Выбрать главу

Януш, які стаміўся выпрошваць грошы ў строгага бацькі, вырашыў прыслухацца да яго наказаў. Паколькі князёўна Вішнявецкая скампраметавала сябе скандальнай сувяззю з каралём Уладзіславам, разборлівы князь выправіўся ў Кракаў, дзе жыла панна Тэнчынская, каб распачаць заляцанні, калі дзяўчына яму спадабаецца.

х х х

Паведаміўшы каралю, які якраз захварэў, што ненадоўга ад’едзе з Варшавы, Радзівіл выйшаў у прыёмны пакой, які апусцеў з-за хваробы яго вялікасці, і ўбачыў, што там неспакойна пахаджвае яго прыяцель — пан Юрый Грудзінскі, сын калішскага ваяводы.

— А я тут, князь, цябе чакаю, — паведаміў ваяводзіч. — Таму што пані ваяводзіна сандамірская клікала мяне на вячэру з музыкамі і наказвала абавязкова прывесці да кампаніі пару добрых кавалераў.

— Не магу, — адмовіўся Януш. — Заўтра раніцай выпраўляюся ў Кракаў, дык маю адпачыць перад падарожжам.

— Там дарога — роўная, як страла, і мяккая, нібы пярына, — настойваў Юрый. — У карэце і выспішся. Ды і гэта ўсё ж не вяселле, каб да раніцы гуляць. Зойдзем на хвіліну, вып’ем па чарцы і разыдземся.

— Пераканаў, — засмяяўся князь.

Пра тое, што ў доме сандамірскай ваяводзіны святочнае баляванне, было чуваць яшчэ ў пачатку Новамейскай вуліцы, дзе стаяў яе дом: музыкі не шкадавалі інструментаў.

— Здаецца, чаркай не абыдзецца, — па-прароцку сказаў Януш і, хвацка саскочыўшы з каня, кінуў повад слугу, што якраз падбег.

Пан Грудзінскі таксама спешыўся і пачаў вітацца са старэйшым сынам ваяводзіны — Янам Патоцкім, які, выконваючы абавязкі гаспадара дома, выйшаў сустракаць гасцей. За ім на парозе з’явілася і сама гаспадыня.

— Якія госці! — усклікнула яна, убачыўшы Януша. — Калі ласка, прашу, найяснейшы князь, да нашага стала. І ты таксама праходзь, пане Грудзінскі.

У вялікай зале было поўна народу. Двое братоў Патоцкіх — Пётр і Павел — забаўлялі таварыства за сталом, што аж ламіўся ад страў і напояў.

Марыя, удава Фірлея, сандамірскага ваяводы, была паважнай пані, паходзіла з роду малдаўскіх гаспадароў Магілаў, і яе дом меў добрую славу ў Варшаве. Акрамя ўжо названых сыноў, былі ў яе і тры прыгажуні-дачкі — Сафія, Катарына і Ганна. Найстарэйшая, Сафія, набожная дзяўчына, нядаўна сышла ў дамініканскі кляштар. Сярэдняя, Катарына, таксама славілася заўзятай рэлігійнасцю, але маці, разумеючы, што прыгажосць дачкі абавязкова забяспечыць удалае замужжа, адгаварыла яе ад пострыгу. Наймаладзейшая, Ганна, была не такой прыгожай як сёстры, але і ў яе не бракавала прыхільнікаў. Убачыўшы новых гасцей, абедзве дзяўчыны таксама выйшлі з-за стала і сталі за спінай маці.

Ветліва пацалаваўшы руку гаспадыні дома, Януш павярнуўся, каб павітацца з яе дочкамі і аслупянеў, убачыўшы панну Катарыну. Яе прыгажосць пацэліла князю ў самае сэрца, і Радзівіл, раптам згубіўшы красамоўства, змог прамармытаць толькі два-тры вітальныя словы, ды і тыя не да ладу.

Аднак на пані ваяводзіну яго збянтэжанасць зрабіла добрае ўражанне. Шматзначна падміргнуўшы дачцэ, яна павяла Януша да стала і пасадзіла так, што юнак апынуўся як раз насупраць Катарыны і мог колькі заўгодна любавацца яе прыгажосцю. А пану Грудзінскаму дасталася месца аж каля дзвярэй. Трохі ачомаўшыся, Радзівіл агледзеўся і ўбачыў, што сядзіць паміж панам каронным падчашым Астрарогам, блізкім сваяком Патоцкіх, і ксяндзом Гэмбіцкім — каралеўскім сакратаром. Апошні ўжо дараваў Радзівілу віленскі дэбош і павітаў яго з крывадушна-салодкім выразам твару, які заўсёды напускаў на сябе, калі даводзілася мець справу з моцнымі гэтага свету. Крыху далей сядзеў каралеўскі ўлюбёнец, каронны падкаморы Казаноўскі са стрыечным братам Дамінікам Аляксандрам, каронным пісарам. Януш заўважыў, што зялёныя вочы пана пісара почасту спыняюцца на Катарыне. Радзівіл са здзіўленнем адчуў, што ў яго грудзях прачнулася нейкая злая істота, якая патрабуе добра даць у зубы нахабніку. Суняўшы дзіўнае пачуццё, Януш ветліва падняў чарку за росквіт слаўнага роду Патоцкіх, даўшы магчымасць гаспадарам прамовіць у адказ здравіцу пра магутны дом Радзівілаў. Пасля келіхі ўжо ніхто не лічыў — госці елі і пілі, забаўляючыся вясёлымі размовамі. Пакуль князь часаў языком, пан Грудзінскі, выпіўшы лішняга, прычапіўся да ваяводзіны з роспытамі, чаму яна ніяк не хоча аддаць за яго панну Катарыну.