князь, мабыць жа, не будзе сябе занадта абцяжарваць пісанінай… І галоўнае: князя загадваю табе берагчы, як сваю галаву. Чуеш? Як сваю галаву!
— А мне што загадаеш? — Багуслаў не стрымаў усмешкі, бо пан маршалак так затрос галавою, быццам хацеў пазбавіцца і яе, і таго галаўнога болю, які яму непазбежна абяцала гэтая паездка.
— Слуцкаму князю я загадваць не магу, — адказаў князь Крыштаф. — А вось да Багуслава, майго любімага пляменніка, маю просьбу.
— Ну, дзядзька, ты скажаш, — папракнуў яго пляменнік. — Ты мне замест бацькі быў, і тваёй дабрыні я ніколі не забуду, таму загадвай.
Князь Крыштаф расчулена паглядзеў на яго.
— Ох, Богусь, сын мой мілы… Жывым і здаровым вярніся дадому, гэта першае, што я і ў цябе, і ў бога прашу…
— Бог дасць, так і будзе. І ты беражы сябе, дзядзька.
Гетман толькі махнуў рукой.