Выбрать главу

Пан Адам пачухаў патыліцу. Ён рады быў бы, калі б рука Катарыны дасталася Янушу, але і сварыцца з магутным літоўскім канцлерам не хацеў.

— Мой дарагі князь, — падумаўшы, сказаў ён. — Я ўсё для цябе гатовы зрабіць і нават той мармур, на якім стаю, буду грызці, як загадаеш, аднак не варта мне ўмешвацца ў гэтую справу. Калі хочаш, да пані ваяводзінай я жонку адпраўлю, а табе дапамагу разумнай парадай.

— Кажы ўжо, што маеш на ўвазе, — уздыхнуў Януш, зразумеўшы, што ў гэтай справе можа спадзявацца толькі на сябе.

— Я так сабе думаю, — пачаў Казаноўскі. — Калі князь-канцлер учора за цябе слоўца замаўляў, а сёння, устаўшы з ложка, перадумаў, дык трэба яму перашкодзіць адкрыць свае намеры ваяводзінай. Думаю, адправіць ён да яе таго ліса — каралеўскага сакратара, які спачатку вакол цябе круціўся, а потым перакінуўся да заможнейшага жаніха.

— І я так думаю, — пацвердзіў Януш.

— А дарога да дома ваяводзінай праз мой палац праходзіць, — хітра паведаміў каронны падкаморы. — І хацеў бы — дык не міне. Словам, запрашу я яго ў госці, а ты, братка, тым часам, едзь да ваяводзінай і раскажы пра ўсё, што маеш на сэрцы. Думаю, дзяўчыну яна табе паабяцае, а князь-канцлер, спазніўшыся са сватаннем, ні з чым застанецца.

Януш ахвотна пагадзіўся з такой прапановай, і пан Казаноўскі тут жа адправіў слугу выглядаць ксяндза. Доўга чакаць не прыйшлося — праз паўгадзіны той паведаміў, што каралеўскі сакратар чакае яго ў вітальні.

— Вярніся ж назад і ціхенька замкні дзверы, — загадаў слугу пан Адам. — А сам стань каля іх, пільнуй, каб хто-небудзь з маіх хатніх гэтага птаха без мяне не выпусціў. Ну, дружа мой, я сваю справу, лічы, зрабіў, — паведаміў ён Янушу, які трохі павесялеў ад гэтай прыгоды. — Цяпер ты рабі сваю, і хай табе бог дапамагае.

Атрымаўшы такое блаславенне, малады Радзівіл адправіўся да Патоцкіх.

Пані ваяводзіна толькі ўстала з ложка, калі ў пакой уварваўся князь Януш і, упаўшы да яе ног, стаў горача маліць аддаць за яго дачку. Карыстаючыся разгубленасцю жанчыны, ён з жарсцю расказваў ёй пра сваё каханне да панны Катарыны, пра шчырасць якога ёй учора ўжо гаварыў князь Альбрэхт.

Ваяводзіна слухала яго, лыпаючы вачыма.

— Учора князь-канцлер мяне за сябе прасіў, — нарэшце сказала яна. — А калі я яму сказала, што ты ўжо даўно на маю Касеньку пазіраеш, заўважыў, што грэх мне такую набожную дачку замуж за ерэтыка аддаваць, тым больш, што і твой бацька табе іншую ў жонкі прызначыў.

Януш ледзьве розум не згубіў, пачуўшы такое.

— Бацька мне некалькіх дзяўчат называў, сярод якіх і панна Катарына была, — схлусіў ён. — І маёй любові перашкаджаць ён не стане. А вам, мая міласцівая пані, я так скажу, што ніхто гарачэй за мяне вашу дачку кахаць не будзе.

— Божа мой! — заламала тады рукі пані ваяводзіна. — Што ж я цяпер магу зрабіць, калі паабяцала ўжо яе князю-канцлеру?

Атрымаўшы такі адказ, Януш пакінуў яе дом. Пан Абрахамовіч, што чакаў таварыша, толькі ўбачыўшы яго сумны твар, ужо зразумеў, што адбылося.

— Няўжо ты, князь, так лёгка адступішся? — спытаў ён.

— Не, — сказаў Радзівіл, сціснуўшы зубы. — Паеду зараз да караля, упаду яму ў ногі і папрашу заступіцца. Калі ёсць хоць каліва праўды ў той любові, якую ён да мяне заўсёды на словах выказваў, ён стане на мой бок. А ты, сябра, едзь да пана Казаноўскага і скажы, што ўжо можа выпускаць таго ксяндза… Каб яму чэрці ў пекле маю крыўду на шкуры прапісалі!

х х х

Кароль Уладзіслаў прыняў Радзівіла, не зважаючы нават на падагру, якая прыносіла яму нямала пакут.

— О, мой дарагі падкаморы, — сказаў ён, выслухаўшы Януша. — Калі б не праклятая хвароба, што мяне ў ложку трымае, сам бы з задавальненнем заняўся тваёю справаю. Але не журыся, бо даручу гэта каралеве.

Зараз жа паклікаўшы маладую жонку, кароль загадаў ёй выклікаць у палац ваяводзіну з дачкой і пагаварыць з абедзвюма.

Цэцылія Рэната не была прыгажуняй. Падчас першай сустрэчы Уладзіслаў з цяжкасцю стрымаў расчараванне знешнасцю жонкі і потым доўга лаяў імператарскага мастака і аўстрыйскага пасланца, якія добрым пэндзлем і ліслівымі словамі ўгаварылі караля ажаніцца. Любоў да Ядвігі Лушкоўскай таксама не спрыяла шлюбным адносінам. Але маладая каралева, якая нічога пра гэта не ведала, яшчэ цешыла сябе думкай, што зможа заслужыць каханне мужа і прыхільнасць падданых. Яна з радасцю ўзялася выконваць каралеўскае даручэнне, нібы ад заручын Радзівіла залежала яе ўласнае шчасце. А пакуль пасланец Цэцыліі Рэнаты дабіраўся да Марыі, а затым яны з дачкой спяшаліся ў палац, Януш, не губляючы часу, наведаў яшчэ і сястру караля Ганну Катарыну, якая таксама ўзяла блізка да сэрца яго клопат і паабяцала спрыяць каханню як толькі зможа. Прыбыў у палац і пан Адам Казаноўскі, ад якога пра гэтую гісторыю даведаўся ўвесь каралеўскі двор.