— Хутка пакахаў, хутка і раскахаць можа, — пачала ваяводзіна, але змоўкла, убачыўшы князя-падкаморага, які, вядома, чуў усю гэту гаворку.
— Падвойны пасаг і я на ўласных землях запісаць магу, нават не пытаючыся бацькі, — кусаючы вусны, сказаў Януш. — Што да веры, дык я ніякага ўціску маёй жонцы ніколі рабіць не буду. І пагаджуся на тое, каб нас ксёндз вянчаў. Аб адным прашу, пані-матка, каб не зрабілі гора ні мне, ні сваёй дачцэ, якой у шлюбе з нялюбым шчасця не будзе.
Для ўдавы ўвесь свет перавярнуўся. Януш маліў, Катарына рыдала, каралеўскія словы таксама яшчэ не выйшлі ў яе з галавы, але багацце князя-канцлера моцна сляпіла вочы. Таму, закрыўшы вушы рукамі, ваяводзіна сказала:
— Як кароль скажа, так і зраблю. А без яго загаду ад слова, якое дала князю-канцлеру, адступіцца не магу.
Пачуўшы такое, Януш падышоў да Катарыны, якая за слязьмі свету белага не бачыла.
— Не журыся, мая наймілейшая панна, — пяшчотна сказаў ён. — Калі б каханне толькі для мяне вагу мела, я б змірыўся з воляй тваёй маці. Аднак цяпер бачу, што яе рашэнне — і для цябе гора. Прысягаюся, што дзеля нашага шчасця я белы свет уверх дном перавярну і ўсю Літву падыму, калі трэба будзе… Толькі ты кахай мяне, мілая. А як кароль ці каралева заўтра спытаюць, за каго хочаш замуж, свайго сэрца слухай, а не матчынай парады.
— Божа, злітуйся! — крыкнула пані ваяводзіна, пачуўшы гэтыя словы. — Дзе хто чуў такое, каб дачку супраць маці настройваць?
Але Катарына выцерла слёзы і, пяшчотна ўсміхаючыся, кіўнула.
Наступнага ранку Януш панёсся да каралеўскага двара. Каралю ўжо даклалі аб заручынах літоўскага канцлера, таму ён, не жадаючы сварыцца з князем Альбрэхтам, прыняў яго пляменніка халадней, чым учора, і параіў змірыцца з тым, што адбылося. Пачуўшы гэта, Януш пагрозліва выпрастаўся.
— Я, мой кароль, не пасады нейкай прашу, а за каханне заступаюся, — сказаў ён, ледзь стрымліваючы гнеў. — За маю крыўду ўся Літва паўстане, бо мой бацька не забудзе такой абразы!
Уладзіслаў задумаўся. У гневе біржанскія Радзівілы былі страшныя, і кароль добра памятаў грозныя часы, калі дзядзька літоўскага падкаморага ледзь не скінуў карону з галавы яго бацькі. Праўда, ён не верыў, што можа дайсці да новага рокашу, бо добра бачыў, што гэта не Януш, а яго гора так гаворыць. Але хто яго ведае, на што здольная закаханая маладосць, здраджаная ў сваіх самых шчырых спадзяваннях? Кароль не хацеў псаваць адносін з літоўскім падкаморым, а тым больш з князем Крыштафам, у чыёй дапамозе меў патрэбу, каб пасадзіць брата Яна Казіміра на курляндскі пасад, што пасля смерці герцага заставаўся без прамога спадкаемца.
— Ды напрамілы бог, князь! — прымірэнча загаварыў ён. — Князь-гетман, вядома, жадае шчасця свайму сыну не менш, чым Фірлеева дбае пра дабрабыт дачкі…
— Канечне, дбае! — крыкнуў Януш. — Калі б не тыя староствы, якімі ваша вялікасць канцлера ўзнагародзіў і якія ён абяцае перадаць будучай жонцы, усё б інакш павярнулася.
— А вось гэтага я не дапушчу, — нахмурыўся кароль і, запрасіўшы да сябе Цэцылію Рэнату, загадаў ёй зноў паклікаць ваяводзіну ў палац.
Радзівіл выйшаў з каралеўскай спачывальні ўслед за каралевай.
— Найяснейшая пані, — звярнуўся ён да яе. — Ганебным будзе ваша праўленне, калі ў самым яго пачатку не зможаце свайго дамагчыся.
Цэцылія Рэната ганарліва выпрасталася.
— Не сумнявайцеся, князь, — запэўніла яна. — Зраблю ўсё магчымае для вашага шчасця і спакою.
Паслалі па ваяводзіну. Пакуль чакалі яе прыбыцця, у палац прыехаў князь-канцлер, які імкнуўся пабачыцца з каралём. Аднак, даведаўшыся, што каралева зноў запрасіла да сябе ваяводзіну, вырашыў перахапіць яе да аўдыенцыі, каб перамовіцца. І застаўся дзяжурыць у пярэдніх пакоях.
Януш таксама выйшаў сустракаць пані Марыю, але, убачыўшы дзядзьку, які нервова расхаджваў каля дзвярэй, папрасіў у каралевы дазволу прывесці ваяводзіну бакавым ходам. Атрымаўшы згоду, непрыкметна выслізнуў на двор і, сустрэўшы карэту ваяводзінай, урачыста правёў жанчыну да каралевы. Уражаны нахабствам пляменніка, князь Альбрэхт абурана назіраў за ім з акна палаца, але ўжо не мог нічога зрабіць…
Гутарка ваяводзінай з каралевай зацягнулася, так што князь-канцлер паспеў і пасердаваць, і стаміцца ад чакання, і прагаладацца. Таму ён з’ехаў дадому, вырашыўшы з’явіцца ў Фірлеевай на дамоўленую ўчора вячэру. Януш, які трывожыўся за ўласную будучыню і зусім забыўся пра ежу, застаўся ў палацы.