Выбрать главу

Пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, Януш падышоў да Катарыны.

— Ці магу я сказаць міласцівай панне два-тры словы? — спытаў ён.

Дзяўчына пачырванела, але кіўнула. Малодшы Казаноўскі, які стаяў побач, вельмі не хацеў адыходзіць ад іх, таму Радзівіл быў вымушаны пайсці на грубасць.

— Міласцівы пан, — халодна звярнуўся ён да яго. — Я з паннай Патоцкай, а не з табой гаварыць хачу.

Шляхціц насупіўся, але адышоў.

— Дык што ваша княжацкая міласць хоча мне сказаць? — спытала дзяўчына.

— Тое, што прыгажосць яснай паненкі мне так засляпіла вочы, што я, акрамя вас, нікога не бачу…

— Хіба варта так казаць, калі ў вашай міласці ёсць іншая на думцы, — строга сказала Катарына, але так горача паглядзела на князя, што сэрца ў яго ледзь не выскачыла з грудзей.

— Панна мае ласку смяяцца з мяне, — сказаў Януш. — Бо не можа не бачыць, што толькі яна ў мяне і ў думках, і ў сэрцы.

Дзяўчына падняла на яго свае вялікія цёмныя вочы.

— Праўда? — прашаптала ціха-ціха.

— Бог сведка, — шчыра сказаў Радзівіл, які сапраўды сябе не памятаў ад таго гарачага пачуцця, якое зараз напоўніла яго душу да краёў. — Кахаю, кахаю так, што і словамі сказаць не магу… Панна Катарына… Касенька… каханая… скажы, ці ж любіш і ты? Ці ж выйдзеш за мяне?

Вішнёвыя губкі дзяўчыны радасна задрыжалі.

— Пра гэта трэба было б перш з маці, не са мной гаварыць, — усё ж сказала яна.

— Ды дзядзька Альбрэхт цяпер з ёй пра гэта размаўляе, — Януш кіўнуў у бок князя, які да гэтага часу шаптаўся з ваяводзінай.

Катарына трывожна паглядзела на маці, але ўбачыўшы, што тая не адводзіць радаснага позірку ад князя-канцлера, ухвальна ківаючы галавой на кожнае яго слова, шчасліва азірнулася на Януша:

— Выйду…

У князя ад шчасця ў галаве закруцілася. Не памятаючы сябе, ён упаў да ног дзяўчыны, пакрываючы пацалункамі яе рукі…

Вядома, такія паводзіны не засталіся па-за ўвагай прысутных. Імкнучыся не глядзець у бок Казаноўскіх, якія злосна зыркалі на яго, Януш накіраваўся на сваё месца за сталом, але дарогай сутыкнуўся з каралеўскім сакратаром.

— Бачу, ты, твая княжацкая міласць, усё ж паслухаўся маёй парады? — хітра прыжмурыўся святар.

Януш радасна сціснуў яго ў абдымках.

— Хадзем вып’ем, святы айцец, — прапанаваў ён. — Хачу падняць келіх за тваё здароўе.

Вядома, ксёндз радасна пагадзіўся. Ужо абвясцілі адзін за аднаго некалькі здравіцаў, а князь Альбрэхт ніяк не мог нагаварыцца з ваяводзінай. Калі Януш ужо пачаў хвалявацца, той нарэшце прыйшоў, але выглядаў устрывожаным.

— Ёсць трохі цяжкасцей з-за рэлігіі, — заклапочана растлумачыў ён. — Але нічога такога, з чым бы я не здолеў справіцца.

Януш здзіўлена азірнуўся на сакратара, які таксама вельмі здзівіўся такой вестцы.

— Пан ойча, можа, табе як духоўнай асобе ўдалося б хутчэй залагодзіць справу? — спытаўся ён. — А я б на падзяку не паскупіўся.

— Усё зраблю, — сказаў ксёндз, паклаўшы руку на сэрца. — Не ведаю, найяснейшы князь, што гэта за муха ўкусіла ваяводзіну…

— Значыць, пляменнік, мы ўсё вырашым, — рашуча сказаў літоўскі канцлер. — А зараз я б табе раіў ехаць дадому, пан Казаноўскі ўжо ладна выпіў і ваўком на цябе глядзіць. Каб гэтыя госці бядой не скончыліся, бо ты ж ведаеш, як кароль бярэ блізка да сэрца ўсё, што тычыцца яго ўлюбёнца.

— Я хацеў пагаварыць з панам Адамам, — разгублена сказаў Януш. — Але цяпер бачу, што лепш гэтую размову адкласці да раніцы.

З тым ён і пакінуў палац, развітаўшыся толькі з гаспадыняй, таму што пан каронны падкаморы ўжо на нагах не трымаўся.

х х х

На наступную раніцу Януш прачнуўся, калі яшчэ трэція пеўні не спявалі, ахоплены нейкай дзіўнай трывогай. Загадаў прынесці снедаць, але не мог змусіць сябе з’есці хоць кавалачак. Ускочыў тады на каня і панёсся да каралеўскага сакратара. Той яшчэ даглядаў ранішнія сны, але Радзівіл бязлітасна перапыніў гэты занятак.

— То што, пан ойча? — спытаў ён. — Ці ўдалося табе пераканаць ваяводзіну?

Сакратар доўга праціраў вочы, потым яшчэ нейкі час важдаўся ў ложку так, быццам ляжаў на распаленай патэльні, а ўстаючы, яшчэ і надсадна адкашліваўся, гледзячы на Радзівіла так, нібы бачыў яго ўпершыню. Нарэшце сказаў: