— Ёсць, але на думцы, не ў сэрцы, — адказаў Радзівіл. — Бацька раіць сватаць панну Тэнчынскую. Дзяўчыну я яшчэ не бачыў, але яе багацце мне вельмі падабаецца.
— Табе, — пачаў казаць пан сакратар, — як мужчыну маладому, трэба шукаць добрага сябра, а не багацця. З ласкі божай багацця і ў тваім доме дастаткова, таму без чужога можаш абыйсціся. Аднак рабі як знаеш. А пра панну Тэнчынскую я табе скажу, што з тых часоў, калі яе дзядзька, пан Асалінскі, уздумаў выдаць пляменніцу за каралевіча Яна Казіміра, яна з-за сваёй пыхі пачала людзьмі пагарджаць. Да таго ж гэтая дзяўчына — набожная каталічка, і шлюб з дысідэнтам, ды яшчэ і з далёкім сваяком, хіба за папскім дазволам возьме. А гэты дазвол, ясны князю, будзе каштаваць табе купу грошай і процьму часу, а тым часам ужо немаладая дзяўчына яшчэ старэйшай стане. Але калі гэтых цяжкасцей не баішся, то смела адпраўляйся ў Кракаў, і хай табе бог дапамагае.
Януш нічога не адказаў шматмудраму пану, але вельмі задумаўся. На заўтрашнім прыёме ён ужо зусім ласкава глядзеў на Катарыну, адкрыта любуючыся яе цёмнымі кучарамі, тонкім станам, белымі ручкамі, пяшчотным круглым абліччам, маленькім носікам і вялікімі светла-карымі вачыма, і радаваўся, што прыгажуня таксама яго не цураецца. Ён ужо мог перакінуцца з дзяўчынай некалькімі словамі, бо пані ваяводзіна, бачачы князя штодня ў сваім доме, трохі супакоілася і хоць дагаджала яму яшчэ больш, але цяпер хоць рабіла гэта моўчкі. Януш падазраваў, што такой пераменай ён абавязаны каралеўскаму сакратару, аднак чамусьці не сердаваў на яго і ўжо з уласнай волі стаў часцей заходзіць у госці да пані Патоцкай.
Візіты не засталіся незаўважанымі. Бедны пан Грудзінскі ваўком глядзеў на Радзівіла, а пан Казаноўскі, хаця ўжо не адважваўся чапляць Януша, аднак «па-братэрску» папярэдзіў, што жадае пасватаць панну Патоцкую за свайго кузэна. Яго ўмяшанне прынесла толькі зваротны вынік — пачуўшы пра саперніка, Януш вырашыў не губляць часу і першым прызнацца Катарыне ў сваіх пачуццях.
Паўстала пытанне пра выбар свата. Не доўга думаючы, Радзівіл вырашыў звярнуцца да дзядзькі Альбрэхта. Літоўскі канцлер быў вельмі ўплывовай асобай і жыў тут жа, у Варшаве. Да таго ж князь-канцлер быў каталіком. Хоць каралеўскі сакратар і даў зразумець Янушу, што вера не перашкодзіць яго сватанню, малады князь падумаў, што заступніцтва такога набожнага сваяка лішнім не будзе. І неадкладна адправіўся да князя-канцлера.
Князь Альбрэхт быў у глыбокай жалобе, бо некалькі месяцаў таму пахаваў жонку, з якой пражыў у шлюбе амаль васямнаццаць гадоў. Убачыўшы пляменніка, зноў пачаў скардзіцца яму на сваё гора, раз за разам выціраючы вочы, што адразу ж напаўняліся слязьмі. Паколькі дзядзьку ўжо споўнілася сорак чатыры гады, Януш, суцяшаючы яго, не мог не папракнуць, што, упадаючы ў такі смутак, князь шкодзіць здароўю, і без таго не дужа моцнаму. Здаецца, Альбрэхт прыняў да ўвагі гэты аргумент, таму што нарэшце асушыў слёзы.
— Дык якой паслугі ты, пляменніку, ад мяне хочаш? — спытаў ён. — Бо цябе ж без важнай справы да мяне ў госці і на татарскім аркане не зацягнеш.
— Сапраўды ёсць справа, — запнуўся Януш, — але з павагі да твайго смутку, дзядзька, патрывожу ёю каго-небудзь іншага.
Але князь Альбрэхт меў вельмі дапытлівую натуру і не захацеў адпусціць князя, не даведаўшыся, пра што ідзе гаворка.
— Ты, пляменніку, чужых паважаеш больш за мяне? — горка папракнуў ён. — А я ж твайму бацьку паабяцаў, што на каралеўскім двары табе замест яго буду. Гавары смела, што ў цябе на думцы.
— Жадаю ўзяць сабе за жонку Катарыну Патоцкую, — Януш вельмі ўзрадаваўся, што князь-канцлер праяўляе такую незвычайную для сябе мяккасць. — І хацеў прасіць, каб менавіта ты ўзяў на сябе клопат пагаварыць пра гэта з яе маці.
— Ну што, — падумаўшы, адказаў князь Альбрэхт. — Калі ты, князь, ужо добра ўсё абдумаў, я з радасцю табе прыслужу. Заўтра ж пагавару пра гэта з Фірлееваю…
— Сёння, — рашуча адказаў Януш. — Пан каронны падкаморы дае абед, на якім будзе пані ваяводзіна з дочкамі, і жадае закінуць слоўца за свайго сваяка. Таму добра было б, каб ты, дзядзька, паехаў са мной туды і раней за Казаноўскага перагаварыў з ваяводзінай.
Так і вырашылі. Улічваючы важнасць падзеі, князь Альбрэхт нават скінуў жалобны ўбор, пераапрануўшыся ў святочны. Калі Радзівілы прыбылі ў раскошны палац Казаноўскага, пані ваяводзіна з дочкамі ўжо была там. Пацалаваўшы руку Катарыны, Януш настолькі асмялеў, што затрымаў яе ў сваёй далоні і ўсцешана заўважыў, што яна таксама не спрабавала яе вырваць.
Сёння панна Патоцкая здавалася яшчэ прыгажэйшай, чым звычайна. Нават князь Альбрэхт, як яе ўбачыў, на імгненне застыў, а ўжо за сталом, выпіўшы некалькі куфляў віна, так разышоўся, што, перакінуўшыся з прыгажуняй некалькімі словамі, запрасіў яе на танец. Убачыўшы, што дзядзька зусім забыўся пра мэту іх прыходу, Януш востра нагадаў яму пра гэта. Князь Альбрэхт доўга цёрся, муляўся, але пасля двух напамінаў усё ж адвёў пані ваяводзіну ў ціхі куток і пачаў з ёй шаптацца.